Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лукашэнка павінен пазвальняць прыдворных юрыстаў, якія не замацавалі пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ў Канстытуцыі 1996 году”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У Менску працягваецца галадоўка дэпутатаў Нацыянальнага сходу Валерыя Фралова, Уладзімера Парфяновіча і Сяргея Скрабца, а таксама шэрагу грамадзкіх актывістаў, якія далучыліся да яе пазьней. Нашыя слухачы ў сваіх лістах працягваюць абмяркоўваць гэтую сытуацыю.

“Думаю, нават для тых людзей, якія ведаюць пра галадоўку дэпутатаў, ня надта зразумелая яе мэта, — піша Васіль Жаўняровіч зь Менску. — Выбарчае заканадаўства для асноўнай масы народу — штосьці далёкае, абстрактнае і незразумелае. Вось калі б дэпутаты галадалі супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі — была бы іншая справа.

Людзі бачаць, што Лукашэнка не зьбіраецца сыходзіць. І вельмі многіх гэта раздражняе, нават тых, хто да Лукашэнкі ставіцца абыякава, альбо нават з сымпатыяй. Узурпатараў у нас ня любяць. І калі рэфэрэндум пра трэці тэрмін сапраўды будзе сумленны, Лукашэнка яго прайграе. Галоўнае, каб уладам не ўдалося задурыць людзям галоваў. Напэўна ж, Лукашэнка пастараецца, каб пытаньне было сфармулявана якім-небудзь хітрым чынам, а то і ўвогуле вынесе на рэфэрэндум які-небудзь новы праект Канстытуцыі, у якім галоўнае для яго пытаньне будзе схаванае сярод сотні іншых. Увогуле, вельмі дзіўна, як гэта ён не замацаваў пажыцьцёвага прэзыдэнцтва яшчэ ў 1996 годзе. Пазвальняць цяпер трэба ўсіх прыдворных юрыстаў, якія рыхтавалі тую канстытуцыю. А яны ж у свой час нават узнагароды ды званьні атрымалі”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Васіль Жаўняровіч зь Менску.

Ня думаю, спадар Жаўняровіч, што ў ініцыятараў магчымага рэфэрэндуму надта шмат шанцаў на тое, каб замаўчаць альбо схаваць сваю сапраўдную мэту і галоўнае пытаньне — пытаньне пра захаваньне ўлады ў руках аднаго чалавека, які на момант заканчэньня сваіх паўнамоцтваў будзе кіраваць Беларусьсю ўжо больш як дванаццаць год. Сапраўдную мэту рэфэрэндуму большасьць людзей у Беларусі, хутчэй за ўсё, ведае ўжо сёньня. І наконт грамадзкай думкі ў гэтай справе вашае, спадар Жаўняровіч, меркаваньне, на маю думку, цалкам слушнае.

Час пажыцьцёвых валадароў у нашай частцы кантынэнту мінуў. Ніводзін з кіраўнікоў усходнеэўрапейскіх краінаў не адважыўся за апошняе дзесяцігодзьдзе на маніпуляцыі з Канстытуцыяй дзеля таго, каб застацца пры ўладзе пасьля вызначаных законам тэрмінаў. Ад такой ідэі публічна адмовіліся нават Уладзімер Пуцін і Леанід Кучма. І калі Аляксандар Лукашэнка ўсё ж наважыцца ўтрымліваць уладу пасьля 2006 году, гэта будзе выклікам нават суседзям і саюзьнікам і прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі Беларусі ў сьвеце.

Ліст ад Уладзімера Крушкіна з Магілёва — пра падзеі ў Іраку. Слухач піша:

“Каб на сёньняшні дзень вярнуць Ірак у стан спакою, спатрэбіцца не адзін год і вялізныя грошы. З часу акупацыі Іраку пайшоў ужо другі год. Шмат памылак там нароблена. Многія высокапастаўленыя начальнікі павінны былі бы пайсьці за гэта пад суд. Вы, Радыё Свабода, таксама шмат у чым вінаватыя — за тое, што падтрымлівалі тую вайну”.

Мы, спадар Крушкін, стараліся аб’ектыўна інфармаваць сваіх слухачоў пра тое, што адбывалася ўвесь гэты час у Іраку і вакол яго. Расказвалі й пра памылкі, і пра злачынствы, і пра пакараньне тых, хто ў гэтых злачынствах і памылках вінаваты. Улада ў Іраку, як вы, напэўна, ведаеце, ужо празь некалькі тыдняў будзе перададзеная самім іракцам, цывільнай адміністрацыі. Народ пасьля многіх дзесяцігодзьдзяў дыктатуры Садама Хусэйна здабудзе шанец выбраць уладу дэмакратычным шляхам. Пра гэты вынік вайны таксама варта памятаць.

Ліст ад Анатоля Жэрдзева з Гомеля. Слухач піша:

“Пачуў па Свабодзе, як нейкі слухач па тэлефоне даводзіў, што Менск таму выглядае эўрапейскім, што яго будавалі немцы, палонныя. Гэтага тэлефанаваньня я бы наогул ня даў у эфір, улічваючы антынямецкі мэнталітэт значнай часткі беларусаў. Грэбаваць гэтымі слухачамі ня трэба, а камэнтаваць варта. Палонныя немцы на будоўлях выкарыстоўваліся толькі як рознарабочыя. Аніводзін зь іх ня быў брыгадзірам, прарабам, ці тым больш архітэктарам. Архітэктурна-будаўнічыя стандарты тады былі ня горшыя за эўрапейскія, бо кіраўнікі СССР цешыліся думкай панаваць ва ўсім сьвеце, а дзеля гэтага патрэбна была паказуха.

Але з прыходам Хрушчова выйшла пастанова ЦК КПСС “Об архитектурных излишествах”. З таго часу зьніклі лепныя ўпрыгожаньні з фасадаў, зьменшылася адлегласьць ад столі да падлогі. Хрушчоўская архітэктура запанавала ў СССР у выглядзе вялікіх чамаданаў з вокнамі. За генсэкамі пагоршыліся ня толькі стандарты, але і стаўленьне людзей да працы. Калі параўнаць якасьць будаўнічых работаў, выкананых нашымі дзядамі ды бацькамі, то лёгка заўважыць істотную розьніцу ў якасьці. Дзьверы ды вокны, зробленыя ў 1920–30-я гады, лёгка ды шчыльна зачыняліся, падлогі былі бяз шчылін, роўныя. Бо тыя работнікі былі выхаваныя грамадзтвам, дзе была адказнасьць за якасьць. А ў СССР на якасьць не зважалі, там быў брыгадны мэтад поўнай безадказнасьці”.

Сапраўды, спадар Жэрдзеў, панылы, убогі выгляд маюць цэлыя гарадзкія раёны, што забудоўваліся практычна ва ўсіх былых савецкіх гарадах у 1950–70-я гады. Зьнікла тады ня толькі архітэктурная пампэзнасьць сталінскага псэўдаклясыцызму, але і тое, што празьмернасьцю не было: надзейнасьць і даўгавечнасьць будаўнічых канструкцыяў, зручнасьць планіровак. Але ў стваральнікаў так званых “хрушчовак” была свая лёгіка: бяз даху над галавой былі мільёны людзей. Жыльля ў стылі сталінскай архітэктуры ім давялося бы чакаць да канца жыцьця. А “хрушчоўкі” — хоць і непрыгожыя, і няякасныя, і цесныя — былі ўсё ж асобнымі кватэрамі, атрымаць якія быў шанец цягам некалькіх гадоў. І людзі былі шчасьлівыя, пераяжджаючы ў гэтае жыльлё з баракаў і цесных камуналак. Іншая рэч, што тады, пяцьдзясят год таму, ня надта задумваліся, якія праблемы створаць гэтымі “хрушчоўкамі” нашчадкам.

Эдуард Самусевіч зь вёскі Вішнявец Стаўпцоўскага раёну піша:

“Вось вы, Валянцін, сказалі: вашае радыё нэўтральна ставіцца да ўсіх. Дык чаму тады назва “Свабода”? Для каго гэтая свабода — толькі для работнікаў радыё? У Беларусі толькі і засталося заглушыць Радыё Свабода, усё астатняе ўжо зьнішчана і прыціснута. Вашыя хвалі ў любы момант могуць выціснуць Лукашэнкавы прапагандысты — нават без “глушылак”. Так што вам трэба быць пільнымі. Прапаную адкрыць рубрыку “Народ хоча ведаць праўду”. Для пачатку няблага было б, каб вы распавялі слухачам, з кім касманаўт Кавалёнак унёс у 1991 годзе ў Вярхоўны Савет бел-чырвона-белы сьцяг? І чаму трымаюцца ў сакрэце зьвесткі пра радню Аляксандра Лукашэнкі, пра ягоныя карані?”

Ня бачу, спадар Самусевіч, супярэчнасьці ў тым, што радыё мае назву “Свабода” і пры гэтым захоўвае незалежнасьць ад розных палітычных і грамадзкіх сілаў. Лічым, што гэтак і павінна быць, каб мець давер слухачоў і распаўсюджваць разнастайную грамадзка значную інфармацыю. Што да вашай ідэі стварыць рубрыку “Народ хоча ведаць праўду” — то пад такім дэвізам, дзеля такой мэты павінен працаваць любы журналісцкі калектыў. Праўдзівыя навіны людзі павінны даведвацца ня толькі з адной рубрыкі. Зададзеныя вамі, спадар Самусевіч, канкрэтныя пытаньні ня надта актуальныя: на гэтую тэму шмат было сказана цягам мінулых гадоў, і наўрад ці ёсьць сэнс вяртацца да яе, калі на тое няма значных інфармацыйных падставаў.

На заканчэньне — урывак зь ліста Фелікса Шкірманкова са Слаўгараду. Ён піша:

“Як добра, што вы ёсьць, што дзякуючы вам не губляецца надзея ўбачыць Беларусь вольнай, дэмакратычнай краінай, якую прыме да сябе аб’яднаная Эўропа”.

Слухач даслаў некалькі сваіх вершаў. У адным зь іх ёсьць такія радкі:

“Скажы, няўжо яшчэ ня скора Настане прасьвятленьня час, Які прымусіць урэшце нас Парваць і скінуць страху путы? Ці яшчэ большыя пакуты Наканаваны на гады? Дзе выйсьце з гэтае бяды?”

Дзякуй, спадар Шкірманкоў, за добрыя словы. Што да вашых пытаньняў, то адказы на іх шукае мноства людзей. Спадзяюся, што нямала іх знаходзяць гэтыя адказы ў праграмах Беларускай Свабоды.

Удзячныя ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG