Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 13 і 14 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 13 і 14 чэрвеня.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

13 чэрвеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ерамей. “Прыйшоў Ерамей – больш ня сей”, – казалі ў народзе. Ерамей азначаў канец усялякай сяўбы.

13 чэрвеня 1883 году прыйшоў на сьвет Натан Рубінштэйн, чалавек, які адыграў важную ролю ў гісторыі беларускай музыкі. Музыколяг Юлія Андрэева піша пра яго ў часопісе “Архэ”: “Новая эпоха ў музычным жыцьці Менску распачынаецца зь вяртаньнем у Менск маладога скрыпача і дырыжора Натана Рубінштэйна. Ён быў карэнным менчуком, вышэйшую музычную адукацыю атрымаў у Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыі. Менавіта Рубінштэйн быў ініцыятарам стварэньня і першым дырэктарам Менскага музычнага вучылішча, што адчынілася ў 1907 годзе. Ён праводзіў клясу скрыпкі, а таксама выкладаў тэорыю музыкі і сальфэджыё. З 1909 году ў Менску ім рэгулярна праводзіліся сымфанічныя канцэрты». Канец цытаты. У 20-я гады Рубінштэйн пераехаў у Маскву. Што зь ім адбылося далей – невядома.

13 чэрвеня 1889 году – дзень нараджэньня героя Слуцкага антыбальшавіцкага паўстаньня Паўла Жаўрыда. У ягонай энцыкляпэдычнай даведцы таксама няма пэўнае даты завяршэньня жыцьця.

А зараз пра адметнасьці сёньняшняга календара.

14 чэрвеня нашыя продкі ўшаноўвалі Юстына і Харытона. У гэты час селянін звычайна аглядаў свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: “Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон – лён”.

14 чэрвеня ў розныя гады нарадзіліся беларускі гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі (ён прыйшоў на сьвет у Рэчыцы) і слынны сьпявак Міхал Забэйда-Суміцкі, ягоная радзіма – вёска Шэйпічы ў цяперашнім Пружанскім раёне.

А яшчэ 14 чэрвеня ў 1928 годзе нарадзіўся Эрнэста Чэ Гевара. Бадай, цяжка знайсьці ў сусьветнай гісторыі асобу, да якой было б такое палярнае стаўленьне нашчадкаў. Маладыя людзі ў майках з партрэтамі Чэ Гевары лічаць гэтага лацінаамэрыканскага паўстанца эталёнам “новага чалавека”, Прамэтэем свабоды і справядлівасьці. Для іншых ён – авантурыст, тэарэтык і практык міжнароднага тэрарызму. Нейкі час Чэ Гевара пабыў дырэктарам нацыянальнага банку і міністрам прамысловасьці ва ўрадзе Фідэля Кастра на Кубе, але ня ўседзеў на месцы і адправіўся кіраваць партызанамі ў Балівію. Там ён быў захоплены ў палон і забіты ў 1967 годзе.
XS
SM
MD
LG