Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі “Пэрспэктывы” наведалі галадоўнікаў


Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутатаў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча наведалі сябры рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Яны паінфармавалі галадоўнікаў пра падрыхтоўку да агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў.

Прадпрымальнікі з Гомелю, Віцебску, Бабруйску, Наваполацку, Жодзіна, Барысава і іншых гарадоў прыехалі да галадоўнікаў у панядзелак. Паводле старшыні “Пэрспэктывы” Анатоля Шумчанкі, у Менску прайшоў чарговы сход сябраў гэтай арганізацыі.

(Шумчанка: ) “Мы прыехалі падтрымаць дэпутатаў-галадоўнікаў, выказаць ім словы падтрымкі. Мы выкажам падтрымку ня толькі на словах, а і дзеяньнямі: 17 чэрвеня аднадзённым страйкам прадпрымальнікаў. Людзі рыхтуюцца, інфармацыя распаўсюджаная і да прадпрымальнікаў даведзеная. Паглядзім, якая будзе рэакцыя ў народу. Я думаю, яна павінна быць не адмоўнай, а станоўчай у пляне падтрымкі акцыі”.

Зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца сутыкацца арганізатарам страйку распавяла сябра “Пэрспэктывы” з Гомелю Тацяна Марчанка:

(Марчанка: ) “Пэрыядычна інфармацыю пра тое, што галадуюць людзі, мы расклейваем на сваім Цэнтральным рынку, але яна там затрымліваецца на паўгадзіны-гадзіну. Нехта прыходзіць і пэрыядычна яе зрывае. Магчыма, ахова рынку, магчыма, міліцыянты, яны таксама на рынку ёсьць”.

Аднак інфармацыя пра палітычную галадоўку распаўсюджваецца, людзі ставяць подпісы пад зваротам да Нацыянальнага сходу ў падтрымку патрабаваньняў галадоўнікаў. Як гэта адбываецца ў Пінску, распавядае сябра “Пэрспэктывы” Сяргей Касьцюковіч:

(Касьцюковіч: ) “Сабралі подпісы літаральна цягам двух-чатырох гадзін. У Пінску, упэўнены, усе тры рынкі падтрымаюць, мы плянуем сабрацца на Цэнтральным рынку, прадпрымальнікі ўсіх трох рынкаў, і выкажам вам падтрымку”.

Якія настроі ў Рэчыцы, распавёў дэпутатам прадпрымальнік Леанід Невар:

(Невар: ) “Практычна прадпрымальнікі Рэчыцы вас поўнасьцю падтрымліваюць. Я спадзяюся, што ўсе спыняцца. Я ўжо казаў на рынку — стаіць палітычнае пытаньне, калі мы раней былі асобна ад палітыкі, цяпер гэта зьвязана з палітыкай. Мы вызначаемся 17 чэрвеня — хто ёсьць хто. Мяне гэтая ўлада не задавальняе, я ўжо шэсьць месяцаў бяз працы з прычыны гэтай улады”.

Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да страйку ў Лепелі, распавёў сябра “Пэрспэктывы” Алег Тычына:

(Тычына: ) “ Інфармацыя пра галадоўнікаў разьнесеная ўсім, ад старшыні гарвыканкаму да сілавых структураў, прадпрымальнікаў і насельніцтва. У асноўнай масе, 60 працэнтаў насельніцтва, падтрымліваюць галадуючых дэпутатаў, і галоўнае, яны падтрымліваюць першы пункт патрабаваньняў: “Не — трэцяму тэрміну”.

Пра гатоўнасьць страйкаваць прадпрымальнікі выказваюцца і ў іншых гарадах. Дэпутат Валеры Фралоў выслухаў сяброў “Пэрспэктывы” і адзначыў:

(Фралоў: ) “Дзякуй Богу, што лёс нас з вамі зьвёў, гэта цудоўна. Вы ў адрозьненьне ад многіх калясальную працу праводзіце. Гэта наша агульная справа: хто, калі ня мы? Мы працуем на сваю краіну. Аляксандар Рыгоравіч казаў: калі выйдзе больш за сто тысяч, я пакіну сваю пасаду. Вось наша задача — гэта стварыць”.
XS
SM
MD
LG