Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі не атэставала Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт


Альгерд Невяроўскі, Менск У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце скончылася атэстацыйная праверка, арганізаваная Міністэрствам адукацыі. Нягледзячы на станоўчыя водгукі аб працы ЭГУ сябраў камісіі, яе старшыня заявіў, што ўнівэрсытэт атэстацыю не прайшоў. Супрацоўнікі ЭГУ лічаць гэта чарговым захадам улады ў барацьбе з унівэрсытэтам.

У працы атэстацыйнай камісіі Мінадукацыі, якая 17 дзён правярала працу Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, бралі ўдзел 56 экспэртаў. Падчас выніковага паседжаньня большасьць сябраў камісіі ў цэлым далі станоўчую ацэнку працы калектыву ЭГУ і ўзроўню ведаў студэнтаў. Зусім іншую пазыцыю заняў старшыня атэстацыйнай камісіі Ўладзімер Самусевіч. Гэты чыноўнік ня лічыць магчымым атэставаць ЭГУ сёлета. Прычынай такога рашэньня стала тое, што атэстацыю не прайшоў факультэт эканомікі. У часе атэстацыйнага іспыту адзін зь пяці студэнтаў гэтага факультэту атрымаў нездавальняючую адзнаку і панізіў ніжэй за норму адсотак пасьпяховасьці студэнтаў усяго ўнівэрсытэту.

Вось што сказаў з гэтай нагоды начальнік Дэпартамэнту кантролю якасьці Міністэрства адукацыі Валер Аўсяньнікаў:

(Аўсяньнікаў: ) “Ёсьць палажэньне аб атэстацыі вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў. І паводле гэтага палажэньня, калі хаця бы адна спэцыяльнасьць не атэставаная ў сілу якасьці ведаў студэнтаў, то ўнівэрсытэт ня можа быць атэставаны. Нас цікавіць адсотак. А гэты паказьнік складае 85% станоўчых адзнакаў. Калі гэты адсотак ніжэй за 85, значыць, спэцыяльнасьць не атэставаная. У гэтым выпадку адсотак ніжэйшы і ВНУ ня можа быць атэставаная”.

Чыноўнікі таксама лічаць, што ЭГУ не адпавядае тыпу ўнівэрсытэту і ягоны статус павінен быць паніжаны. На іх думку, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце трэба абмежаваць рэалізацыю экспэрымэнтальных праграмаў — ў тым ліку супрацоўніцтва з замежнымі ВНУ. Выкладчыкам жа ЭГУ кіраўнік атэстацыйнай камісіі раіць падняць узровень выхаваўчай работы са студэнтамі.

Дарадца рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргей Панькоўскі лічыць, што адмова ў атэстацыі ёсьць чарговым крокам уладаў дзеля таго, каб ліквідаваць унівэрсытэт:

(Панькоўскі: ) “Я думаю, і гэта становіцца відавочным, у комплексе ўсіх іншых дзяржаўных дзеяньняў, што праводзяцца апошнія месяцы, улады хочуць ліквідаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у тым выглядзе, у якім ён існуе. Мяркуючы па дзеяньнях уладаў, унівэрсытэт яны лічаць пагрозай”.

Нагадаю, што некалькі месяцаў таму міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў спрабаваў адправіць у адстаўку рэктара ЭГУ акадэміка Анатоля Міхайлава і спыніў гэтыя спробы толькі пасьля дэмаршу амбасадараў краінаў Эўразьвязу і ЗША. Пасьля працяглы час унівэрсытэт ня мог атрымаць новай ліцэнзіі. Супрацоўнікі ЭГУ не выключаюць, што цяпер ім увогуле забароняць праводзіць новы набор студэнтаў.

Кіраўнік дэпартамэнту Мінадукацыі Валер Аўсяньнікаў адмову ў атэстацыі ЭГУ ня лічыць спробай ліквідацыі. Паводле яго, у ЭГУ ёсьць час цягам году, да паўторнай атэстацыі, выправіць недахопы ў навучальным працэсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG