Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Die Tageszeitung”: “Галадоўка ў імя выбараў”


Ул. інф. Камэнтуючы апошнія падзеі ў Менску, нямецкія аглядальнікі называюць галадоўку, распачатую дэпутатамі групы “Рэспубліка”, да якой з кожным днём далучаюцца ўсё новыя беларусы, надзвычайнай формай пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Як вынікае з шэрагу распаўсюджаных для прэсы заяваў сябраў Бундэстагу ад самых розных палітычных партыяў, падобная акцыя мае рэальную пагрозу для жыцьцяў галадоўнікаў, а таму беларускі ўрад мусіць пайсьці насустрач іхным патрабаваньням.

“Галадоўкай у імя выбараў” называюць акцыю палітычных апанэнтаў Лукашэнкі журналісты вядучых нямецкіх выданьняў. Паводле бэрлінскай “Die Tageszeitung”, беларускія парлямэнтары Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч абралі ў якасьці пратэсту такую надзвычайную форму супраціву дзеля таго, каб зьмяніць Выбарчы кодэкс, які дае рэжыму магчымасьці для фальсыфікацыяў у часе маючай адбыцца выбарчай кампаніі. Таксама дэпутаты групы “Рэспубліка” патрабуюць вызваленьня Міхаіла Марыніча, які 28 красавіка быў арыштаваны КГБ.

“Die Tageszeitung” прыводзіць словы Валера Фралова пра тое, што асобы, якія спынілі ягоны выступ у парлямэнце, мусяць несьці адказнасьць за неабмежаваную ўладу Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Валера Фралова, кіраўніцтва краіны ўжывае гвалт і рэпрэсіі супраць тых, хто бярэ на сябе мужнасьць гэта крытыкаваць.

Тым часам відавочна, што беларускі прэзыдэнт, чый рэйтынг паступова падае, не зацікаўлены ў зьменах Выбарчага кодэксу. У выніку ў краіне, падобна таму, як гэта назіралася ў 2000 годзе, робяцца ўсялякія захады дзеля таго, каб істотна абмежаваць правы апазыцыі ў выбарчай кампаніі. Відавочна, што Аляксандру Лукашэнку неабходныя ляяльныя дэпутаты. Цяпер ніхто ня верыць у тое, што аўтакрат добраахвотна пакіне свае пазыцыі, — піша нямецкая газэта. Крытыкі рэжыму не выключаюць, што Лукашэнка правядзе чарговы рэфэрэндум, у выніку чаго прэзыдэнт зможа быць абраны праз рашэньне парлямэнту.

Сябра партыі нямецкіх “зялёных”, дэпутатка Бундэстагу Элізабэт Шродэр бачыць у галадоўцы беларускіх дэпутатаў жэст адчаю: “Я спадзяюся, што насельніцтва краіны абудзіцца, і ўсё гэта прывядзе да магутнай хвалі салідарнасьці”, — кажа яна карэспандэнту “Die Tageszeitung”. Беларускі парлямэнтар Уладзімер Парфяновіч такіх ілюзіяў ня мае. Ён таксама ня верыць i ў станоўчы фінал падобнай акцыі для групы “Рэспубліка”, нягледзячы на тое, што парлямэнт пры канцы месяца зьбіраецца выставіць прапанову Фралова на разгляд. Паводле Парфяновіча, дэпутаты так ці інакш заблякуюць гэты праект, — піша “Die Tageszeitung”.

Тым часам такія вядомыя нямецкія палітыкі як Ута Цапф і Герман Гроэ настойваюць, каб нямецкі ўрад прысьпешыў Менск накіраваць афіцыйныя запрашэньні на выбары для назіральнікаў АБСЭ. Сябры Бундэстагу патрабуюць ад кіраўніцтва Нямеччыны ўзяць пад пільны кантроль беларускую сытуацыю з тым, каб у гэтае апошняй дыктатуры Эўропы адбылася празрыстая выбарчая барацьба і прайшлі дэмакратычныя выбары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG