Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі, распачатай дэпутатамі парлямэнту, далучыліся чацьвёра віцебскіх сябраў АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск Яшчэ трое іхных аднапартыйцаў распаўсюджваюць адмыслова складзеныя ўлёткі, каб пра акцыю пратэсту даведалася як мага большая колькасьць віцяблянаў.

Галадоўнікі Эла Канавалава, Іна Сяткоўская, Тацяна Зайкова ды Фёдар Бакуноў распачалі сваю акцыю сёньня а 9-й раніцы.

(Бакуноў: ) “Спачатку мы меркавалі праводзіць галадоўку ў офісе гарадзкое арганізацыі АГП, бо хацелі, каб людзі маглі заходзіць да нас, размаўляць з намі. Але мы баімся наступных праблемаў — баімся, што нас пазбавяць офісу, бо нашыя ўлады ледзьве трываюць наяўнасьць апазыцыі. Таму вырашылі галадаваць на кватэры. Наш адрас: вуліца “Праўды”, дом 53а, кватэра 58. Мы запрашаем усіх неабыякавых людзей заходзіць сюды!”

Каб пра галадоўку пратэсту даведаліся ў горадзе, ці хаця б у найбліжэйшым мікрараёне, Тацяна Зайкова зрабіла плякат, які вывесілі з акна кватэры на пятым паверсе.

(Зайкова: ) “Мы напісалі пра прычыны нашае галадоўкі: пра тое, што мы падтрымліваем Марыніча, пратэстуем супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну і патрабуем зьменаў у Выбарчым кодэксе — каб выбары болі больш адкрытымі. Такія плякаты мы павесілі дома, і яшчэ адзін, агульны, напісалі вялікімі літарамі на прасьціне ды вывесілі на вуліцу. Каб людзі ведалі, што адбываецца ў гэтай кватэры, заходзілі да нас. Мы не выключаем, што да нас могуць завітаць і прадстаўнікі праваахоўных органаў. Нас падтрымлівае праваабаронца Валеры Шчукін, які распавёў нам пра нашыя правы, і цяпер мы гатовыя да ўсяго!”

Удзельніца акцыі пратэсту Іна Сяткоўская распавяла, што яшчэ трое сябраў АГП вырабілі адмысловую улётку, дзе распавядаецца пра галадоўку, і некалькі соцень такіх улётак будзе раздадзена сёньня на віцебскіх вуліцах ды ў грамадзкім транспарце.

(Сяткоўская: ) “Сябры нашай арганізацыі выдалі улётку, дзе распавядаецца пра галадоўку ў Менску, пра нашую ініцыятыву ў Віцебску, і цяпер распаўсюджваюць гэтую ўлётку, каб людзі мелі праўдзівую інфармацыю, каб маглі нас падтрымаць. Мы будзем радыя такой падтрымцы!”

(Карэспандэнтка: ) “А як паставіліся да ўдзелу ў галадоўцы вашыя сваякі — усё-ткі спаміж вас трое жанчын, у вас ёсьць маленькія дзеці?”

(Канавалава: ) “Я адзінокая маці, у мяне расьце маленькі сын, яму ўсяго чатыры гады, і зь ім цяпер мая мама. А я абвесьціла гэтую галадоўку дзеля падтрымкі дэпутатаў Скрабца, Фралова, Парфяновіча, каб маё дзіця расло ў дэмакратычным грамадзтве ды мела на гэта поўнае права”.

Віцебскія сябры АГП мяркуюць працягваць галадоўку да 22 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG