Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец: “Улада ня ведае, што з намі рабіць”


Алесь Дашчынскі, Менск Дванаццаты дзень трымаюць палітычную галадоўку дэпутаты Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч. У Менску іх падтрымліваюць шасьцёра актывістаў партыяў АГП і БНФ. Акрамя таго, на знак салідарнасьці зь імі галадае актывіст “Маладой грамады” Зьміцер Чарткоў у Жодзіна, яшчэ трое сяброў АГП у Наваполацку і пяцёра ў Віцебску.

Дактары сьцьвярджаюць, што стан здароўя галадоўнікаў патрабуе пастаяннага мэдычнага кантролю. Асаблівую трывогу выклікае здароўе генэрала Валерыя Фралова і старшыні Менскай абласной арганізацыі АГП Марыны Багдановіч. Паводле доктаркі, якую ў нядзелю выклікалі на кватэру галадоўнікаў у Менску, стан здароўя Фралова і Багдановіч — сярэдняй цяжкасьці. У генэрала панізіўся ціск, яму рэкамэндавана меней рухацца і працягваць лячэньне. У Марыны — выразны стрэс, парушэньні ў эндакрыннай сыстэме, парушаныя таксама сілкаваньне сардэчнай мышцы і рытм сэрца.

Адзін з галадоўнікаў, старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Чырвоненка — сам лекар, ён сем гадоў працаваў нэўрапатолягам-рэаніматарам. Фактычна ён сочыць за здароўем усіх галадоўнікаў.

(Чырвоненка: ) “Цяпер пагрозы для жыцьця няма, але ж ёсьць некаторыя трывожныя факты. Быў гіпэртанічны крыз у Віктара Івашкевіча, быў падвышаны ціск у генэрала Фралова, у Марыны была арытмія. Цяжка — але галадаваць групай намнога лягчэй, чым галадаваць аднаму. Баявы дух, у нас ёсьць рашучасьць, у нас не прынята гаварыць пра свае хваробы. Генэрал зь вялікай цяжкасьцю выконвае мэдычныя прадпісаньні, трэба ўвесь час сачыць, каб ён прымаў рэгулярна таблеткі, каб ён абмежаваў сваю актыўнасьць, не хадзіў. Тут вельмі цяжка, пастаянна прыходзяць людзі, трэба працаваць, сутракацца зь людзьмі, размаўляць па тэлефоне, працаваць з кампутарам, і гэта многа адымае сіл, і пры канцы ўсе вельмі стомленыя і ледзьве ходзяць”.

Калі да вечара стан здароўя Валерыя Фралова не палепшыцца, то давядзецца выклікаць хуткую дапамогу. Як адзначае дэпутат Скрабец, здароўя становіцца меней, але сіла духа ёсьць.

Цягам адзіннаццаці дзён галадоўнікі дамагаюцца выкананьня трох патрабаваньняў, аднак улады пакуль не ідуць на саступкі, робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Гэтую сытуацыю “Свабодзе” камэнтуе Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Улада ня ведае, што з намі рабіць, як рэагаваць на гэтую галадоўку, бо ў выніку любой рэакцыі, любога звароту да нас, улада прайграе, а Аляксандар Лукашэнка — ён ніколі нікому не ўступаў. Усё, што ён робіць са сваімі палітычнымі апанэнтамі — альбо іх фізычна зьнішчае, альбо садзіць за краты. Цяпер улада чакае, калі мы спынім гэтую акцыю, каб з намі расправіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А як гэта характарызуе ўладу, што яна заплюшчвае вочы на тое, што тут адбываецца?”

(Скрабец: ) “Якая яна была, такая і засталася. Гэта — банда”.

Меркаваньне дэпутата Валерыя Фралова: ён лічыць, што ўлада ня можа не заўважаць галадоўкі.

(Фралоў: ) “Яны нейкага выйсьця шукаюць, каб твару не згубіць. Чакаць ад нашых уладаў нечага такога чалавечага, мне здаецца, трэба дурнем быць, каб чакаць. Улада ўпёртая, нахабная. Што яна пойдзе на нейкія саступкі, па яе падыходах неяк чакаць не даводзіцца. Кожны робіць, як ён лічыць патрэбным — яны роябць так, мы робім так. А далей убачым як будзе, а будзе добра”.

Яшчэ адно пытаньне да галадоўнікаў на адзінаццаты дзень палітычнае галадоўкі. Як яны лічаць, ці магчымы такі паварот падзеяў, калі галадоўка будзе спыненая ўладамі гвалтам? Меркаваньне Сяргея Скрабца:

(Скрабец: ) “На мой погляд, усё магчыма. Лукашэнка зрабіў такую сыстэму, якая толькі чакае загаду і ня спыніцца ні перад чым. Магчымая і фізычная расправа, але яна будзе пасьля гэтага”.

Меркаваньне Валерыя Фралова:

(Фралоў: ) “Ды не, такога ніколі ня будзе. Гэта наша права — галадаць ці не. Мы недатыкальныя, у сваёй кватэры, нікому мы не перашкаджаем. Няхай прэзыдэнт робіць што хоча, мы робім тое, што мы лічым патрэбным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG