Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрвіс беларускіх курортаў: “выгоды на паверсе”


Ігар Карней, Менск Тыя людзі, якія паводле сваіх прыбыткаў ня могуць дазволіць сабе заморскі курорт, звычайна шукаюць на радзіме месца, дзе можна было б якасна і нядорага адпачыць. Ці ёсьць у Беларусі альтэрнатыва адпачынку за мяжой? Прадстаўнікі турыстычных кампаній сьцьвярджаюць: бавіць вольны час у Беларусі можна ня горш, чым у Баўгарыі ці Турэччыне. Але ці сапраўды гэта так?

Прапановы на беларускім турыстычным рынку сьведчаць: кошты на беларускіх курортах амаль што параўнальныя з коштамі неэксклюзіўнага адпачынку ў краінах Міжземнамор’я. За 300-400 даляраў з пражываньнем, харчаваньнем і пералётам з Масквы можна 10-12 дзён адпачываць у Турэччыне, Эгіпце ці Тунісе. Але калі там пакоі ў гатэлях забясьпечаныя кандыцыянэрамі, прыбіральнямі, душамі, спадарожнікавай тэлевізіяй, а ў саміх гатэлях яшчэ ёсьць адкрытыя і закрытыя басэйны, фітнэс-цэнтры і шмат іншага, то адказ турапэратараў на пытаньне пра камфорт і сэрвіс на беларускіх базах адпачынку абмяжоўваецца звыклым – “выгоды на паверсе”.

Сьпіс месцаў адпачынку ў Беларусі за апошнія дзесяцігодзьдзі амаль не зьмяніўся: санаторыі й дамы адпачынку на Нарачы, Браслаўскіх азёрах, а таксама шэраг былых ведамасных, а цяпер у бальшыні сваёй нацыяналізаваных адміністрацыяй Лукашэнкі прафілякторыяў. Акурат такі санаторый – “Баравое”, які да нядаўняга часу належаў КДБ – называюць у якасьці гіту сёлетняга летняга сэзону турфірмы. У гэтым пераконваў мяне адзін з мэнэджэраў турфірмы “Ваяж-тур”.

(Прадстаўнік фірмы “Ваяж-тур”: ) “На мяжы Менскай і Віцебскай абласьцей, недалёка ад Бягомлі, вельмі добры санаторый кіраваньня справамі прэзыдэнта “Баравое”. Пражываньне ў двухмесным нумары з выгодамі ў блёку на два пакоі – 234 даляры на чалавека. Плюс дадатковая турпаслуга 24 тысячы рублёў. Сюды ўваходзіць дастаўка ў санаторый і вяртаньне аўтамабілем эўраклясы, чатырохразовае харчаваньне, лячэньне (паводле жаданьня) і курортны збор. На самой тэрыторыі базы маецца ўнікальны басэйн зь мінэральнай вадой, лодачная станцыя, абсталяваны пляж, саўна, пошта, тэлефон, аўтастаянка. “Баравое” – практычна адзінае месца ў Беларусі, дзе такі высокі сэрвіс, бо яно адносіцца да кіраваньня справамі прэзыдэнта”.

Самыя простыя падлікі паказваюць, што сямейны адпачынак у “Баравым” будзе каштаваць сямейнаму бюджэту амаль тысячу даляраў. За такія грошы зусім рэальна паехаць да цёплага мора. Такі самы паводле працягласьці адпачынак на ўнікальным Чырвоным моры ў Эгіпце з двухразовым харчаваньнем абыдзецца сям’і толькі на 100-150 даляраў даражэй. А што прапануе патэнцыйным турыстам традыцыйная беларуская “мека”, возера Нарач? Тэлефаную ў турфірму “Ладэ-С”.

(Супрацоўніца фірмы “Ладэ-С”: ) “Забясьпечаны ўсімі зручнасьцямі нумар у пансіянаце “Нарачанскі бераг” (раней гэта былі асобныя аднамесныя і двухмесныя нумары, якія перарабілі ў адзін) каштуе каля 800 тысячаў рублёў на 12 дзён. Маецца пункт пракату дзеля актыўнага адпачынку: лодкі, катамараны, лазьня з басэйнам (за дадатковую плату – 30 тысячаў рублёў за дзьве гадзіны). Вельмі добрае харчаваньне. Дзецям будзе вельмі цікава: тут ёсьць дзіцячыя дыскатэкі, мульцікі на вялікім экране ўдзень паказваюць, увечары – мастацкія стужкі. Культмасавы сэктар вельмі добра працуе: праводзіць дні Нэптуна, сьвята Русалачкі.”

Як бачым, адпачынак на Нарачы крыху саступае “Баравому”, але выезд да “вялікай беларускай вады” амаль кожны год азмрочваецца засьцярогамі эпідэміёлягаў: у далёка не крышталёвай чысьціні вадзе поўна бактэрыяў розных заразных хваробаў. Апынуцца тут у разгар сэзону і паўстаць перад фактам забароны на купаньне – не зусім апраўданае ўкладаньне грошай. Таму для аматараў водных працэдураў турфірмы прапануюць іншы кірунак – Браслаўскія азёры. Праўда, у гэтым выпадку самі турфірмы адразу ж папярэджваюць, што тамтэйшы сэрвіс не адпавядае нават беларускім стандартам. Вось што я пачуў у “Беларускім спутніку”.

(“Беларускі спутнік”: ) “Ёсьць база адпачынку “Актам” і прыватнае размяшчэньне ў катэджах на ўскрайку Браслава. У “Актаме” пражываньне ў двухпавярховым катэджы з расьсяленьнем па два-тры чалавекі ў пакоі, з выгодамі на паверсе і трохразовым харчаваньнем каштуе каля 300 тысячаў рублёў на два тыдні. Ёсьць лазьня, бар, кавярня. Прыватнае размяшчэньне – 4 даляры за суткі на чалавека: на кожным паверсе абсталяваная кухня, можна гатаваць. Забаўляцца і харчавацца можна ў Браславе: там і кавярні, і сталоўкі, і рэстарацыі”.

Пры такім сэрвісе і такіх коштах ня кожны рызыкне ахвяраваць двума тыднямі адпачынку, застаўшыся на радзіме. Але ёсьць шмат тых, хто хацеў бы зьехаць з мітусьлівага гораду на дзень-другі. “Дудуткі” пад Менскам – лепшы варыянт разгрузкі”,– кажуць у фірме “Белфрэш”.

(Мэнэджэр фірмы “Белфрэш”: ) “Кошт экскурсійнай праграмы – 45 тысячаў рублёў. Сюды ўваходзіць экскурсійнае абслугоўваньне, уваходныя квіткі й чатыры дэгустацыі: сыру, хмельнага квасу, хлеба і самагонкі з гурочкам і зь мёдам. Але ўсё гэта без праезду. Дарога вашым коштам. Можна застацца начаваць у Дудутках: нумар у катэджы каштуе каля 20 даляраў за ноч. Адзіна што ў катэджы на шэсьць нумароў адпаведныя “выгоды” на паверсе”.

Нягледзячы на загад Аляксандра Лукашэнкі актыўна разьвіваць унутраны турызм, канкрэтных прапановаў цывілізаванага адпачынку як не было раней, так і няма дагэтуль. Затое ёсьць спробы скарыстаць з попыту на адпачынак і прадаваць па высокіх цэнах тое, што гэтых грошай ня вартае.
XS
SM
MD
LG