Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія нацыі ў футбольным люстэрку


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ў Партугаліі пачынаецца спартовая падзея, якая для многіх заўзятараў стаіць нават вышэй за Алімпійскія гульні – чэмпіянат Эўропы па футболе. Каманды 16 краінаў будуць змагацца за золата чэмпіянату, якое будзе разыграна ў фінальным матчы 4 ліпеня. Паразважайма – чым ёсьць футбол для эўрапейцаў?

Футбол, верагодна – самая папулярная гульня ў сьвеце і, безумоўна, спорт нумар адзін у Эўропе. Перамога зборнай у турнірах падобнага маштабу ўспрымаецца ў кожнай краіне як нацыянальнае дасягненьне й сьведчаньне магутнасьці нацыянальнага духу. Трыюмфатараў вітаюць на вуліцах сотні тысячаў захопленых суграмадзянаў, кіраўнікі дзяржавы ўшаноўваюць іх найвышэйшымі мэдалямі. Яшчэ ў 30-я гады італьянскі фашысцкі лідэр Бэніта Мусаліні выкарыстоўваў посьпехі футбалістаў для фашыстоўскай прапагандысцкай кампаніі. Але нават у наш час, напрыклад, перамога францускай зборнай на чэмпіянаце сьвету ў 1998 годзе падавалася многімі апанэнтамі праварадыкальнага палітыка Ле Пэна як сьведчаньне таго, наколькі яркай і пасьпяховай можа быць мультыэтнічная новая Францыя. Сапраўды, большасьць гульцоў у камандзе – афрыканскага і арабскага паходжаньня. Зрэшты, нават нелюбоў да сваёй нацыянальнай зборнай не перашкодзіла Ле Пэну, які выступае за стрымліваньне іміграцыі, сэнсацыйна заняць другое месца на прэзыдэнцкіх выбарах.

Францішак Боўч, вэтэран чэскай спартовай журналістыкі, кажа пра тое, як нацыянальны характар адбіваецца на стылі гульні камандаў розных краінаў:

“Возьмем італьянцаў і гішпанцаў. Яны вельмі тэмпэрамэнтныя, і гэта відаць. Часам гэта нават небясьпечна для апанэнтаў, бо яны ня толькі жвавыя і хуткія, але, зь іншага боку, дапускаюць шмат парушэньняў. Яны большыя акторы за іншых. Чэхі асьцярожныя, абачлівыя, часта адыходзяць назад. Такія каманды як Англія і Францыя звычайна вельмі ўпэўненыя, яны ніколі не канцэнтруюцца толькі на абароне, але імкнуцца як найбольш атакаваць.”

Сучасны футбол, аднак, – ня толькі спорт, але і магутны шоў-бізнэс. Зорка англійскай каманды Дэвід Бэкхэм даўно стаў міжнароднай сьвецкай знакамітасьцю і неаднаразова прызнаваўся паводле розных апытаньняў адным з самых прыгожых мужчынаў сьвету. А вось чытачкі аднаго нямецкага часопіса назвалі футбалістаў расейскай зборнай самымі непрыгожымі на чэмпіянаце. Самымі прывабнымі, і гэта ўжо традыцыя апошніх гадоў, былі вызначаныя італьянцы. Зрэшты, расейцы могуць сказаць, што яны заўсёды ганарыліся сваімі жанчынамі, а не мужчынамі. Тут можна хіба зазначыць, што ў газэце “Камсамольская праўда” цягам тыдня публікаваліся вельмі сьмелыя эратычныя здымкі жонак футбалістаў расейскай зборнай.

Беларусь не прымае ўдзелу ў чэмпіянаце ў Партугаліі, але тут варта нагадаць, што моладзевая зборная Беларусі некалькі тыдняў таму выступала ў фінальнай частцы моладзевага чэмпіянату Эўропы, прабіўшыся ў васьмёрку лепшых камандаў кантынэнту. Маладыя беларусы выступілі там зусім нядрэнна – у першай гульні сэнсацыйна перамаглі будучых чэмпіёнаў, італьянцаў – і толькі неаб’ектыўнае, на думку многіх спэцыялістаў, судзейства ў адным з матчаў не дазволіла беларусам выйсьці ў паўфінал і пазмагацца за мэдалі. Гэта дае падставы спадзявацца, што ў беларускага футболу ёсьць будучыня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG