Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня гарадзенцаў нічога ня ведае аб патрабаваньнях галадоўнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці ведаюць гарадзенцы пра галадоўку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а калі ведаюць – дык што думаюць наконт патрабаваньняў галадоўнікаў? Як яны мяркуюць – ці магчыма дамагчыся нейкіх вынікаў галадоўкай у цяперашніх беларускіх ўмовах? Пра гэта жыхароў Гародні на пешаходнай вуліцы Савецкай сёньня распытваў наш карэспандэнт.

Адразу зазначу: сваю падтрымку патрабаваньням галадоўнікаў выказалі грамадзкія і палітычныя лідэры гораду. Адпаведную заяву прыняў каардынацыйны камітэт “Гарадзенская ініцыятыва”, які аб’ядноўвае кіраўнікоў партыйных і грамадзкіх арганізацыяў. Трэба сказаць, што да галадоўнікаў далучыліся гарадзенцы Ўладзімір Чырвоненка і Юры Істомін.

Што датычыць гараджанаў, дык добрая палова зь іх нічога ня ведае пра галадоўку – асабліва гэта датычыць моладзі. І гэта нягледзячы на тое, што пра гэтую акцыю пратэсту піша мясцовая газэта “Биржа Информации”, і што адным з арганізаратаў галадоўкі, як вядома, зьяўляецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў з Горадні.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы, што ў Менску галадаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў?”

(Спадарыня: ) “Ведаю. Хай галадаюць. А генэралу – флаг у рукі й зялёнае сьвятло. Ня хоча чалавек працаваць, хоча пагаладаць, за сваё жыцьцё добра пад’еў. “Разгрузачныя” дні наладзіў, хоча схуднець. А каб Лукашэнку застацца на трэці тэрмін, трэба зьмяніць канстытуцыю.”

(Пажылы спадар: ) “Ну канечне, наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну гэта – вельмі сьлізкае пытаньне ў палітычным сэнсе. Таму што ў такім выпадку трэба ж канстытуцыю зьмяняць, па-мойму. Разумееце, раз яны патрабуюць, значыцца гэта справядліва – наконт Марыніча. А пра астатняе мне цяжка сказаць”.

(Спадар: ) “Так, ведаю, канечне. У “Бирже Информации” чытаў. Я за тое, каб Марыніч стаў прэзыдэнтам. Які можа быць трэці тэрмін?”.

(Малады спадар: ) “Трэба, каб выбары былі больш дэмакратычнымі. Таму што калі так далей пойдзе, то ўсё зойдзе ў тупік. Але я думаю, што наўрад галадоўкай можна штосьці зрабіць. Таму што калі там пару чалавек, то нічога яны не дамогуцца. А тым больш калі дэпутаты галадаюць: каб была палова Палаты ці нават больш, можа быць яны чагосьці і дамагліся б, а некалькі чалавек – не”.

Трэба сказаць, што некаторыя мінакі чулі пра галадоўку, але нічога ня ведалі пра патрабаваньні галадоўнікаў. Іншыя, наадварот, ня ведаюць пра акцыю пратэсту дэпутатаў, аднак самі выказваюцца ў падтрымку Міхаіла Марыніча і супраць трэцяга тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі.

(Карэспандэнт: ) “Ці чулі вы, што ў Менску галадаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і сярод іх – генэрал Фралоў з Горадні?”

(Спадар: ) “Так, чуў, але патрабаваньняў ня ведаю, як і таго, што там галадае наш дэпутат. Я думаю, што ў нас галадоўкай дамагчыся нічога нельга”.

(Маладзён: ) “Я думаю, што патрабаваньні вылучаны правільныя. Але невядома, што будзе далей. Калі нават выбраць іншага чалавека, будзе тое ж самае, што і пры Лукашэнку”.

(Спадар: ) “Я думаю, што няма сэнсу галадаць. Нічога тут не даможасься. тут людзі баяцца нешта рабіць для сваёй радзімы. Не, гэта ні да чаго не прывядзе. Гэта бессэнсоўнае марнаваньне часу і сілаў. Ніхто нікому нічога не дакажа.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG