Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная парлямэнцкім выбарам на Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Канфэрэнцыя мела назву “Беларусь напярэдадні парлямэнцкіх выбараў – ці будуць яны зваротным пунктам?”. У часе канфэрэнцыі вядомыя беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы – Андрэй Саньнікаў, Жанна Ліцьвіна, Алесь Міхалевіч – распавялі пра сытуацыю ў Беларусі напярэдадні выбараў.

Паводле Андрэя Саньнікава, гэтыя выбары нічога ў краіне ня зьменяць, бо будуць цалкам сфальсыфікаваныя. У сваю чаргу Алесь Міхалевіч адзначыў, што ў апазыцыі ёсьць шанец на стварэньне фракцыі ў палаце прадстаўнікоў.

Канфэрэнцыю арганізаваў варшаўскі Цэнтар міжнародных дачыненьняў, дзе працуе Януш Анышкевіч – доктар матэматычных навук, шматгадовы актывіст антыкамуністычнага падпольля, які цягам 8 гадоў быў прэсавым сакратаром “Салідарнасьці”, а пазьней – міністрам абароны. Вось як ён адказаў на пытаньне “Варта браць удзел у парляманцкіх выбарах нават ва ўмовах абмежаванай свабоды ці не?”.

(Анышкевіч: ) “Мне цяжка даваць парады беларускай апазыцыі, але на маю думку браць удзел у выбарах варта. Калі гэтыя выбары будуць цалкам сфальсыфікаваныя, удзел у іх дапаможа гэта паказаць, што таксама будзе мець палітычны эфэкт. У іншым выпадку можа быць хаця б мінімальны шанец на тое, каб прынамсі невялікая колькасьць апазыцыянэраў у парлямэнт прайшла. І гэта будзе мець пэўны псыхалягічны ўплыў на тых дэпутатаў, якіх падтрымлівалі ўлады. Тады, магчыма, у наступным парлямэнце зьявіцца група дэпутатаў, якія, як прадстаўнікі групы “Рэспубліка”, будуць весьці незалежную палітыку ды пашыраць межы для свабоднага волевыяўленьня ў Беларусі, што вельмі важна”.

Спадар Анышкевіч выказаў таксама сваё стаўленьне да галадоўкі дэпутатаў і палітыкаў у Менску.

(Анышкевіч: ) “Я думаю, што такія акцыі маюць пэўны сэнс. Мы ў “Салідарнасьці” хаця і ня часта, але таксама выкарыстоўвалі галадоўкі. Галадоўка – гэта драматычная форма пратэсту, і яна мае эфэкт тады, калі казаць пра пашырэньне рацыяў, з-за якіх ідзе галадоўка, нават калі яна спыняецца і не прыносіць такіх вынікаў, як хацелі галадоўнікі на пачатку. Галадоўка – гэта негвалтоўны пратэст, які дапамагае перамагчы рэжым. Прынамсі нам за часоў салідарнасьці галадоўкі дапамаглі”, сказаў Януш Анышкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG