Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку распачалі галадоўку тры сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Хваля палітычных галадовак дакацілася да Наваполацка. Сёньня тут распачалі галадоўку тры сябры мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У акцыі ўдзельнічаюць старшыня Наваполацкай гарадзкой суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Цярэнцьеў, намесьнік старшыні суполкі Ігар Сухарукаў і сябра АГП прадпрымальнік Уладзімер Цыбульскі. Сёньня ад самага ранку яны сабраліся на кватэры спадара Цярэнцьева па адрасе вул. Дзяржынскага, 8, кватэра 38, і абвясьцілі аб пачатку палітычнай галадоўкі. Акцыя будзе доўжыцца 10 дзён, бо па шчырым прызнаньні галадоўнікаў, больш ім ня вытрымаць, а да таго ж, паводле спадара Цярэнцьева, сёньня афіцыйны пачатак акцыі, а насамрэч яны ўжо галадуюць паасобку два апошнія дні.

Што прымусіла удзельнікаў галадоўкі пайсьці на такі небясьпечны для здароўя крок? Гаворыць Алесь Цярэнцьеў:

(Цярэнцьеў: ) “Па-першае, сваёй акцыяй мы хочам падтрымаць менскіх галадоўнікаў. Мы цалкам салідарныя з іхнымі патрабаваньнямі і сьведчым, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія насуперак рэпрэсіям гатовыя рашуча выступіць у абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў. Перакананы, што да нашай акцыі бліжэйшым часам далучацца іншыя, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны людзі”.

А вось што сказаў карэспандэнту “Свабоды” Ігар Сухарукаў:

(Сухарукаў: ) “У нас у Наваполацку на апошніх выбарах колькасьць тых, хто прагаласаваў папярэдне, на асобных участках дасягала 60 адсоткаў. Людзей падвозілі на аўтобусах, улады выкарыстоўвалі брудныя тэхналёгіі, і нездарма папярэдняе галасаваньне народ называе “начным галасаваньнем”. Гэтай выбарчай прафанацыі трэба пакласьці канец. Таму я і далучаюся да галадоўкі”.

Трэці галадоўнік, прадпрымальнік Уладзімер Цыбульскі, апроч палітычнага вылучае і такі актуальны аспэкт, як грамадзкая бясьпека. Пад час полацкіх “дажынак” ён рамантаваў будынак гарадзкога Дома культуры ў Полацку і пераканаўся, што той знаходзіцца ў аварыйным стане. Прадпрымальнік пісаў з гэтай нагоды лісты ў вышэйшыя інстанцыі, але адказу не дачакаўся.

(Цыбульскі: ) “Апрача іншага, я хачу сказаць, што многія нашы аб’екты знаходзяцца ў аварыйным стане. Напрыклад, аб’ект у горадзе Полацку – Дом культуры. Многія кроквы там прагнілі, а пад многімі зь іх не ўсталяваныя распоркі, шмат там і іншых недаробак. Я хачу сказаць: можа ня трэба будаваць “сыліконавую даліну”, а трэба спачатку навучыцца рамантаваць дахі?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG