Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

80-гадовы юбіляр Васіль Старавойтаў упэўнены: “Я яшчэ ўбачу канец гэтага рэжыму.”


Алег Грузьдзіловіч, Менск 13 чэрвеня Васілю Старавойтаву спаўняецца 80 гадоў. Вядомы гаспадарнік, двойчы герой сацыялістычнай працы, вясковы рэфарматар, былы вязень аршанскай калёніі Васіль Старавойтаў сустракае свае ўгодкі ў бадзёрым настроі: “Перакананы, што я яшчэ ўбачу канец гэтага рэжыму” – заявіў Васіль Старавойтаў для Радыё Свабода напярэдадні свайго юбілею.

Васілю Старавойтаву 80 гадоў. За ягонымі плячыма вялікі кавалак гісторыі, да якой ён меў непасрэднае дачыненьне. Нарадзіўся ён у год сьмерці Леніна, у вайну яшчэ зусім маладым чалавекам партызаніў, у 1968-м узначаліў калгас, які ў “маякі” абласной гаспадаркі вывеў чалавек-лягенда, былы чэкіст Кірыл Арлоўскі. Старавойтаў узорную гаспадарку падняў вышэй за рэспубліканскі ўзровень: пры ім “Рассвет” стаў грымець на ўвесь былы Саюз. Васілю Старавойтаву двойчы прысвойвалі званьне героя сацыялістычнай працы. Тым часам якраз між першай і другой зоркамі ў яго зьявіліся сумневы ў правільнасьці сыстэмы, якой ён служыць. Васіль Старавойтаў згадвае.

( Старавойтаў: ) ”Першы раз было, калі я здаваў кандыдацкі мінімум і вельмі ўважліва чытаў Леніна. Я там знайшоў такія яго рашэньні, такія яго запісы, які далі мне падставы засумнявацца ў правільнасьці ягоных дзеяньняў. Але ня гэта было галоўнае. А вось калі патрапіш у турму, калі разумееш, што нізавошта, за тое, што шукаў новага, якое стымулюе працу чалавека – вось тут ужо была такая сытуацыя, якая прымусіла мяне пераглядзець сваё мінулае. Але, паўтаруся, у той час я ня мог інакш, як сёньня нямала яшчэ беларусаў, якія вераць ў гэтую чартоўскую сыстэму”.

Напачатку 90-х гадоў Васіль Старавойтаў па сваёй ініцыятыве пачаў рэфармаваньне “Рассвета”. Гаспадарка стала акцыянэрным таварыствам, у якім кожнаму працаўніку належала пэўная частка акцыяў. Выніковая праца стымулявалася магчымасьцю за грошы набываць новыя акцыі й мець зь іх добрыя прыбыткі. Пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі становішча рэзка зьмянілася. Старшыня “Рассвета” публічна крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за памылкі ў кіраўніцтве краінай і не пагаджаўся адступаць ад сваіх рэформаў. У 1996 годзе Старавойтава зьнялі са старшыняў, абвінавацілі ў хабарніцтве й крадзяжы, судзілі і на два гады адправілі ў астрог. Паводле Васіля Старавойтава, зараз аднавяскоўцы шкадуюць, што дазволілі гэтак абыйсьціся са сваім старшынём.

( Старавойтаў: ) “Прачнуліся многія. Гэтая сыстэма, якая ў нас жыве, гэтая вэртыкаль, гэтая неабмежаваная ўлада далёкага мінулага прымусіла людзей інакш думаць. Бо засадзіць Беларусь у нейкі асобны пакой немагчыма. Людзі езьдзяць і на Ўкраіну, і ў Расею, і ў Прыбалтыку і бачаць, што і дзе – як было, і як зараз ідзе. Вось што адбывалася з “Рассветам”? Яго ж так замбіравалі, так апрацавалі ўсіх, быццам тут усё раскраў Старавойтаў. А зараз паглядзелі, як яны жывуць, і вырашылі, што раней было лепей. Маецца на ўвазе не сыстэма – гэта на мой асабісты адрас. Можа, гэта ня сьціпла так казаць, але даводзіцца. Яны паспрабавалі яшчэ двух дырэктараў, што гэта за людзі, і зараз параўноўваюць іх са мной. Паварот такі ёсьць. Але я не кажу, што ўсе. Ёсьць тыя, хто пры ўладзе, хто добра зарабляе. Дарэчы, невядома, хто колькі атрымлівае. Раней мой заробак усе ведалі, зараз ніхто ня ведае нічога.”

Агульнавядомы факт: напачатку 90-х гадоў пры Старавойтаве працаўнікі “Рассвету” мелі ў банку больш асабістых грошай, чым працаўнікі якой іншай гаспадаркі рэспублікі. Акцыянаваньне “Рассвету” дапамагло захаваць маёмасьць і грашовыя ўклады, разьвіваць гаспадарку нават у складаныя гады пераходу да рынку. Зараз у “Рассвета”, які зноў стаў калгасам, амаль 4 мільёны даляраў запазычанасьці, і гэта пры тым, што калгасу неаднаразова давалі шматлікія прывілеі. Гэты прыклад дадаткова пераканаў Васіля Старавойтава ў тым, што альтэрнатывы рынкаваму спосабу вядзеньня гаспадаркі няма. Аляксандр Лукашэнка, на ягоную думку, трымаецца за адміністрацыйныя рычагі гаспадараньня толькі каб захаваць сваю асабістую ўладу і пазьбегнуць адказнасьці за тое, што зрабіў на пасадзе прэзыдэнта.

На развітаньне цікава было пачуць ад Васіля Старавойтава сакрэт ягонага даўгалецьця. Але славуты старшыня і тут быў арыгінальны.

( Старавойтаў: ) “Сакрэт гэты хай застаецца маім сакрэтам, я яго не дзялю ні з кім. І рэцэпт нікому ня дам. І буду жыць так, і яшчэ пабачу канец гэтага рэжыму”.
XS
SM
MD
LG