Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы езьдзяць у сьвет на заробкі


Натальля Судлянкова, Прага Новая перадача сэрыі “Дазвол на выезд”, прысьвечаная беларускім “гастарбайтэрам” у Польшчы ды іншых краінах Эўропы.

У цяперашняй Беларусі практычна ня знойдзеш сям’і, у якой ніхто хаця б некалькі тыдняў не папрацаваў за мяжой або не зьбіраўся там папрацаваць.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, у мяне практычна няма сябровак, дзеці якіх не працавалі б за мяжой. Тут, у Новай Зэляндыі, вельмі шмат беларусаў. Некалькі разоў бывала такое, што мне даводзілася разглядаць іх заявы аб працаўладкаваньні”.

(Спадар: ) “Я не адчуваю тут адзіноты, таму што вакол хапае людзей зь Беларусі, у тым ліку тых, зь якімі я пазнаёміўся толькі тут, хаця ў Беларусі мы жылі ў адным горадзе”.

Вяртаючыся дамоў, людзі прывозяць з сабой ня толькі грошы, але й пэўны досьвед жыцьця ў іншым асяродзьдзі. Яны ўзбагачаюць гэтым досьведам беларускае грамадзтва, адчыняюць сьвет для сваіх сяброў і знаёмых. Міграцыя беларусаў – разнавэктарная, тым ня менш у яе ёсьць пэўныя агульныя рысы. Апавядае Ігар Карней.

(Карней: ) “Адмыслоўцы, якія займаюцца дасьледаваньнямі праблемы працоўнай міграцыі, адзначаюць, што ў Беларусі цягам апошніх гадоў вызначыліся й нават замацаваліся пэўныя тэндэнцыі. Найбольш папулярныя маршруты ў працоўных мігрантаў – ЗША й Вялікая Брытанія. Але, як і раней, людзі кіруюцца і ў іншыя заходнеэўрапейскія краіны. У апошнія гады шмат хто абірае Расею. Спэцыялісты тлумачаць гэта адноснай лёгкасьцю адаптацыі ў зразумелай мігрантам краіне, меншай рызыкай, бо з Расеі лягчэй, чым аднекуль здалёк, вяртацца на радзіму.

Аналітыкі адзначаюць, што ў сьвет на заробкі перадусім выяжджае моладзь, незалежна ад роўню адукацыі. Але, як падкрэсьлівае намесьніца дырэктара навукова-дасьледчага інстытуту працы Сьвятлана Шаўчэнка, на Захадзе ў бальшыні сваёй гэтыя маладыя людзі ня могуць разьлічваць на атрыманьне працы паводле сваёй прафэсійнай кваліфікацыі”.

(Шаўчэнка: ) “Моладзь пераважна едзе ў ЗША й Вялікую Брытанію. З астатніх краінаў – сапраўды гэта Расейская Фэдэрацыя. Асаблівасьць працоўнай міграцыі ў заходнія краіны – тое, што туды едуць на фізычныя работы. Гэта ў асноўным галіна абслугоўваньня, сельская гаспадарка ды будаўніцтва. Гэта тыя работы, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі. А калі да нас, у нашую краіну, прыяжджаюць працоўныя мігранты зь іншых краінаў, дык у нас яны пераважна занятыя на працы разумовай, інтэлектуальнай. У гэтым асноўнае, прынцыповае адрозьненьне. Але яно захоўваецца цягам ужо некалькіх гадоў”.

* * *

Польшча – найвялікшы заходні сусед Беларусі – заўсёды вабіла беларусаў, якія хацелі й хочуць зарабіць грошы. Але большасьць беларусаў працуе ў Польшчы нелегальна. Яны ня маюць страхоўкі, не атрымліваюць ніякай дапамогі ў выпадку хваробы, іхныя праца й заробак ня маюць ніякага ўплыву на будучую пэнсію. Але менавіта яны ствараюць значную частку рынку таннай працоўнай сілы. Замежнае слова гастарбайтэр увайшло ў лексыкон сучасных беларусаў. У нямецкай мове, зь якой яно разьляцелася па сьвеце, Gastarbeiter – гэта проста рабочы-імігрант.

Тым часам у міжнароднай практыцы слова гастарбайтэр азначае замежнага рабочага, які прыяжджае са слабаразьвітай краіны ў эканамічна разьвітую дзяржаву. Цяжка сказаць, у які менавіта момант Польшча стала ў дачыненьні да Беларусі эканамічна разьвітай дзяржавай, але шмат беларусаў там цяпер сталі гастарбайтэрамі. Слова нашаму карэспандэнту ў Варшаве Аляксею Дзікавіцкаму.

(Дзікавіцкі: ) “Аднаго разу ў адказ на чыюсьці крытыку на адрас Польшчы, што гэтая краіна нібыта не талерантная й закрытая, прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі адказаў жартам: “Ня буду вас пераконваць, папросту наведайце некалькі варшаўскіх будоўляў – там не чуваць польскай мовы”.

Польскі прэзыдэнт меў рацыю, шмат дзе на польскіх будоўлях гавораць амаль што выключна па-ўкраінску, па-беларуску або па-расейску.

Дакладнай лічбы беларусаў, што працуюць у Польшчы нелегальна, ня ведае, мабыць, ніхто. Аднак мой суразмоўца – расейскі бізнэсовец Анатоль, які ўжо шмат гадоў працуе ў Польшчы, мае будаўнічую фірму й прымае туды нелегалаў з Усходу, – кажа, што паводле колькасьці беларусы трымаюць другое месца пасьля ўкраінцаў”.

(Анатоль: ) “Я думаю, беларусаў тут, у Польшчы, працуе некалькі дзясяткаў тысяч. Польскія працадаўцы, у тым ліку й я, ахвотна бяруць іх на працу. Польскія рабочыя наракаюць, што тыя ствараюць ім канкурэнцыю, але гэта нам выгадна. Беларусы, як правіла, працуюць сумленна й якасна, і дзіўна, што ім не даюць зарабіць у сябе на радзіме. Бо 90% беларусаў вымушаныя займацца тут нізкакваліфікаванай працай, за якую атрымліваюць прыкладна даляр, часам паўтара даляра за гадзіну”.

Паводле спадара Анатоля, адпаведныя дзяржаўныя службы апошнім часам усё больш актыўна перасьледуюць як нелегальных працаўнікоў, гэтак і іхных працадаўцаў. Аднак, як сьведчыць афіцыйная статыстыка, выпадкаў дэпартацыі – галоўнага пакараньня замежнікаў за нелегальную працу ў Польшчы – па-ранейшаму няшмат.

Нашыя найбліжэйшыя суседзі – палякі – добра ведаюць, што пераважная большасьць жыхароў краіны паехала на заробкі за мяжу, а пасьля вярнулася, стварыўшы сярэднюю клясу краіны. Прадстаўнікі гэтай клясы пабудавалі новыя дамы, аднавілі сельскую гаспадарку, інвэставалі свае грошы, хай і ня самыя вялікія, у разьвіцьцё сфэры паслуг, стварылі новыя працоўныя месцы.

Тыя зь беларусаў, якія наведвалі Польшчу некалькі разоў запар пры канцы 1980-х, а пасьля на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў, не маглі не захапляцца тым, як расквітала суседка Беларусі. Дарэчы, пэўным чынам менавіта працоўная міграцыя дапамагла зьнізіць у Польшчы сацыяльную напружанасьць, якая ўзьнікла была пасьля правядзеньня знакамітай “шокавай тэрапіі” – радыкальных эканамічных рэформаў, на чале якіх стаяў Лешак Бальцаровіч.

Беларусь і бяз “шокавай тэрапіі” застаецца краінай, у якой прапанаваньне рабочай сілы значна перавышае попыт на яе. І менавіта рэгуляваная працоўная міграцыя магла б прынамсі часткова зьняць напружаную сытуацыю зь беспрацоўем. Наколькі ўлічвае беларускі ўрад у сваіх плянах працоўную міграцыю? Ці вядзецца статыстыка і ўлік мігрантаў? Хто менавіта пакідае краіну? З кіраўніком упраўленьня працоўнай міграцыі міністэрства працы Раісай Дымковай гутарыў Севярын Квяткоўскі.

(Квяткоўскі: ) “Раіса Дымкова адразу адзначыла, што міністэрства працы вядзе толькі афіцыйную статыстыку. Пра колькасьць нелегальных працоўных мігрантаў зь Беларусі ў міністэрстве нічога не вядома. У кожным выпадку спадарыня Дымкова факт працоўнай міграцыі як такой ацэньвае станоўча”.

(Дымкова:) “Безумоўна, едучы на працу за мяжу, нашыя людзі разгружаюць беларускі рынак працы. Многія вырашаюць сваю праблему занятасьці. Гэта станоўчы момант. Стварэньне працоўных месцаў безь дзяржаўных выдаткаў. Больш за тое, людзі прывозяць грошы, якія зарабілі за мяжой, укладаюць іх у нашую эканоміку. Ствараюць свае прадпрыемствы і тым самым залучаюць новыя працоўныя рукі”.

(Квяткоўскі: ) “Паводле спадарыні Дымковай, штогод па афіцыйных кантрактах на замежныя заробкі ад’яжджае каля пяці тысяч чалавек. Хто гэтыя людзі? Хто па вяртаньні мае патэнцыял ствараць новыя працоўныя месцы ў Беларусі?”

(Дымкова:) “Прафэсіі – гэта на дзевяноста адсоткаў фізычная праца, дзесяць працэнтаў – інтэлектуальная. То бок, у асноўным гэта рабочыя спэцыяльнасьці. Вядома, прымаюць на тыя працоўныя месцы, якія не запоўненыя сваімі грамадзянамі”.

(Квяткоўскі: ) “Гаворачы пра пяць тысяч афіцыйных працоўных мігрантаў, Раіса Дымкова ня ўлічвае беларусаў, якія едуць на заробкі ў Расею”.

(Дымкова:) “Ня тое, што не фіксуюцца: у нас роўныя правы – саюзная дзяржава”.

(Квяткоўскі: ) “Пра колькасьць беларускіх грамадзянаў, якія працуюць па-за межамі краіны нелегальна, у міністэрстве працы нічога ня ведаюць. Вядома толькі, што афіцыйна беларускіх працаўнікоў-мігрантаў прымае больш за дваццаць краін. Колькасьць і кваліфікацыя беларусаў, што назаўсёды пакідаюць краіну, міністэрства працы не цікавіць”.

(Дымкова:) “Не займаемся! Гэта ўжо зацёртае пытаньне. Займаў нейкае месца, працаваў дзесьці: вызваліў месца працы – вось і ўсё. Як гэта ўплывае на рынак працы? Станоўча!”

У 1998 годзе ў Беларусі быў прыняты закон “Аб замежнай працоўнай міграцыі”. Гэты закон устанавіў правілы абароны правоў працоўных мігрантаў. Дарэчы, паводле гэтага закону, фірмы, якія займаюцца пошукам працы за мяжой, павінны атрымаць ліцэнзію. Кантралюе фірмы міграцыйная служба. Пра тое, як дзейнічаюць гэтыя фірмы і на што можна разьлічваць, зьвяртаючыся да іх па дапамогу, – у нашай наступнай праграме.
XS
SM
MD
LG