Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Белакоза прымусілі звольніцца з пасады дырэктара літаратурна-краязнаўчага музэю ў Гудзевічах


Сяргей Астраўцоў, Горадня Алесь Белакоз, які стварыў у вёсцы Гудзевічы знакаміты літаратурна-краязнаўчы музэй, больш там не працуе. Яго прымусілі звольніцца з пасады дырэктара, якую ён займаў 14 гадоў. Ён лічыць, што начальства не задавальнялі ягоныя палітычныя перакананьні, якіх ён ніколі не хаваў. Алесь Белакоз — вядомая ў Беларусі асоба, знакавая постаць сучаснага Адраджэньня.

Алесь Белакоз некалькі дзён, як не працуе ў Гудзевіцкім музэі, але сёньня ён зноўку туды прыйшоў. Яго папрасілі правесьці экскурсію для жыхароў Мастоў, і дырэктар музэю дазволіла яму гэта зрабіць.

Новым дырэктарам стала Вольга Клімуць, якая і дагэтуль працавала ў музэі. Сёньня там чакалі загадчыка аддзелу культуры Мастоўскага райвыканкаму Ўладзімера Сьвістунова. Мэта — размова наконт далейшага лёсу Алеся Мікалаевіча: ці дазволяць яму яшчэ папрацаваць звычайным супрацоўнікам? Сёлета яму споўніцца 76 гадоў. Фармальная падстава для звальненьня з дырэктарскай пасады — пэнсійны век.

Музэй у Гудзевічах існуе з 1965 году, і ўвесь час адбываўся пошук новых экспанатаў. Алесь Белакоз заўжды ганарыўся гэтым.

(Белакоз: ) “У нас экспанатаў даволі многа. Асноўнага фонду 13763 экспанатаў. І ёсьць вельмі каштоўныя, якіх няма ў іншых музэях”.

Напрыклад, адзіны глёбус з надпісамі на беларускай мове якраз знаходзіцца ў Гудзевічах. Калісьці па ім вывучалі геаграфію навучэнцы віленскай Беларускай гімназіі.

Наведнікі музэю заўжды маглі пачуць ад Алеся Белакоза ня толькі зьвесткі пра экспанаты, але і ягоны роздум над беларускімі лёсамі.

(Белакоз: ) “Ведаеце, Ларыса Геніюш гаварыла так: што нас, напэўна, ратуе тое, што зьнішчалі нас ужо стагодзьдзямі, зьнішчалі ўсіх людзей рашучых, такіх, што адстойвалі свой народ, а заставаліся памяркоўныя, асьцярожныя. А ад асьцярожных нараджаліся асьцярожныя, і з гэтай прычыны ў нас і такі народ сёньня. Ну, ведаеце, дабрыні яго можна толькі дзівіцца. Бо хто б не прыехаў сюды, то гавораць: але ж людзі ў вас і гасьцінныя, і добрыя, і прыветныя... Але ж пры такіх драпежных суседзях можа і нам трэба быць трошку больш рашучымі, патрыятычнымі, настойлівымі?”
XS
SM
MD
LG