Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьлед Роналда Рэйгана ў гісторыі СССР і Беларусі


Альгерд Невяроўскі, Менск У дзень пахаваньня саракавога прэзыдэнта ЗША Роналда Рэйгана наш карэспандэнт задаў людзям на менскіх вуліцах пытаньне: “ Як паўплывала палітыка прэзыдэнта Рэйгана на лёс СССР і Беларусі?”

Адказы на гэтае пытаньне даюць у асноўным людзі сярэдняга і сталага веку, якія памятаюць гады кіраваньня Роналда Рэйгана і тое, якой тады была амэрыканская палітыка ў адносінах да СССР. Большасьць апытаных станоўча ацэньвае ролю Роналда Рэйгана ў гісторыі й ягоную палітыку адносна Савецкага Саюзу:

(Спадарыня: ) “На лёс Савецкага Саюзу? Напэўна, станоўча. Усё ж такі зь цягам часу сьцены, якія падзялялі нашыя краіны, былі разбураныя. Кантакты ўсталёўваліся паміж Савецкім Саюзам і Амэрыкай за часоў Рэйгана. А вось, у прыватнасьці, як паўплывала яго палітыка на лёс Беларусі, то я, напэўна, не адкажу на гэтае пытаньне. Шчыра кажу”.

(Спадар: ) “Тады яшчэ Беларусь не была самастойнай дзяржавай. Калі быў Савецкі Саюз, ва Ўладзівастоку сустракаліся Рэйган з Гарбачовым. І тады яны падпісалі сур’ёзны пакет дамоваў у справе бясьпекі, скарачэньня ўзбраеньняў і г.д. Я памятаю, што Рэйган першым аб’явіў, што Савецкі Саюз ёсьць “імпэрыяй зла”. Калі яго амэрыканскі народ двойчы абіраў, думаю, ён заслугоўваў гэтага. Прынамсі, нэгатыўных адносінаў да яго ў мяне няма”.

(Спадар: ) “Як на лёс паўплывала? Станоўча. У пляне стратэгічнай пэрспэктывы разьвіцьця ўсясьветнай цывілізацыі”.

(Спадар: ) “Ацэньваю добра. Адносіны тады былі нармальныя, калі ён быў пры ўладзе. Таму лічу — годны быў прэзыдэнт”.

(Пэнсіянэр: ) “Я лічу, вялікую ролю адыграла тое, што адбыўся распад Савецкага Саюзу. Бэрлінскі мур быў ліквідаваны таксама не без дапамогі Рэйгана”.

(Спадар: ) “На маю думку, Рэйган зрабіў першы і апошні штуршок, які разваліў імпэрыю. Калі не перабольшваць ролю асобы ў гісторыі я бы дадаў, што карэнным чынам усё зьмянілася”.

(Спадар: ) “Гэта ў любым выпадку вялікі чалавек. За яго кіраваньне зьмянілася эпоха, мы сталі жыць у іншым сьвеце. Ягоныя словы, што Савецкі Саюз — гэта “імпэрыя зла”. Можа, у чымсьці ён і меў рацыю”.

(Спадар: ) “Вельмі станоўча ацэньваю. Ён падштурхнуў наперад той увесь маразм, у якім мы жылі. А ў Беларусі яшчэ працягваем жыць. Мы не разумелі таго, што ён зрабіў”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што палітыка стала больш свабоднай. Таму, што з прыходам Рэйгана да ўлады і цягам ягонага кіраваньня становішча зьмянілася. Сьвет стаў больш адкрыты, і ўсё зьмянілася ў лепшы бок. І я сумую разам з амэрыканскім народам”.

Гэта былі меркаваньні людзей, што станоўча ацэньваюць палітыку саракавога прэзыдэнта ЗША. Значна менш сярод апытаных тых, хто адмоўна ацэньвае палітыку Роналда Рэйгана ў адносінах да СССР і Беларусі. Вось іхныя меркаваньні:

(Спадарыня: ) “Ён у змове з Гарбачовым разваліў наш Саюз. Я так лічу”.

(Спадар: ) “Адмоўна. Хаця б у тым сэнсе, што не хацеў спыніць вайну ў Аўганістане. Ён не хацеў выводзіць з Пакістану амэрыканскіх дарадцаў. Вайна бы скончылася значна раней. Ну, і “рэйганоміка”. У яго атрымалася напружыць вайскова-прамысловы комплекс Савецкага Саюзу. СССР збанкрутаваў, калі хацеў утрымаць узровень суадносінаў сілаў з ЗША”.

Так думаюць жыхары Менску, якія адмоўна ацэньваюць палітыку Роналда Рэйгана.
XS
SM
MD
LG