Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданьні й забараняюць незалежныя


Галіна Абакунчык, Менск Улады працягваюць наступ на незалежныя выданьні: чыноўнікі мясцовай вэртыкалі ў рэгіёнах Беларусі арганізоўваюць масавую падпіску на дзяржаўныя газэты і забараняюць распаўсюджваць незалежныя. Ад 1 траўня дзяржаўныя арганізацыі “Белпошта” і “Белсаюздрук” сталі манапалістамі на распаўсюд пэрыёдыкі. Адмыслоўцы перакананыя, што перасьлед незалежнага друку зьвязаны з хуткімі парлямэнцкімі й прэзыдэнцкімі выбарамі.

Цягам апошняй падпісной кампаніі кожны супрацоўнік гарадзкой пошты Пінску мусіў падпісаць людзей на 27 асобнікаў газэты “Советская Белоруссия”. Каму гэтага зрабіць не ўдавалася, у таго вылічвалі адпаведную суму з заробкаў — і паштарам заставалася толькі падпісваць аплачаныя квіткі на сваякоў, знаёмцаў ды суседзяў. Ліст пратэсту працоўны калектыў накіраваў кіраўніцтву “Белпошты”. Што з гэтага атрымалася? — пытаюся ў загадчыцы пошты Галіны Вольскай.

(Вольская: ) “Нам зьменшылі плян. Было на аднаго чалавека 27, а стала 10,трэба недзе 10 кліентаў знайсьці, каб падпісаць “Советскую Белоруссию”. А ўвогуле, на ўсе выданьні, якія кантралююцца, даводзіцца плян. Гэта “Звязда”, “Знамя юности”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Советская Белоруссия”, “Заря” і нашыя мясцовыя — “Полеский” і “Пинский вестник”, — паведаміла загадчыца гарадзкой пошты Пінску Галіна Вольская.

Таксама ў часе гэтай падпісной кампаніі слуцкім школьнікам забаранілі чытаць “Нашу Ніву”. Вось што ў інтэрвію Свабодзе паведаміла настаўніца беларускай мовы адной з гарадзкіх школаў Слуцку Тацяна Макавецкая:

(Макавецкая: ) “Усе школы выпісалі “Нашу Ніву”, і ў нашую яна таксама ішла. А затым нам забаранілі, бо не адпавядае ідэалёгіі беларускай дзяржавы і няма чаго яе чытаць настаўнікам і дзецям. Так усім школам забаранілі. Гэта ў гарадзкім аддзеле адукацыі вырашылі — нехта там дазнаўся, бо нехта данёс”.

Пра тое, што ў рэгіёнах краіны ўлады кантралююць падпісчыкаў незалежных выданьняў з мэтай запалохваньня людзей, вядома ня першы год, — кажа рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч. А вось як пракамэнтаваў гэтыя факты намесьнік рэдактара “Нашай Нівы” Андрэй Скурко:

(Скурко: ) “Даходзяць такія сыгналы, што абмяжоўваюць падпіску, каб потым сказаць, што, маўляў, людзі разабраліся і выпісваюць дзяржаўныя газэты, бо яны праўдзіва адлюстроўваюць інфармацыю. Гэта сьведчыць пра страх перад незалежнай прэсай ва ўлады, які ўзмацняецца па меры набліжэньня выбараў, і пра ўнутраную несвабоду нашага грамадзтва”.

Акрамя таго, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту аб ліцэнзаваньні, ад 1 траўня ўсе суб’екты гаспадараньня, якія займаюцца распаўсюдам пэрыёдыкі, мусяць мець на гэта адпаведную ліцэнзію. Аднак у такой ліцэнзіі было адмоўлена ўсім незалежным распаўсюднікам, і цяпер манапольнае права на дастаўку газэтаў маюць толькі дзяржаўныя “Белпошта” і “Белсаюздрук”. Вось як гэта пракамэнтавала камэрцыйны дырэктар “Белорусской деловой газеты” Любоў Вашкевіч:

(Вашкевіч: ) “Усім альтэрнатыўнікам адмовіць — гэта несур’ёзна і сьмешна. А калі гаварыць усур’ёз, то нават сорам такое пісаць: да першага траўня яны насілі газэты і з усім спраўляліся, а пасьля першага — ну ніяк. Проста перад парлямэнцкімі выбарамі ўсімі сродкамі зьнішчаюцца альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі”.

Паводле спадарыні Вашкевіч, у рэдакцыі “БДГ” перакананыя, што адмовіўшы ў ліцэнзіі на распаўсюд газэты, улады парушылі “Закон аб друку” — і гэта выдаўцы “БДГ” намерваюцца даказаць у судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG