Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія навукоўцы плянуюць зрабіць прышчэпку супраць раку, а брытанскія навукоўцы стварылі вірус, які зьнішчае ракавыя клеткі


Кастусь Бандарук, Прага

Прышчэпкі й вакцынацыя звычайна не асацыююцца з ракам, хутчэй з інфэкцыйнымі хваробамі, аднак іх можна пасьпяхова скарыстаць і ў барацьбе супраць рака, прычым ёсьць два спосабы выкарыстаньня вакцынацыі – лічыць прафэсар Алівэра Фін зь Пітсбурскага унівэрсытэту. Аб гэтым яна заявіла на Кангрэсе Амэрыканскага таварыства клінічнай анкалёгіі ў Новым Арлеане. Першы спосаб ужо цяпер ужываецца ў сучаснай мэдыцыне. Гэта прышчэпкі супраць мікраарганізмаў, якія спрыяюць некаторым відам раку, у прыватнасьці, раку шыйкі маткі. Другі спосаб пакуль знаходзіцца на этапе дасьледаваньняў, аднак будучыня за ім – ўпэўненая прафэсар Алівэра Фін.

Навукоўцы спрабуюць атакаваць хваробу з дапамогай прышчэпкі, якую спадзяюцца атрымаць з ракавых клетак узятых у пацыентаў. Прышчэпка мае падахвоціць імунную сыстэму да зьнішчэньня небясьпечных клетак. “Вакцына супраць раку павінна дзейнічаць гэтак, як і любая іншая вакцына, аднак яна будзе ўводзіцца тым, хто ўжо хворы, каб умацаваць імунную сыстэму хворага і заахвоціць імунную сыстэму да атакі і зьнішчэньня ракавых клетак”, – патлумачыла Эн Армстронг з Дасьледчага інстытуту ў Манчэстэры, Вялікая Брытанія.

Цяпер дасьледаваньне і распрацоўка прышчэпак супраць раку грудзей, страўніка, тоўстай кішкі, а таксама лейкеміі вядзецца ў 150 навуковых цэнтрах па ўсім сьвеце. На кангрэсе ў Новым Арлеане прафэсар Рамэш Раманатан з Пітсбурскага унівэрсытэту апісаў прышчэпку, якую ён стварыў на базе мадыфікаваных клетак падстраўнікавай залозы. Рак гэтага органу надзвычай небясьпечны, і часта не паддаецца лячэньню ні хіміятэрапіяй, ні радыятэрапіяй. У якасьці экспэрымэнту дванаццаць пацыентаў хворых на рак падстраўнікавай залозы атрымалі па тры ўколы з прышчэпкай, а праз шэсьць месяцаў яшчэ тры прышчэпкі. “Мы ня выявілі ніякіх пабочных эфэктаў, а ў чатырох чалавек пачалася рэакцыя імуннай сыстэмы, гэта значыць, што іхны арганізм распачаў барацьбу з ракам”, – паведаміў Рамэш Раманатан.

Яшчэ большыя спадзяваньні зьвязаныя з мэляномай, ракам скуры, які вельмі пашыраецца з прычыны “моды” на сонечны загар. Калі мэляному своечасова не выявіць, яна імгненна перакідаецца на амаль усе органы. Мэлянома адказная за чатыры пятыя ўсіх сьмерцяў, спрычыненых ракам скуры. Прафэсар анкалёгіі Дэйвід Бэрд з Унівэрсытэту Томаса Джэфэрсана ў Філядэльфіі паведаміў на кангрэсе анколягаў у Новым Арлеане, што ён стварыў прышчэпку супраць гэтага небясьпечнага віду раку. Бэрд скарыстаў ракавыя клеткі, узятыя ў пацыентаў, абясшкодзіў іх, каб яны не давалі перакідаў, а затым палову зь іх пазначыў хімічным мэтадам, каб імунная сыстэма чалавека магла іх распазнаць. Эфэктыўнасьць прышчэпкі прафэсар праверыў на 20 пацыентах, і станоўчы вынік яна дала ў 16 чалавек.

“Белыя крывяныя цельцы (лейкацыты) пад уплывам прышчэпкі пранікалі ў пухліну і пачыналі нішчыць ракавыя клеткі. У аднаго з пацыентаў пухліна зьменшылася на палову”, – сказаў прафэсар Бэрд.

Падобныя дасьледаваньні правёў Джон Кірвуд з Пітсбурскага унівэрсытэту. Ён увёў сваю прышчэпку 75 пацыентам з мэляномай у прасунутай стадыі, і ў траціны пацыентаў назіралася станоўчая рэакцыя імуннай сыстэмы. Аднак Кірвуд, гэтак сама, як і іншыя экспэрты, што прысутнічалі на кангрэсе ў Новым Арлеане, лічыць, што пакуль найлепшая абарона ад мэляномы – гэта як мага больш раньняя дыягностыка хваробы і неадкладнае выразаньне кавалкаў скуры разам з фрагмэнтамі здаровай скуры вакол мэляномы.

Пра пэўны посьпех на шляху барацьбы з ракам паведамілі таксама брытанскія навукоўцы. Спэцыялісты з Дасьледчага цэнтру раку стварылі вірус, які зьнішчае ракавыя клеткі, але ня шкодзіць здароўю.

Звычайна пасьля таго, як вірус трапіць у клетку, пашкоджаная клетка запускае працэс апаптозу (самагубства), каб прадухіліць далейшае пашырэньне вірусу на суседнія здаровыя клеткі. Гэта адзін з мэханізмаў, які дапамагае арганізму змагацца з заражэньнем. Аднак ёсьць вірусы, гены якіх дазваляюць ім пранікаць праз гэтую абарону. Такія вірусы як бы ня бачныя для клеткі. Адзін зь такіх нябачных вірусаў, так званы адэнавірус, быў скарыстаны ў гэтым экспэрымэнце брытанскіх вучоных.

Навукоўцы выдзелілі зь яго ген, адказны за “нябачнасьць”, і вірус перастаў быць небясьпечным для клетак. Аднак толькі для здаровых клетак. Рэч у тым, што ракавыя клеткі характарызуюцца тым, што яны няздольныя на самагубства, і гэты мэханізм абароны ад вірусаў у іх не працуе. Мадыфікаваны адэнавірус, як выясьнілася, адрозьніваецца ад свайго папярэдніка яшчэ хутчэйшымі тэмпамі размнажэньня. У выніку ён размнажаецца ў ракавай пухліне нагэтулькі актыўна, што зьнішчае клеткі знутры. Пры тлумачэньні гэтага эфэкту вучоныя ўжываюць тэрмін “выбух клеткі”. Пакуль гэты вірус быў пасьпяхова правераны толькі на розных ракавых клетках у прабірцы¸ а таксама на мышах. Клінічныя выпрабаваньні на людзях заплянаваныя на 2005 год.

Прафэсар Эн Армстронг лічыць, што ўжо ў недалёкай будучыні мэдыцына зможа пасьпяхова лечыць усе віды раку.
XS
SM
MD
LG