Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея шкадуе, што беларускія дэпутаты абралі формай пратэсту галадоўку


Юры Сьвірко, Менск Расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Блахін заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што нельга даводзіць сытуацыю да таго, каб хтосьці выказваў свой пратэст з дапамогай галадоўкі.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, чаму расейскі амбасадар у Менску не наведаў дэпутатаў-галадоўнікаў, як гэта зрабілі ягоныя калегі з ЗША і краінаў Эўразьвязу, і якую пазыцыю займае Расея наконт галадоўкі ў Беларусі, Аляксандар Блахін заявіў, што расейскія дэпутаты таксама маюць шмат патрабаваньняў да ўраду і спрабуюць дамагчыся іх выкананьня рознымі шляхамі.

(Блахін: ) “Лічу, што галадоўка — гэта скрайняя форма пратэсту і дамаганьня сваіх патрабаваньняў. І, вядома, мы шкадуем, што гэтыя дэпутаты абралі такую форму пратэсту. Нам здавалася, што такія рэчы было б больш мэтазгодна вырашаць усё ж такі ў парлямэнце шляхам пераконваньня іншых дэпутатаў і цывілізаваным шляхам галасаваць. Я ўвогуле не прыхільнік такіх скрайніх формаў пратэсту ў выглядзе галадовак і г.д. Іншая размова, што, напэўна, тут ёсьць і зваротны бок мэдаля — што, мабыць, нельга сытуацыю даводзіць да таго, каб у кагосьці паўставала жаданьне выказваць сваю форму пратэсту такім чынам”.

А на маё пытаньне, як ён ставіцца да патрабаваньняў дэпутатаў-галадоўнікаў зьмяніць Выбарчы кодэкс, расейскі амбасадар адказаў, што гэта ўнутраная справа Беларусі, і Масква ня можа дыктаваць беларускаму народу, які кодэкс ён мусіць прыняць. Аднак Аляксандар Блахін дадаў: “Мы за тое, каб выбарчыя законы адпавядалі дэмакратычнай працэдуры выбараў, каб выбары былі празрыстымі й справядлівымі”.

Раней амбасадар Блахін скардзіўся на непразрыстасьць канфіскацыі расейскіх тавараў, якія перавозяцца транзытам празь Беларусь, таму я спытаўся ў яго, якая сытуацыя цяпер і што зьменіцца пасьля 2 ліпеня, калі пачне дзейнічаць зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам новы парадак увозу тавараў у Беларусь фізычнымі асобамі.

(Блахін: ) “На жаль, пакуль мы ня можам канстатаваць паляпшэньня сытуацыі ў гэтым пытаньні, таму што канфіскат за першы квартал склаў 23,2 мільёна даляраў”.

Спадар Блахін памножыў гэтыя квартальныя лічбы на 4 і атрымаў 92 мільёны даляраў расейскага канфіскату, што, паводле яго, перавышае леташнія паказьнікі. Але ён сказаў, што ёсьць некаторая пазытыўная дынаміка, бо сёлета ў студзені ў расейцаў сканфіскавалі тавараў на суму больш за 10 мільёнаў даляраў, у лютым — на 6,7 мільёна, а ў сакавіку — на 6,5 мільёна. “Але ўсё адно ўзровень канфіскату досыць высокі”, — заявіў расейскі амбасадар.

Што да новых правілаў увозу й транзыту тавараў фізычнымі асобамі, якія пачнуць дзейнічаць у Беларусі 2 ліпеня, дык Аляксандар Блахін ня быў гатовы адказаць на пытаньне, як гэта паўплывае на паездкі расейцаў празь Беларусь. Амбасадар яшчэ ня ведае, ці трэба будзе плаціць жыхарам Калінінградзкай вобласьці за правоз тавараў на астатнюю тэрыторыю Расеі або назад, але спадар Блахін спадзяецца, што для калінінградцаў зробяць вынятак.

А на пытаньне, ці значыць падпісаньне кантракту з “Газпромам” тое, што Масква ўхваліла трэці тэрмін Аляксандра Лукашэнкі, расейскі амбасадар адказаў гэтак:

(Блахін: ) “Я думаю, што такая ацэнка ні на чым не грунтуецца ўвогуле”.
XS
SM
MD
LG