Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 11 і 12 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 11 і 12 чэрвеня.

Сёньня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Хвядосься. Як казалі ў народзе, “Хвядосься-каласяніца – жыта каласіцца”, гэта значыць, на збажыне зьяўляюцца каласкі. Жыта два тыдні зелянее, два тыдні каласіцца, два адцьвітае, два наліваецца, два падсыхае. Такі ў хлеба парадак высьпяваньня – усе стадыі па два тыдні.

11 чэрвеня 1718 году прыйшла на сьвет Саламея Пільштынова, у дзявоцтве Русецкая. Імя гэтай пісьменьніцы часта згадваюць сучасныя беларускія фэміністкі, бачачы ў ёй сваю далёкую папярэдніцу. Бурлівая і багатая на прыгоды біяграфія гэтай жанчыны сапраўды захапляе. Саламея нарадзілася ў Наваградчыне, а ўжо ў 14 гадоў патрапіла разам з мужам у Стамбул. Вывучылася на лекарку і, вярнуўшыся, мела мэдычную практыку ў Нясьвіжы. Вынікам яе падарожжаў сталася кніга “Авантуры майго жыцьця”, якую часьцяком называюць раманам.

11 чэрвеня 1923 году выйшла ў сьвет паэма Якуба Коласа “Новая зямля” – прызнаны нацыянальны эпас беларусаў. Паэма пачынаецца вядомымі кожнаму радкамі “Мой родны кут, як ты мне мілы” і распавядае пра пошукі сялянамі сваёй долі, што ўвасобілася ва ўласнай зямлі.

А зараз – пра каляндар заўтрашняе суботы.

12 чэрвеня ў Беларусі спрадвеку шанавалі Ісака. У фальклёрных запісах ёсьць такая прыкмета: «На Ісака адбываюцца зьмяіныя вясельлі».

12 чэрвеня – важная дата беларускай гісторыі. Менавіта 12 чэрвеня для нашых продкаў пачалася напалеонаўская вайна 1812 году. Беларусь перад тым была анэксаваная Расейскай імпэрыяй і ўваходжаньне войскаў Напалеона стала фактычным пачаткам ягонай вайны з Расеяй. Сцэнар, паводле якога разьвіваліся падзеі, падобны да пачатку гітлераўскае акупацыі. На сьвітанку 12 чэрвеня без абвяшчэньня вайны французы пераправіліся празь Нёман. Абарона расейскага войска абмяжоўвалася эпізадычнымі баямі. Імпэрыя адцягвала свае арміі на ўласна расейскую тэрыторыю для таго, каб захаваць іх і ўжо там даць французам рашучы адпор. Словам, калі напачатку мінулай вайны немцы прайшлі Беларусь за чатыры дні, дык ў напалеонаўскай кампаніі захоп расьцягнуўся на месяц. У адрозьненьне ад 2-й сусьветнай і ад фашыстоўскіх захопнікаў, у напалеонаўскім абозе было шмат беларусаў. Гісторыкі акцэнтуюць увагу на тым, што нашыя продкі ў 1812 годзе ваявалі і з расейскага, і з францускага бакоў.

Паводле іроніі календара менавіта ў дзень пачатку напалеонаўскага нашэсьця Расея адзначае свой Дзень незалежнасьці. У гэты дзень у 1990 годзе зьезд народных дэпутатаў РСФСР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Расеі.

І яшчэ адна беларуская дата. 12 чэрвеня 1934 году, 70 гадоў таму, у Менску быў урачыста адкрыты стадыён “Дынама”. Вядомы ўсім будынак на вуліцы Кірава чакаў няпросты лёс. Ужо праз 5 гадоў ён быў рэканструяваны, у часе вайны разбураны, пасьля збудаваны нанова.
XS
SM
MD
LG