Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Водгукі слухачоў - 10 чэрвеня


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Алена Канстанцінаўна: ) “Вельмі шаноўная Свабода, добры дзень! Да вас зьвяртаецца вэтэран пэдагагічнай працы Алена Канстанцінаўна. Немагчыма знайсьці адпаведных слоў, каб выказаць абурэньне гэтая нялюдзкай злачыннай уладзе, якая вымушае ахвяраваць здароўем, можа і сваім жыцьцём, такіх вядомых і паважаных сыноў бацькаўшчыны як генэрал Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч. Яны абаранялі гонар Беларусі на міжнародных спаборніцтвах, выхоўвалі сапраўдных патрыётаў радзімы і зараз змагаюцца не за свае крэслы ў парлямэнце, ім хапае заробкаў, яны хочуць выцягнуць з жабрацтва тых, хто ўжо не спадзяецца на абяцанкі заслужанага гіпнатызёра, усім вядома яго пасада. Менавіта з-за ягонага бязглуздага кіраваньня дзяржавай, дэпутаты галадуюць, лепшыя, разумнейшыя беларусы імігруюць, ці плацяць шалёныя штрафы за тое, што размаўляюць на роднай мове. А што ўзяць з гэтага ленінца, кухаркінага сына, што з гразі ў князі? Сорамна за тых, хто сядзіць у авальнай залі, хаваючыся ад непрадказальнасьці свайго гаспадара, які можа ў любы момант на любога свайго вернападданага раба загадаць завесьці крымінальную справу або надзець наручнікі перад тэлекамэрай, уводзячы ў даверлівыя вушы электарату, што гэта злачынцы, злодзеі і г.д. І сядзяць, як мышы пад венікам, гэтыя слугі народу ў сваіх мяккіх крэслах, атрымліваючы незаслужаныя льготы ды міністэрскія заробкі. Іх рабская сутнасьць перамагла чалавечую годнасьць. Ці можа я памыляюся?”

(Спадар: ) “Калі ў Вялікабрытаніі ў часы Маргарэт Тэтчэр таксама спрабавалі галадоўнікі аб’явіцца, дык яны памерлі ад голаду, і ніхто ім нічога не сказаў, гэтым дэмакратам у Вялікабрытаніі. Вырашылі, што так і трэба: хочуць паміраць, хай паміраюць. І нашыя хай бы памерлі, гэтыя галадоўнікі, якія лезуць да ўлады. Вось аддай ім гэтую ўладу, а яны тады ўжо тут нашкодзяць, што хочуць. Вось мая думка такая”.

(Віктар Пятровіч, жыхар Гомельскай вобласьці: ) “Хачу адказаць на вашае пытаньне. Галадоўка скончыцца тым, што гэта стане пачаткам краху рэжыму Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў: Шэймана, Козіка, Тозіка і іншых. Дзякуй за ўвагу”.

(Іван Карпавіч:) “Дзякуй Свабодзе, што можна вам пазваніць і выказаць сваё меркаваньне. Я слухаю Свабоду 50 год, раней пад падушкай, каб не пачулі суседзі ў агульнай камуналцы. А зараз ужо вольна слухаю.

Я хачу выразіць падзяку дэпутатам Вярхоўнага Савету, якія прынялі рашэньне аб галадоўцы, і падтрымаць іх у цяжкую хвіліну. Гэта мужныя людзі, якія маглі праявіць сябе ў такі крытычны момант, калі ў нас дыктатар у кіраўніцтве. Я толькі за іх хварэю. Дай Бог ім здароўя. І каб не было тых самых вынікаў, як з Ганчаром, Карпенкам і іншых спадароў, якія зьніклі. Хай сочаць за сабой і не паддаюцца ніякай правакацыі з боку лукашэнкаўскіх выканаўцаў, бо гэта іхная праца”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! На пытаньне, які вынік будзе дасягнуты дэпутатамі Валерам Парфяновічам, Сяргеям Скрабцом і Фраловым пасьля іхнай галадоўкі. Самы галоўны іх подзьвіг у тым, што яны пабудзілі частку народу ад бальшавіцкай сьпячкі.

Другі вынік, што сьвет убачыў на практыцы, што ў Беларусі самая страшная дыктатура, ад якой можна вызваліцца толькі фізычна, перакананьняў яны не разумеюць.

Трэці вынік заключаецца ў тым. Што народ упэўніўся, што Палата – гэта бальшавіцкія стаўленьнікі, для якіх нічога сьвятога няма, і яны гатовыя за капейку прадаць родную маці, толькі б ім было добра.

Пазьняк меў рацыю: бяз зьмены Выбарчага закону на выбары ісьці ня трэба, усё роўна будзе падман.

Вялікая да вас просьба. Не пераступіць момант галадоўкі. Паберажыце сваё здароўе. Вы беларускаму народу патрэбныя здаровыя. Гэтым самым сільна папсуеце настрой бальшавікам. А для ўсяго беларускага народу гэта будзе радасьцю. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы Свабода! Інфармацыя пра Аксану Новікаву мяне проста зьдзівіла. Ведаеце што, я, канечне, “за” дэмакратычны зьмены, я, канечне, “за” тое, каб мы, беларусы, жылі ў добрай краіне, я, канечне, “за” тых людзей, якія змагаюцца, я, канечне, цалкам падтрымліваю, пры кожнай магчымасьці іду разам зь імі, але тое, што зрабіла Аксана Новікава, у мяне, у хрысьціяніна, у галаве не ўкладаецца. Чалавек зьдзейсьніў гэты ўчынак, атрымаў ужо аднойчы папярэджаньне ад Бога, а не ад суда, і зноў ідзе на гэта, бо ён пагрэбаваў сваім трохгадовым дзіцём. А зараз яна гаворыць пра тое: “А што будзе зь ім?” Мілая мая, а што ты думала пра гэта, бо тваё дзіця, мезенец гэтага дзіцяці значна вышэйшы па каштоўнасьці за любога Лукашэнку! Што ж ты зрабіла, жанчына! Дзякуй”.

(Пашковіч Васіль Міхайлавіч: ) “Я схіляю галаву перад мужнасьцю дэпутатаў і другіх галадоўнікаў. Хоць відавочных вынікаў галадоўка ня дасьць, бо ніводны дыктатарскі рэжым не зважаў на галадоўку, ні адзін мужны ўчынак у абарону свабоды і дэмакратыі не бывае марным. Гэты акт пакажа, хто ў нашым парлямэнце ёсьць хто, і што гэта ўвогуле такое. Ён разбудзіць большасьць удзельнікаў усеаагульнага страйку і, ня дай Бог, паўстаньня. Дзякуй за ўвагу”.

8. (Алесь Ластоўскі: )

“Волатам духу – слава.

Каб зь цябе, Беларусь, неяк выбавіць бруд Незвычайны патрэбен адно, мусіць, – цуд. І вось раптам, зь нябёс бы тых, – багатыры, ні адзін і ні два, а агулам аж тры! На пачатак пакуль, ну па крайней хоць меры: Уладзімер, Сяргей, і Фралоў наш Валеры. Падстаўляць сябе на алтар Беларусі, Каб спыніць беззаконьне рэжым наш прымусіць. Без віны не кідаў каб нас цынік за краты, Галаву падымайце вышэй, дэмакраты! Галадоўка – сур’ёзны народны пратэст, Адначасна на мужнасьць ёсьць знакавы тэст. Падтрымаем жа Волатаў мужных усіх І маральна, і справай, малітвай за іх!”
XS
SM
MD
LG