Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водгукі слухачоў - 7 чэрвеня


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Міхаіл Лусевіч: ) “Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якому вельмі хочацца, каб краіна была дэмакратычнай, беларускай, свабоднай, незалежнай, я безумоўна падтрымліваю кожнага, хто змагаецца за гэта, хто робіць свой унёсак у гэтую справу. Аднак я ня бачу асаблівага плёну ў тых галадоўках, якую зараз аб’явілі нашыя тры дэпутаты. Справа ў тым, што пакуль ня будзе сапраўды выходзіць увесь народ, прынамсі большасьць яго, плёну ад гэтага будзе мала.

Сёньня я прыйшоў у “Прыёрбанк” г. Ліды, каб укласьці свае сродкі, каб яны ляжалі ў банку. І запытаў у кабеты, якая там працуе, адно простае пытаньне: якія гарантыі дае банк. І яна мне адказала: “Прэзыдэнт”. Гэта ў хрысьціянскай краіне, гэта ў нашай краіне Беларусі, аказваецца толькі прэзыдэнт можа даць гарантыі той чалавек, які сам пагарджае законы на кожным кроку, а нас гэта, прабачце, на сёньняшні момант мала хвалюе”.

(Тамара Паўлаўна, Горкі: ) “Прозьвішча называць ня буду, бо самі ведаеце, якое “бязьмежжа” адбываецца ў нашай краіне. Ад усей душы падтрымліваю галадоўшчыкаў. Жадаю ім усяго добрага, здароўя, каб яны пратрымаліся, каб яны не напужаліся і не паддаліся гэтаму варварскаму рэжыму. Таму што ў Беларусі трэба ўсё мяняць і пачынаць трэба з Лукашэнкі.

Нават у нас у Горках бязьмежжа, якое ідзе ад старшыні райвыканкаму. І ўсё: усе баяцца, ніхто нічога ня можа зрабіць. Каб вы прыехалі да нас і глянулі, як праходзіць у нас рэарганізацыя харчовага гандлю, колькі людзей застаюцца бяз працы, колькі дрэннага зараз адбываецца… І таму надзея толькі на дэпутатаў, на апазыцыю, якія можа неяк паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі, каб нейкія зьмены адбыліся”.

(Спадар: ) “Любую ініцыятыву ў барацьбе з дыктатурай Лукашэнкі трэба вітаць, у тым ліку і галадоўку сумленных дэпутатаў фракцыі “Рэспубліка”. Галадоўка абмежаваная часам і пагражае здароўю добрым людзям. Але дзе яны гэтыя галадоўшчыкі? Яны перамяшчаюцца і нават пазнаёміцца зь імі, паціснуць іх рукі, падтрымаць словам ці нейкім дзеяньням немагчыма. Пратэст мужных дэпутатаў павінен згуляць ролю каменя, які выкліка камняпад у гарах. Падтрымка галадоўшчыкаў – абавязак кожнага сумленнага беларуса. За лепшае жыцьцё трэба змагацца кожнаму жыхару Рэспублікі Беларусь, а не чакаць ад уладаў нейкіх палёгкаў ці паляпшэньняў”.

(Кавалёва, Менск: ) “Слухала вашу перадачу і пачула групу “Рэспубліка”. Дзякуй гэтым людзям, якія так дбаюць пра нашую Беларусь. Гэта сапраўдныя патрыёты: і Фралоў, і Скрабец, і Парфяновіч. Але прашу іх доўга не галадаць. Гэта ж шкодна для здароўя. Такія людзі, як яны, нам патрэбныя жывыя і здаровыя. Хай яны жывуць доўга і плённа працуюць на нашую Беларусь, каб у парлямэнце было як мага больш прыхільнікаў.

А вось такіх, як Вольга Абрамава нам ня трэба. Яна нават гаварыць на нашай мове ня можа, яна размаўляе на чужой нам, расейскай мове. І няхай не спасылаецца Абрамава на двухмоўе. У Беларусі мова беларуская, а Абрамава нам чужая. Я кожны дзень малюся за нашых сапраўдных патрыётаў, змагароў за свабодную і незалежную Беларусь. Будзьце, змагары, заўсёды здаровыя! І каб вашыя і нашыя мары зьдзейсьніліся, каб Беларусь стала хутчэй вольнаю і свабоднаю! За свабодныя справядлівыя выбары ў Беларусі!”

(Спадар: ) “Ганна Соусь кажа то загінулі, то былі забітыя. Дык вось, яны не загінулі, бо загінуць можна ад нейкай катастрофы ці навадненьня, а студэнты былі забітыя кітайскімі спэцслужбамі. Гэта па-першае.

Па-другое, жадаю перамогі тым, хто аб’явіў галадоўку, таму што яны адно кажуць усім: мы ня быдла, мы не савецкае быдла, якое можна гнаць на дэманстрацыі пад гармошку ці пад аркестар і потым на выбары і гэтак далей. А мы – беларусы – народ! І трэба змагацца за сваю свабоду, за сваю дэмакратыю і за сваю Канстытуцыю і права, тыя, што існуюць зараз у Эўропе, таму што мы эўрапейская дзяржава”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Хачу выразіць шчырую падзяку Фралову, Скрабцу і Парфяновічу за іхную мужнасьць, сьмеласьць што яны пайшлі абараняць нашую рэспубліку і нашых людзей. Посьпехаў ім, здароўя і мужнасьці! Каб яны абаранілі ад рэфэрэндуму і не дапусьцілі Лукашэнку да трэцяга тэрміну. Ён два гады, мы ўсе ведаем, сабе прыплюсаваў. Лукашэнка нашая хвароба”.

(Спадар: ) “Перш за ўсё хацеў бы падзякаваць вам за сёньняшнюю праграму. Інфармацыя апэратыўная, сучасная. Вось як захапіла мяне сёньняшняя інфармацыя, дык я нават ня выйшаў, тут і фізычную зарадку рабіў. Усё добра! Ня толькі інфармацыя пра тых, хто галадоўку аб’явіў, але і міжнародная, і мэдычная, і апошняя пра музычны фэстываль –усё гэта так дапоўніла адно другое. І з такім добрым зарадам у душы і ў сэрцы іду сёньня ў жыцьцё. Дзякуй вам яшчэ раз. Посьпехаў вам!”

(Спадарыня: ) “Дазвольце выказаць словы ўдзячнасьці і захапленьня нашым адважным дэпутатам: Фралову, Скрабцу і Парфяновчу, і тым, хто да іх далучыўся, за іх адвагу і мужнасьць у абарону радзімы. Хай ведаюць тыя, хто дзеля асабістай выгады і дыямэнтаў для сваіх жонак здраджваюць народу, забыўшыся пра свае карані; згубіўшы сумленьне ня бачаць, як стогне народ, да якой галечы даведзены. Колькі ж можна чакаць ад гэтай улады паляпшэньня! Чакаем ужо 10 гадоў. Так і жыцьцё пройдзе – не дачакаемся. Хай ведаюць, што сярод беларусаў заўсёды знойдуцца верныя сыны і дочкі, якія не дадуць радзіму ў крыўду”.

(Спадар: ) “Падзеі, зьвязаныя з галадоўкай дэпутатаў “Рэспубліка”, добра высьвечваюць тых іншых дэпутатаў, якія складаюць большасьць нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Чаму гэтая дэпутацкая большасьць верна служыць антынароднаму рэжыму Лукашэнкі? – Таму што гэта прыстасаванцы, кар’ерысты, якім непатрэбны ні дабрабыт Беларусі, ні яе росквіт. Яны служаць дыктатару, які дае кожнаму зь іх заробак міністра. Іх купілі. Іх могуць і прадаць, як лялькі. Яны спраўна выконваюць ролю служак рэжыму”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Паслухаў сёньня ўважліва “Праскі акцэнт” з дэпутатамі, якія аб’явілі галадоўку. У мяне адно пытаньне да спадароў Фралова, Скрабца і Парфяновіча. Валер Фралоў заявіў, што ён гатовы прабачыць Лукашэнку, адпусьціць яго на ўсе чатыры бакі, абы толькі зьехаў чалавек і ня варта яго трымаць дзеля будучага краіны. Але ў мяне складваецца такое меркаваньне, што дазвол на такую рэч яшчэ ніхто не даваў з той часткі насельніцтва, якая змагаецца з гэтай самай дыктатурай, якая робіць усё магчымае, бо, прабачце, спадар Фралоў, а як тады быць з генэралам Захаранкам, які загінуў першы ў змаганьні з гэтай дыктатурай, як быць тады з дэпутатам Ганчаром, як быць з прадпрымальнікам Красоўскім, з тэлежурналістам Завадзкім, зь іхнымі сем’ямі, як быць з тымі сотнямі мільёнаў даляраў, якія, прабачце мяне, спадар Лукашэнка зарабіў на Беларусі? Сільна лёгкае жаданьне ў вас: “хай едзе на ўсе чатыры бакі”. Я асабіста не гатовы паціскаць яму руку на разьвітаньне ля трапа прэзыдэнцкага самалёта”.

(Жыхар Менску: ) “Вы пытаецеся, чым можа скончыцца лёс Парфяновіча, Фралова і Скрабца. Ну няўжо не разумееце, што іх лёс чакае лёс Захаранкі, Ганчара і іншых. У гэтага ж рэжыму беларускай рэзэрвацыі няма нічога чалавечага”.

(Спадар: ) “Пачуў у ранішнім жывым эфіру пра галадоўку. Цікава было даведацца, што сярод галадоўшчыкаў прысутнічае Сяргей Скрабец. Нават калі яны не даб’юцца сваёй мэты, то думаю ніхто ім нічога дрэннага ня скажа. А так ёсьць пагроза іхняму здароўю, а таксам рэальна пагражае арышт. Тым ня менш, я спадзяюся, што ўсё скончыцца пасьпяхова”.

(Спадар: ) “Цяжка спрагназаваць, чым скончыцца галадоўка сумленных дэпутатаў, патрыётаў Беларусі. Настроены яны ісьці да канца, нават да сьмерці. Але сьмерці дапусьціць нельга. Таму павінна прабудзіцца беларуская грамадзкасьць, эўрапейскія структуры, каб дапамагчы атрымаць перамогу: зьмяніць Выбарчы кодэкс, вызваліць Марыніча і не дапусьціць трэцяга тэрміну для дыктатара”.

(Спадар: ) “На пытаньне тыдня пра галадоўку дэпутатаў хачу сказаць наступнае. Гэта прыгожы PR-ход. Тэрмін дэпутацтва сканчваецца і неабходна, каб тваё прозьвішча было на слыху. Чаму я зрабіў такі вынік? – Чаму гэтую акцыю-галадоўку дэпутаты не зрабілі хаця б год таму, калі сапраўды гэтай галадоўкай магчыма было б чаго-небудзь дамагчыся? А так, калі засталося два паседжаньня прадстаўнікоў, то, канечне, нічога ня зробіш, а калі ты галадаў, то будзеш героям для народу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG