Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ланцуг неабыякавых чытачоў” насупраць рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі – сотні чытачоў выйшлі на плошчу падтрымаць газэту “Народная воля”


Юры Сьвірко, Менск У чацьвер увечары на Кастрычніцкай плошчы Менску насупраць рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі прайшоў “ланцуг неабыякавых чытачоў” – так называлася акцыя, мэтай якой было падтрымаць адзіную ў Беларусі недзяржаўную штодзённую газэту “Народная воля”.

Нагадаем, што суд спагнаў з “Народнай волі” 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральных стратаў на карысьць былога старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, які знаходзіцца цяпер у сьледчым ізалятары КГБ. 31 траўня калегія грамадзянскіх справаў Вярхоўнага суду Беларусі пакінула бязь зьменаў рашэньне спагнаць з “Народнай волі” суму, якая перавышае 23 тысячы даляраў, што ставіць пад сумнеў пэрспэктывы выданьня.

А шостай гадзіне вечара каля 300 чалавек сталі ланцугом уздоўж праспэкту Скарыны, трымаючы ў руках асобнікі газэты “Народная воля”. Яны занялі ўсю даўжыню Кастрычніцкай плошчы паміж выхадамі з мэтро ў розныя бакі.

Насупраць, бліжэй да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, стаяў яшчэ адзін ланцуг зь некалькіх дзясяткаў міліцыянтаў – такога раней падчас “ланцугоў неабыякавых людзей” не назіралася.

Адна з прыхільніц “Народнай волі” прыйшла на акцыю зь вялізным букетам рамонкаў і раздала іх удзельнікам “ланцугу неабыякавых чытачоў”.

На плошчу прыйшлі паэты Ніл Гілевіч і Алесь Пашкевіч, палітыкі Мікола Статкевіч і Юрась Хадыка, ды шмат іншых асобаў. Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка патэлефанаваў зь літоўска-беларускай мяжы й сказаў, што кіраўнікоў Народнай кааліцыі “5+“ надоўга затрымалі ў пункце пропуску “Каменны Лог”, таму яны не пасьпелі вярнуцца зь Вільні, каб узяць удзел у акцыі ў Менску.

Арганізатары ланцугу зьвярнулі ўвагу, што сярод першых на плошчу прыйшла родная сястра старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, хаця менавіта гэты суд пакінуў у сіле рашэньне спагнаць з “Народнай волі” 50 мільёнаў рублёў. У ланцугу стаяў і былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык.

У ланцугу стаяў і былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык, які сказаў Радыё Свабода:

(Ганчарык: ) “Я падпісчык гэтай газэты. І як грамадзяніну патрэбна салідарнасьць выказаць. Гэта несправядліва ўсё ж такі. Ня вельмі зразумела, чаму гэтая справа паўстала ў судзе. А па-другое, сума вельмі неадэкватная таму матэрыялу, які быў апублікаваны. Гэта адна з газэтаў апошніх, якая засталася як подых такога сьвежага паветра. Хаця апошнім часам трэба Сярэдзічу, каб крыху больш зубы паказваў, не палохаўся”.

Галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч абышоў увесь ланцуг, які стаяў роўна гадзіну і на піку налічваў 400 чалавек, каб асабіста паціснуць руку кожнаму ўдзельніку акцыі.

(Сярэдзіч: ) “Вы ведаеце, гэта ня проста цеплыня рукі кожнага нашага чытача, а гэта такая моцная падтрымка, якую ты можаш на 10 гадоў наперад нават закінуць і будзеш адчуваць кожны дзень. (чытачцы:) Дайце пацісну Вам руку”.

(Чытачка: ) “Я са Слуцкага раёну”.

(Сярэдзіч: ) “Во, бачыце! Са Слуцкага раёну!”

(Карэспандэнт: ) “Нейкія шанцы ёсьць, што гэты штраф не давядзецца выплачваць?”

(Сярэдзіч: ) “Справа ў тым, што штраф можна выплачваць тады, калі ты ў нечым вінаваты. А калі рашэньне суду несправядлівае, дык пра які штраф можна наогул гаварыць? Таму спадар Рыбакоў калі нешта і атрымае ад маіх чытачоў, ад “Народнай волі” і ад мяне асабіста, дык гэта мяшок сухіх сухароў”.

Тым часам былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі сядзеў у камэры сьледчага ізалятару КГБ, што знаходзіцца за два кварталы ад Кастрычніцкай плошчы. Я зьвярнуўся да ўдзельнікаў ланцугу з просьбай распавесьці, чаму яны выйшлі на плошчу.

(Студэнтка: ) “Мы ня згодныя з рашэньнем суду пра тое, што “Народная воля” павінна заплаціць такі штраф. Я лічу, што проста нерэальна ў нашай краіне зарабіць такія грошы, заплаціць нават калі ты гэтага жадаеш. Гэта адна з тых газэтаў, якая сапраўды даюць глыток вольнага, свабоднага слова”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я чытачка газэты, і я абураная ўсім гэтым становішчам. Я наогул хаджу на ўсе акцыі. Я не магу жыць інакш. Не дапаможа гэты раз – дапаможа другі раз. А мы будзем хадзіць. Вы што, ня верыце, што дапаможа – хоць некалі? Трэба верыць! А інакш як жа жыць?”

(Студэнт: ) “А я ўвогуле не прызнаю суд як афіцыйную дзяржаўную ўстанову ды ўсе астатнія лукашэнкаўскія ўстановы пасьля перавароту 1996 году. Таму чаго было чакаць – раней ці пазьней гэта ўсё павінна было адбыцца. І толькі пытаньне зараз, колькі людзей будуць змагацца. Сёньня, дзякуй Богу, народу шмат – значна болей, чым на звычайных ланцугах неабыякавых людзей. Так што й шанец ёсьць”.

(Чытачка: ) “Мая газэта! Я ж яе кожны дзень чытаю. Як жа безь яе жыць? І навіны ж я ня буду ведаць. Трэба абавязкова падтрымаць гэтую газэту. І нейкі парадокс: чалавек у турме, ён жа сядзіць за хабар – і тут такія грошы штрафу. Газэта ж, зразумела, ня можа вытрымаць такога ціску. А калі яе закрыюць – дык лічы й Беларусь закрыюць. Будзе Паўночная Карэя тая, будзем траву есьці й будзем маўчаць. Бо няма ж больш другой газэты, каб кожны дзень выходзіла. Гэта ж адна надзея. Ну яшчэ Радыё Свабода”.

У ланцугу стаяла і Марына Коктыш, аўтарка таго самага матэрыялу, з прычыны якога з “Народнай воляй” судзіўся Ягор Рыбакоў. Хаця ёй асабіста зьменшылі суму выплаты кампэнсацыі маральных стратаў спадару Рыбакову да 1 мільёна рублёў, гэта для спадарыні Коктыш таксама вялікія грошы. Ці будзе яна плаціць?

(Коктыш: ) “Пакуль буду змагацца. Пакуль да мяне не прыходзілі судовыя выканаўцы. Пакуль, наколькі мне вядома, прысуд не ўступіў у законную сілу. І таму будзем скардзіцца, у тым ліку генпракурору й старшыню Вярхоўнага суду”.

(Карэспандэнт: ) “Ці такія акцыі даюць нейкі плён?”

(Коктыш: ) “Безумоўна. Калі адчуваеш за сваімі плячыма падтрымку, гэта заўсёды прыемна. Паглядзім, як гэтая акцыя паўплывае на тых судзьдзяў, што выносілі нам прысуд”.
XS
SM
MD
LG