Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-канфэрэнцыя з галадоўнікамі – дэпутаты адказваюць на пытаньні слухачоў Свабоды [поўны тэкст]


RFE/RL Дэпутаты парлямэнцкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец адказваюць на пытаньні наведнікаў вэбсайту і слухачоў Радыё Свабода.

(Шэін Зьміцер, Менск) “Пытаньне дэпутатам групы “Рэспубліка”. Ці можна назваць Палату прадстаўнікоў, дэпутатамі якой вы зьяўляецеся, сапраўдным паўнавартасным парлямэнтам? Дзякуй.”

(Парфяновіч: ) “Думаю, што назваць нас парлямэнтам нельга. Я сёлета быў у Сэнаце Злучаных Штатаў і даведаўся, што у кабінэтах забаронена мець партрэты прэзыдэнта. Ведаеце, чаму? Таму, што ніякая іншая ўлада ня можа ціснуць на парлямэнт, на заканадаўчую ўладу. Я ўпэўнены, што і ў беларускім парлямэнце непатрэбна мець партрэтаў прэзыдэнта. Не таму, што сёньня гэта Лукашэнка, а таму што павінна быць незалежная заканадаўчая ўлада”.

(Скрабец: ) “Канечне, не. У нас дэпутаты ня могуць адстаяць нават свае правы, не выконваецца закон аб статусе дэпутата. Гэта адбываецца штодзённа, у нашым жыцьці, у законатворчасьці”.

(Фралоў: ) “Парлямэнт да гэтага часу не прыняў закон аб Нацыянальным сходзе. Чаму? Таму, што ідуць сыгналы з Адміністрацыі прэзыдэнта – прымаць ня трэба. Калі яго разглядаюць, дык там такія невялічкія правы ў нас, што кожны дэпутат адчувае сябе пешкай”.

***

(Спадар: ) “Па-першае, дзякуй за тое, што гаворыце па-беларуску. Па-другое, дзякуй, што сьмела называеце рэчы сваімі імёнамі – маю на ўвазе лёзунг "Не дамо Лукашэнку ўкрасьці дзяржаўную ўладу!" Гэта вельмі важна, бо, я ўпэўнены, бальшыня людзей у Беларусі – сумленныя і ў суседа куска хлеба не ўкрадуць. А тут бальшыня мусіць не ўяўляе, што такія "выбары", якія праводзіць Лукашэнка – гэта крадзёж, злачынства. І кожны, хто галасуе за Лукашэнку – злодзей! Кожны, хто падтасоўвае вынікі выбараў – злодзей! Трэба ўсім гэта растлумачыць – тады пераможам. Ці магчыма ўсім растлумачыць?”

(Парфяновіч: ) “Мы павінны гэта зрабіць”.

(Скрабец: ) “Чаму людзі не хочуць ісьці на выбары? Таму, што яны ня вераць, што іхны голас будзе ўлічаны. У Лідзе на папярэдніх выбарах галасаваў толькі 51% выбарцаў. А каб улада не прымушала, дык, мабыць, і 20% не было б. Мы хочам, каб людзі нарэшце паверылі, што іхныя галасы абавязкова будуць улічаныя. І мы гэта робім зараз”.

(Парфяновіч: ) “Я хачу дадаць, што людзі мусяць зразумець, што іх голас будзе ня толькі ўлічаны, але і мець важкасьць пры прыняцьці законаў праз сваіх дэпутатаў. Сёньня такога няма, яны не карыстаюцца гэтым сваім правам. Таму людзі і ня вераць уладзе”.

(Фралоў: ) “Мае сябры фактычна ўсё сказалі. Але мне вельмі не падабаецца, калі нехта лічыць, што кожны, хто галасуе за Лукашэнку, абавязкова злодзей. Чаму так? Ёсьць людзі, якія шчыра вераць, што ён добра кіруе дзяржавай. Гэта іх права. І калі так ставіць пытаньне, дык якія ж мы тады дэмакраты?”

***

(Баляслаў, Менск: ) “Ну выставяць ваша пытаньне на галасаваньне, ну прагаласуе "палатка" супраць, і што вы будзеце рабіць? Спыніце галадоўку? А сэнс?”

(Парфяновіч: ) “На сёньняшні дзень, як прагаласуе палата, ня мае ніякага значэньня, закон проста не пасьпее быць прыняты – ня хопіць часу. Тады навошта мы галадуем? Каб паказаць людзям, як крадуць іх галасы. Калі спыняць такі крадзеж, людзі будуць нам вельмі ўдзячныя за нашую справу і за тое, што мы расплюшчылі ім вочы”.

(Скрабец: ) “Мы хацелі б прыцягнуць увагу людзей, якія пойдуць сёлета галасаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Мы хочам, каб яны прагаласавалі менавіта за тых кандыдатаў, якія не пабаяцца адстойваць іхныя інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў”.

***

(Lubomir Gombos: ) “Pytańni da deputataŭ Pałaty pradstaŭnikoŭ. Ci na Vaš pohlad jość mahčymaść, kab da Vas dałučylisia jašče i inšyja deputaty? Ci jość jakaja padtrymka da vašych patrabavańniaŭ z boku kalehaŭ-deputataŭ?”

(Парфяновіч: ) “Дэпутаты цяпер думаюць пра сваё ўладкаваньне. У Палаце засталося працаваць вельмі мала – тры тыдні. А партфэль – гэта вельмі важкая штука, ад якой вельмі цяжка адмовіцца, таму што трэба карміць сям’ю і гэтак далей. Але я спадзяюся, што ў некаторых нашых калег яшчэ засталося крышачку сумленьня”.

(Скрабец: ) “Далучацца да нашай галадоўкі дэпутаты ня будуць. Гэта зразумела. Тут ёсьць некалькі прычын. Што на сёньняшні час дэпутаты робяць у парлямэнце? Нічога. Вось яны і спадзяюцца, што за сваю лаяльнасьць да ўлады ім дапамогуць абрацца і на наступны тэрмін: каму – на другі, каму – на трэці, а каму – і на чацьверты. І зноў будзе магчымасьць атрымліваць мільён рублёў на месяц і нічога не рабіць. Ня трэба ехаць у акругу, працаваць зь людзьмі, прымаць законы. Дастаткова раз на месяц папрысутнічаць на плянарным паседжаньні, атрымліваць грошы, кватэры, дачы, партфэлі, ордэны, граматы. А кіраўніцтва Палаты зацікаўлена толькі ў тым, каб дэпутаты не перашкаджалі Адміністрацыі прэзыдэнта”.

***

(Lubomir Gombos: ) “Čamu Vy vyrašyli namahacca vyrašać hetuju prablemu šlacham haładoŭki? Heta ž jość niezvyčajny metad palityčnaj baraćby, jakim karystajucca tolki ŭ vypadku, kali niama inšych srodkaŭ. Uspomnim, naprykład, Handhi, jaki pačaŭ haładavać za ŭsieahulnuju vybarčuju systemu dla siabraŭ usich kast. Lubomir Gombos, Čechija”

(Парфяновіч: ) “Наколькі я ведаю, Гандзі пачаў галадаваць не з прычыны справядлівых выбараў, а за незалежнасьць Індыі. І людзі пабачылі ў гэтым яго сілу, пераканаліся, што краіна павінна быць незалежнай. І мы павінныя быць незалежнымі. Гэта самае галоўнае, што ў нас ёсьць на сёньняшні дзень”.

(Скрабец: ) “Мы ведаем, што галадоўка – гэта самая крайняя мера, але мы ўсё, што маглі зрабіць, перапробвалі ў Палаце прадстаўнікоў. Паверце, усё. Не аднойчы зьвярталіся і да Папова, і да Канаплёва. Але гэта ўсё нагадвала размову сьляпога з глухім. І іншага сродку, прыцягнуць увагу да тых праблем, што цяпер існуюць, мы не знайшлі”.

***

(Агата: ) “Паважаныя дэпутаты Ўладзімір Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў. Я маю да вас колькі пытаньняў. Па-першае, Ці вы можаце сказаць аб рэальнай колькасьці падтрымкі вас у палаце прадстаўнікоў?”

(Парфяновіч: ) “Калі б дэпутаты маглі прагаласаваць так, як яны думаюць на самой справе, то было б у падтрымку нашага законапраекту галасоў 80. Калі б на дэпутатаў не ціснулі, калі б яны не баяліся, а галасавалі сумленна 80 галасоў было б як піць даць”.

(Скрабец: ) “Я думаю, што галасоў дэпутатаў хапіла б, каб прыняць нашыя прапановы”.

***

(Агата: ) “Якія шляхі нацыянальнай і дзяржаўнай рэабілітацыі Беларусі вы лічыце сама важнымі?”

(Парфяновіч: ) “Першае, што мы павінныя зрабіць, дамагчыся, каб не парушалася тая Канстытуцыя, якая існуе сёньня. Калі адкрыць асноўны закон краіны, то бачна, што ён парушаецца ў нас з самага першага радка. Калі Канстытуцыя будзе выконвацца, то, перадусім, адкрыецца свабодная прэса, тэлебачаньне. І мы нарэшце пачуем розныя думкі на нашым Беларускім тэлебачаньні. А то мы ўвесь час чуем толькі адну думку, ды і тую на расейскай мове”.

***

Пытаньні да Валерыя Фралова

(Слухачка: ) “Ці маеце Вы падтрымку ад былых саслужыўцаў? Ад выбарцаў Вашай акругі?”


(Фралоў: ) “Шмат маіх былых саслужыўцаў яшчэ ў войску. На мой погляд, войска не павінна ўмешвацца ў палітычныя справы. Ад тых, хто ўжо скончыў служыць, было 5 ці 6 званкоў, усе яны падтрымліваюць нашу акцыю. Што тычыцца выбарцаў, то, на жаль, яны маюць вельмі мала інфармацыі, бо я абіраўся па сельскай акрузе. Ня вельмі, так скажам, я чую ад іх падтрымку. Але я разумею, што інфармацыі яны амаль ня маюць. Затое ні мне, ні Парфяновічу, ні Скрабцу ніхто не тэлефанаваў зь нейкімі абуральнымі на наш адрас словамі”.

***

(Слухач: ) “Калі б Вы сталі прэзыдэнтам, як бы Вы разьбіраліся са спадчынай цяперашняй улады? У прыватнасьці, што рабіць з сыстэмай правасудзьдзя, якая цяпер цалкам спрыяе ажыцьцяўленьню палітыкі аўтарытарызму? Зь сілавымі міністэрствамі і кадрамі, якія выхаваныя на асабістай адданасьці прэзыдэнту? ”

(Фралоў: ) “Калі казаць пра Міністэрствы абароны, унутраных справаў, КГБ, то мне падаецца, што значная частка супрацоўнікаў там сумленныя і добрыя людзі, якім цяпер прыходзіцца тое-сёе рабіць насуперак свайму сумленьню. У Міністэрстве абароны я б наагул нікога не мяняў. Я ведаю там добра ўсіх людзей, можа той-сёй пайшоў бы на павышэньне. Што тычыцца КГБ, то там можа трэба замяніць двух-трох чалавек, якія асабліва хацелі выслужыцца перад Лукашэнкам. А можа мы нешта новае даведаемся, пабачым. У МУСе таксама невялікія замены. Я там шмат каго ведаю і, мне падаецца, што яны зробяць выдах і пачнуць працаваць згодна з Канстытуцыяй.

Адносна судзей, то тут падыход будзе больш жорсткі. Там жа людзі, якія добра ведаюць юрыспрудэнцыю, але робяць такія дзіўныя справы, вельмі дзіўныя. І ў пракуратуры, і ў судах, яны ж там усё ведаюць, давалі прысягу працаваць чэсна. Ой, там зь іх добра папытаем. Я асабіста некаторых ведаю. Там, можа, напалову трэба будзе абнаўляць кадры. Дзе яны знойдуць сабе працу? Можа пойдуць юрысконсультамі. Мы ня будзем забараняць працаваць. Калі ты не трапляеш пад крымінальны кодэкс, ідзі і шукай сабе працу. Ня так як Лукашэнка цяпер кажа: ні дзе табе месца ня будзе...

Але ж ёсьць і прыстойныя судзьдзі. Тыя, зразумела, могуць адчуваць сябе спакойна.

Што тычыцца службы аховы прэзыдэнта, то яна ёсьць у кожнага кіраўніка дзяржавы. Але мне падаецца, што ў Беларусі яна цяпер выконвае нейкія іншыя функцыі, чым патрэбна. Яна павінна быць невялічкай, мабільнай, займацца, перадусім, фізычнай аховай прэзыдэнта. А ў нас служба аховы выстройваецца ўжо дзесьці на вельмі далёкіх подступах да прэзыдэнта. А наконт таго, якія там хлопцы працуюць, дык, мне здаецца, што далёка ня ўсе там дурні”.

***

(Слухач: ) “Як Вы ставіцеся да альтэрнатыўнай вайсковай службы? ”

(Фралоў: ) “Вельмі добра. Каб была мая воля, ужо даўно такая б служба была. Мне здаецца, што там можа служыць любы, хто гэтага захоча. Я быў нядаўна ў сельсавеце Берасавіцкага раёну, гэтая мая выбарчая акруга. Там у кожнай вёсцы ёсьць старыя, якім патрэбна і дровы парубіць, і вады прынесьці, і нешта пасадзіць, паліць, ежу закупіць... Хай бы там былі два-тры альтэрнатыўшчыкі, хай бы дапамагалі старым людзям. Для іншых будзе кантрактная служба, служба ў рэзэрве. І гэта добрая сыстэма для абароны сваёй Радзімы”.

***

(Слухач: ) “Вашая ацэнка дзеяньняў амэрыканскіх войскаў у Іраку? ”

(Фралоў: ) “Я думаю, што амэрыканскае войска вельмі добра падрыхтаванае. Прэтэнзіі да іх з вайсковага пункту гледжаньня можа прад''явіць толькі дурань. Але ж войска павінна альбо наступаць, альбо абараняцца. Калі ж няма палітычнага рашэньня, узьнікае сытуацыя накшталт ірацкай. Войны пачынаюць палітыкі, арміі – гэта толькі іх інструмэнт. Таму і адказнасьць мусяць несьці палітыкі”.

***

Пытаньні да Сяргея Скрабца:

(Спадар: ) “Вашы патрабаваньні да ўлады. Які ўплыў Вы хацелі б, каб вашая галадоўка зрабіла на апазыцыю? І на грамадзтва?”


(Скрабец: ) “Патрабаваньні нашыя добра вядомыя. Мы пра іх заявілі публічна ў друку, па радыё, у інтэрнэце на некалькіх сайтах... Гэта – унясеньне зьмяненьняў у выбарчае заканадаўства, недапушчэньне трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі і зьмяненьне меры ўтрыманьня Міхаіла Марыніча пад падпіску аб нявыезьдзе.

Што тычыцца ўплыву, то мы бы хацелі аб''яднаць апазыцыю і паглядзець, колькі ж у Беларусі засталося сумленных і чэсных людзей, якія не баяцца выступіць супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

***

(Спадар: ) “Які першы закон у галіне прадпрымальніцтва Вы б прынялі?”

(Скрабец: ) “Тут адзін закон нічога не вырашыць. Група "Рэспубліка" унесла ў Палату зь дзясятак законапраектаў, што накіраваныя на разьвіцьцё прадпрымальніцтва. Але на жаль, лёс іх сумны. Яны "гуляюць" дзесьці па калідорах улады, як гэта было і з законапраектам аб выбарчым заканадаўстве, які перакідвалі з кабінэту ў кабінэт амаль год. А мы прапаноўвалі паменшыць падаткавы цяжар, спрасьціць працэдуру рэгістрацыі прадпрыемстваў. Я думаю, аднаго дня як у Злучаных Штатах Амэрыкі дастаткова. Спрасьціць ліцэнзаваньне. Трэба правесьці амністыю капіталу і падатковую амністыю і даць магчымасьць прадпрымальнікам карыстацца інвэстыцыямі”.

***

(Спадар: ) “Вы выступілі на паніхідзе Васіля Быкава. Прайшоў год, але ўлады нічога не зрабілі для ўшанаваньня памяці пісьменьніка. Што можа тут зрабіць група "Рэспубліка"?”

(Скрабец: ) “На жаль, цяпер нашыя магчымасьці абмежаваныя. Але мы лічым, што памяць Васіля Быкава абавязкова трэба ўшанаваць. Неабходна паставіць яму помнік у цэнтры сталіцы, назваць ягоным імем вуліцы, экранізаваць ягоныя творы... Зрабіць патрэбна шмат чаго, але ўлада не дасьць цяпер гэтага зрабіць. Я думаю, мы мусім пачакаць, але чакаць ужо нядоўга”.

***

(Спадарыня: ) “Дзе Вы навучыліся беларускай мове?”

(Скрабец: ) “У школе № 6 горада Ліды. Я скончыў яе з залатым мэдалём. Тады ў маіх сачыненьнях на беларускай мове не было ніводнай памылкі. Я нават перамагаў на розных конкурсах. На жаль, тады, калі я вучыўся, як і цяпер, беларуская мова была не вельмі запатрабаваная і мала хто пісаў без памылак”.

***

(Спадар: ) “Да вас далучыліся прадстаўнікі АГП і БНФ. Ці вялі вы перамовы зь іншымі партыямі пра падтрымку галадоўкі?”

(Скрабец: ) “Мы не вялі перамоваў з згаданымі партыямі. Гэта іхная ўласная ініцыятыва. Наша пазыцыя: хочаце – далучайцеся, ня хочаце – не далучайцеся. Гэта воля кожнай партыі”.

***

(Спадар: ) “Чаму Вы згодныя даць гарантыі імунітэту Лукашэнку ў выпадку яго адстаўкі? ”

(Скрабец: ) “А як яшчэ яго ўгаварыць, каб ён пакінуў краіну ў спакоі? Ён павінен сысьці, і дзеля гэтага мы карыстаемся рознымі мэтадамі. Я асабіста ўнёс у Палату законапраект аб гарантыях прэзыдэнту Беларусі, чыя паўнамоцтвы скончыліся. Але яго таксама ня хочуць прымаць, ня ведаю, чаму. Гэта прапанова, апошняя прапанова Лукашэнку, каб ён супакоіўся і сышоў зь Беларусі”.

***

Пытаньні да Ўладзімера Парфяновіча

(Слухач: ) “Як ставяцца да Вашага ўчынку Вашыя сябры-чэмпіёны? Ці хто з алімпійскай каманды зьвязваўся з Вамі? Ці можаце Вы назваць хаця б некалькі імёнаў спартоўцаў вышэйшай клясы, хто падзяляе Вашу пазыцыю?”


(Парфяновіч: ) “На мінулым тыдні спадар Крол – амбасадар ЗША ў Беларусі – запрасіў да сябе на прыём усіх беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў. Тыя, хто змаглі, прыехалі. Я размаўляў са славутымі спартоўцамі, і мы абмярковўвалі тое становішча, у якім цяпер знаходзіцца Беларусь. Мікалай Алёхін, Віктар Сідзяк, Уладзімер Камінскі падтрымліваюць і нашыя прапановы, і тое, што мы цяпер робім. Я ім асабіста ўдзячны за іх мужнасьць, выказваю сваю дружбу, свой давер і упэўнены, што ў нас будуць яшчэ новыя посьпехі. Ёсьць і іншыя чэмпіёны, якія нас падтрымліваюць, але я зь імі яшчэ не дамаўляўся пра тое, што магу назваць ужо цяпер іхныя прозьвішчы”.

***

(Слухач: ) “Што Вы думаеце пра сацыяльна-спартовую партыю – ці ёсьць пэрспэктывы для спартоўцаў у палітыцы? Ці пагаджаецеся Вы, што спартоўцы у масе даволі баязьлівыя? Калі так, то чаму?”

(Парфяновіч: ) “Такая партыя ёсьць. Але ў ёй мне вядома толькі адно прозьвішча – яе старшыні дэпутата Палаты Ўладзімера Александровіча. Больш там я нікога не ведаю. Таму, прабачце, пра што гаварыць...

Пэрспэктыва для спартоўца ў палітыцы была заўсёды, і яна застаецца таму, што гэта вельмі паважаныя людзі на Беларусі. Я думаю, што ў палітыку прыйдуць новыя спартовыя зоркі, якія будуць дбаць пра народ. Гэта людзі, якія ніколі не хлусілі ні іншым, ні самім сабе.

Ніколі не пагаджуся з тым, што спартоўцы баязьлівыя. Ня можа баязьлівец ісьці на адказныя спаборніцтвы, ня можа баязьлівец змагацца за мэдалі, за славу сваёй Радзімы”.

***

(Слухач: ) “Як Вы ацэньваеце спартовую палітыку прэзыдэнта? Параўнальна з Украінай ці Літвой Беларусь выглядае лепш, ці ня так?”

(Парфяновіч: ) “Я прывяду толькі адзін маленькі прыклад. У названых краінах алімпійскія чэмпіёны цягам усяго жыцьця атрымліваюць адмысловыя стыпэндыі. У Расеі – 500 даляраў, ва Ўкраіне і Армэніі – па 300... Толькі ў Беларусі ніхто з алімпійскіх пераможцаў нічога не атрымлівае. У нас вылучана некалькі відаў спорту і для іх робіцца ўсё. Але іх літаральна тры-чатыры: хакей, футбол, тэніс і, мабыць, біятлён. Але і футбалістаў, і хакеістаў мы на Радзіме ніколі не ўтрымаем, яны зьедуць. Усе астатнія віды спорту – гэта батракі, якія мусяць толькі зарабляць мэдалі. Ім Падзячаць, і на гэтым – усё”.

***

(Слухач: ) “Ваш прагноз на алімпійскія мэдалі сёлета ў Атэнах?”

(Парфяновіч: ) “14 мэдалёў. На мінулай летняй Алімпіядзе было 17 мэдалёў, і гэта вельмі высокі вынік для такой маленькай краіны як Беларусь. Але нашы спадары-кіраўнікі палічылі, што гэта мала і запатрабавалі сёлета мець 25 мэдалёў. але ж патрэбна быць рэалістам, а ня думаць, як схапіць зоркі зь неба”.
XS
SM
MD
LG