Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрадкоў: “Трэба канчаткова спыніць усялякія размовы пра кампэнсацыі”


Юры Дракахруст, Прага У сёньняшнім нумары “Российской газеты” надрукаванае інтэрвію з кіраўніком расейскага ўраду Міхаілам Фрадковым. Значная частка размовы прысьвечаная беларуска-расейскім адносінам, у прыватнасьці, вынікам нядаўніх перамоваў Фрадкова ў Менску.

Кіраўнік расейскага ўраду падкрэсьліў, што газавае пагадненьне, заключанае ў Менску 8 чэрвеня, было кампрамісным. На пытаньне, ці Лукашэнка здаўся бяз бою, Фрадкоў адказаў: “Я б так не фармуляваў, бо нельга выйграць сёньня і разьлічваць, што ў такім рэжыме можна будзе працягваць працу. У нашым выпадку размова ідзе пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва зь бліжэйшым суседам”.

Прэм’ер-міністар Расеі ў інтэрвію “Российской газете” скрытыкаваў пазыцыю беларускага боку па шэрагу пытаньняў двухбаковых эканамічных адносінаў. Паведаміўшы пра магчымасьць пераходу ў гандлі зь Беларусьсю на спагнаньне падаткаў на дадатную вартасьць па краіне прызначэньня, Фрадкоў заўважыў, што Менск настойвае на кампэнсацыі стратаў, якія Беларусь пацерпіць з-за гэтага пераходу.

“Мы кажам, што трэба канчаткова спыніць усялякія размовы пра кампэнсацыі”, – сказаў расейскі прэм’ер.

Закранаючы тэму пераходу Беларусі на расейскі рубель, Фрадкоў сказаў, што гэты пераход з 1 студзеня 2005 году немагчымы ўжо па тэхнічных прычынах. Ён назваў магчымым тэрмінам пераходу 1 студзеня 2006 году.

Дарэчы, у шэрагу ўчорашніх публікацыяў у расейскіх газэтах паведамлялася, што афіцыйны Менск прапанаваў іншы новы тэрмін ўвядзеньня расейскага рубля – 1 студзеня 2007 году.

Міхаіл Фрадкоў у інтэрвію “Российской газете” заявіў, што праблема адзінага рубля зьвязаная з тым, што беларускі бок дагэтуль не гатовы прыняць прынцыповае рашэньне. Паводле Фрадкова ў перамовах наконт ўвядзеньня расейскага рубля дагэтуль ня ўзгодненая пытаньне пра колькасьць эмісійных цэнтраў.

Прэм’ер-міністар Расеі сказаў: “Натуральна, мы настойваем на тым, каб быў адзіны эмісійны цэнтар. Менск прытрымліваецца іншай думкі. Але гэта як раз і сьведчыць пра тое, што Беларусь зараз не гатовая прыняць рашэньне, а нагодаў, каб адкласьці яго, можна знайсьці дастаткова” – заявіў Міхаіл Фрадкоў.

Пры гэтым Фрадкоў паведаміў, што Масква разглядае пытаньні ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі і Канстытуцыйнага акту як асобныя і ня зьвязвае іх у адно. У гэтай заяве таксама ўтрымліваецца ўскосная крытыка пазыцыі Менску – Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, што вырашэньне пытаньня Канстытуцыйнага акту ёсьць перадумовай грашовай інтэграцыі.

Нарэшце Міхаіл Фрадкоў выказаўся і наконт продажу “Газпрому” пакету акцыяў “Белтрансгазу”. Расейскі прэм’ер-міністар заявіў, што рашэньне пра продаж 1 % акцыяў прадпрыемства працоўнаму калектыву ў блізкім часе можа быць перагледжанае. Фрадкоў лічыць, што прынцыповая дамоўленасьць пра падзел “Белтрансгазу” пароўну паміж “Газпромам” і беларускім ўрадам – больш значная для прыняцьця рашэньняў.
XS
SM
MD
LG