Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыка разьвітваецца з Рэйганам. Як ацэньваюць спадчыну Роналда Рэйгана ва Ўсходняй Эўропе?


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ў Вашынгтоне праходзіць цырымонія разьвітаньня з 40-м прэзыдэнтам ЗША Роналдам Рэйганам. Для удзелу ў жалобным разьвітаньні ў Вашынгтон прыбылі многія цяперашнія і былыя сусьветныя лідэры. Сярод прысутных – былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Пасьля цырымоніі цела Рэйгана будзе перавезенае ў Каліфорнію, дзе ён будзе пахаваны ў пятніцу на тэрыторыі прэзыдэнткай бібліятэкі ў Лос-Анжэлесе.

Хаця ў ЗША палітычная спадчына Роналда Рэйгана ўсё яшчэ зьяўляецца прадметам гарачых спрэчак, на міжнароднай арэне ён без сумненьняў прызнаны як адзін з ключавых магільшчыкаў савецкай імпэрыі.

Рэйган пакінуў прэзыдэнцкую пасаду ў студзені 1989 году, усяго за некалькі месяцаў да рэвалюцыяў, які пакончылі з камуністычнымі сыстэмамі ва Ўсходняй Эўропе і потым у Савецкім Саюзе. Мала хто ў гэтым рэгіёне ставіць пад сумнеў найважнейшую ролю Рэйгана ў запуску і стымуляцыі гэтага працэсу.

Палітычны аналітык Юры Пэге пакінуў Чэхаславаччыну ў 1981 годзе, як раз тады, калі Рэйган пачаў свой першы прэзыдэнцкі тэрмін. Пэге вярнуўся ў Прагу пасьля падзеньня камунізму і стаў адным з галоўных дарадцаў прэзыдэнта Вацлава Гавэла, былога дысыдэнта.

(Пэге: ) “Я думаю, трэба аддаць Рэйгану належнае – ён быў першым амэрыканскім прэзыдэнтам, які рашыў, што трэба кінуць сур’ёзны выклік Савецкаму Саюзу. Ён вельмі дакладна ўгадаў, што Савецкі Саюз быў слабай звышдзяржавай, што СССР прайграў эканамічную гонку з ЗША і Захадам. І Рэйган слушна прадбачыў, што калі ягоная адміністрацыя павялічыць выдаткі на гонку ўзбраеньняў, то СССР ня здолее канкураваць”.

Паказальна, што нават найбліжэйшыя дарадцы Рэйгана сьведчаць, што ён ня быў вельмі дасканалым палітычным інтэлектуалам і не заўжды цікавіўся дэталямі і падрабязнасьцямі. Рэйган меў простую ідэалёгію: СССР – імпэрыя зла, і трэба зрабіць усё, каб аслабіць камуністычную хватку над паняволенымі народамі Эўропы.

Аднак Юры Пэге лічыць, што ў пэўныя моманты гісторыі менавіта простая і зразумелая маральная пазыцыя можа быць больш важнай за вытанчаныя аргумэнты. Паводле былога чэскага дысыдэнта, савецкая сыстэма працягнула гэтак доўга ў значнай ступені таму, што многія на Захадзе сумняваліся наконт яе прыроды, ня бачылі яе злачынную сутнасьць.

Былы ўкраінскі дысыдэнт Пятро Рубан ў сваю ацэнку спадчыны Рэйгана дадае пэрсанальныя матывы.

(Рубан: ) “Цягам доўгага часу кангрэс ЗША змагаўся, каб савецкія ўлады выпусьцілі мяне з турмы як вязьня сумленьня. Але толькі Роналду Рэйгану гэта ўдалося. Мяне вызвалілі ў траўні 1988 году, за некалькі дзён да ягонага прыезду ў Маскву. Для мяне ён вялікі прэзыдэнт, які даў мне свабоду”.

Калі многія называюць галоўнай заслугай Рэйгана разбурэньне імпэрыі зла, то тут нельга не ўзгадаць яшчэ аднаго чалавека, безь якога, гэта наўрад ці стала б магчымым – гэты прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Абодва лідэры ўсталявалі ўнікальныя асабістыя стасункі, якія дапамаглі ім фундамэнтальна зьмяніць сьвет.

(Гарбачоў: ) “Ён ужо ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які ўнёс вялізны ўклад у стварэньне перадумоваў для заканчэньня халоднай вайны. Можа, нават вырашальны ўклад”.

Што ж, напэўна, сам Роналд Рэйган мог бы ацаніць гэта так, як ён калісьці выказаўся ў сваім разьвітальным пасланьні – “Нядрэнна. Зусім нядрэнна”.
XS
SM
MD
LG