Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабарніцтва — “улюбёны” від злачынства гомельскіх чыноўнікаў


Казімер Яноўскі, Гомель У Цэнтральным судзе Гомелю распачаўся разгляд крымінальнай справы пра хабарніцтва дырэктара Цэнтральнага рынку Ўладзімера Жалезкі. Хабарніцтва ў рэгіёне стала, бадай, асноўным відам злачынства ў асяродку чынавенства.

Дырэктар Цэнтральнага рынку Ўладзімер Жалезка быў арыштаваны ў студзені ў сваім кабінэце супрацоўнікамі міліцыі падчас атрыманьня хабару на 1500 даляраў. Валюту дырэктар браў ад прадпрымальніка за працяг дамовы на арэнду месцаў у крытым павільёне. Тым часам у абласны суд з пракуратуры паступіла на разгляд крымінальная справа пра хабарніцтва шэрагу кіраўнікоў і выкладчыкаў дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны.

Літаральна ў апошнія дні зарыштаваны асьпірант тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога за атрыманьне хабару ад судэнтаў-завочнікаў. Апошнім гарантаваліся станоўчыя адзнакі за курсавыя работы. А заўчора пракуратураю Гомельскага раёну затрыманы лекар у пытаньнях камунальнай гігіены раённай санстанцыі. За ўзнагароджаньні ён выдаваў фіктыўныя заключэньні на адпаведнасьць санітарным нормам аўтамайстэрні, іншых аб’ектаў прадпрымальнікаў. Паводле інфармацыі абласной пракуратуры, за студзень-травень гэтага году ў розных галінах выяўлена 118 выпадкаў атрыманьня хабару.

Я пацікавіўся ў гамельчукоў, што трэба зрабіць, каб калі не зьліквідаваць, то хаця бы істотна зьменшыць распаўсюд хабарніцтва?

(Спадар: ) “Трэба ўкараніць у нас такую мадэль, якая існуе на Захадзе. Там любы чыноўнік, які займае нейкую пасаду, празрысты. Дзеяньні яго празрыстыя”.

(Спадарыня: ) “У краіне, дзе няма сталай грамадзкай супольнасьці, дзе няпэўнае заканадаўства, дзе людзі так стаптаныя чынавенствам, што нясуць ім грошы альбо нейкія рэчы, каб улагодзіць, хабарніцтва будзе заўсёды”.

(Спадар: ) “Каб ня бралі, больш грошай даць чыноўнікам”.

(Спадар: ) “Лукашэнка выступаў і сказаў: каб яны ня бралі, давайце ім харошы заробам дамо, і яны будуць сумленна працаваць і нічога ня браць ”.

(Спадар: ) “Патрэбна зрабіць больш жорсткім кантроль за чыноўнікамі”.

(Спадар: ) “Расстрэльваць!”

(Спадар: ) “Перагледзець апарат чыноўнікаў і выбіраць. Каб былі выбарныя пасады”.

(Спадар: ) “Па-першае, трэба разьдзяліць зносіны чыноўніка з грамадзянінам. Усё павінна быць пабудавана на прынцыпе: даслаў па пошце — атрымаў адказ. Нават атрыманьне пашпартаў. Я ведаю, што, напрыклад, у Англіі так і робіцца. Любое пытаньне вырашаецца па пошце”.

Такія меры прапаноўвалі гамельчукі дзеля таго, каб стрымаць распаўсюд у грамадзтве хабарніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG