Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спорава


Ягор Маёрчык, Спорава Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Разам з загадчыцаю фэрмы мы стаім на падворку калектыўнай гаспадаркі. Зь нейкіх сваіх меркаваньняў спадарыня адмовілася прадставіцца — замест гэтага яна доўга і падрабязна распавядае пра стан прадпрыемства. Тое, што чуюць мае вушы, не стасуецца з агульнымі ўяўленьнямі пра навасьпечаныя сельскагаспадарчыя вытворчыя каапэратывы і каапэратыўныя сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы.

(Карэспандэнт: ) “Даўно вы сталі СВК?”

(Спадарыня: ) “У мінулым лютым. Толькі адзін год”.

(Карэспандэнт: ) “Стан гаспадаркі прынцыпова ці зьмяніўся?”

(Спадарыня: ) “А што ў нас зьмянілася? У нас як была дысцыпліна, так яна і ёсьць. У нас 10-га чысла — заробак стабільна. Сёлета ў нас нават прыбытак быў. Нам і паі налічваюць, бо мы каапэратывам зьяўляемся. І мы атрымалі трынаццаты заробак”.

Страх — такім словам апісаў атмасфэру ў калектыўнай гаспадарцы пэнсіянэр Сяргей Васілеўскі. Ён тлумачыць, што менавіта страх перашкодзіў кабеце прадставіцца, што менавіта страх прымусіў яе прыўкрасіць рэчаіснасьць.

(Васілеўскі: ) “Старшыня — як раней памешчык быў. Ён каму захоча дасьць, а каму не захоча — ня дасьць. І на яго нідзе ніякага права ня знойдзеш. Што ён задумае, тое й зробіць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў раён паскардзіцца?”

(Васілеўскі: ) “Ён зьвязаны з найвышэйшым кіраўніцтвам. Мы — простыя людзі. Хоць будзе сто чалавек казаць, нам не павераць. Яму вераць, бо ён дзяржаўны супрацоўнік, а мы — пралетарыі ўсіх краінаў, якія яднаюцца. Хоча даць палёгку людзям — зробіць, ня хоча — не”.

(Карэспандэнт: ) “А ён хоць нейкія палёгкі робіць, нечым дапамагае?”

(Васілеўскі: ) “Хто яшчэ працуе ў яго ў калгасе, можа, каму і зробіць, а хто не — таму нічога. “Ты нідзе не працуеш, і жыві са сваёй пэнсіі”.

Сяргей Васілеўскі даўно ўжо працуе на самога сябе. Пэнсія дае яму магчымасьць увесь вольны час прысьвячаць зямлі. Галоўным з двух надзелаў ён лічыць ня той, што ля хаты, а іншы. Той, які Васілеўскія апрацоўваюць спрадвеку.

(Васілеўскі: ) “Там за 15 кілямэтраў у лясах ёсьць паляны, на якіх людзі сеялі. Балацістая масцовасьць была. Дзе-нідзе былі такія выспы, на якіх сеялі. А пасьля гэтае балота асушылі. А пасьля, як стаў калгас, туды ўжо ня ехалі. А цяпер на тых, хто там сеець, накладваюць падатак. Шмат хто пакідаў, бо далёка туды езьдзіць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ўсё яшчэ езьдзіце?”

(Васілеўскі: ) “Ну, вось гной яшчэ туды вязу”.

Спорава стаіць на беразе аднайменнага возера — самага вялікага ў Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны. А таму ў размове пра выжываньне да надзелаў зямлі й парсюкоў у хлявах тут трэба дадаваць рыбалоўства. У 75-гадовага Івана Матыльчыца рыбацкі стаж болей за паўстагодзьдзя. Яму ёсьць з чым параўноўваць сучаснасьць:

(Матыльчыц: ) “Не, зараз я рыбы не лаўлю. Бо я ня здужаю. Мне ўжо 75 год. Мне ўжо няма чаго рабіць на тым возеры. Там цяпер адныя хлапчукі, дзеці. Сама рыбакі! Бо яны брахочуць, лапочуць, распружаюць усё. Дый як там паймаеш тую рыбіну? Цяпер старому няма чаго рабіць на тым возеры”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат мужчынаў у Спораве рыбаю займаюцца?”

(Матыльчыц: ) “Шмат. Але цяпер брыгадамі ходзяць. Тры ці чатыры брыгады дзяржаве здаюць. А браканьераў мала ёсьць. Тут існпэкцыя езьдзіць. Ловіць іх. Штрафы даюць. Мінімальную гэтую як прысупоняць — і рабі тады што хочаш. Яны лавіць дазваляюць. Бяры ліцэнзію — і колькі паймаеш, здавай дзяржаве”.

(Карэспандэнт: ) “Калі ў чалавека ліцэнзія, ён мусіць усё здаваць дзяржаве?”

(Матыльчыц: ) “Так-так-так. Гэта ён здае дзярэжаве. Ну, можа пакінуць на сьняданак ці на вячэру”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат такіх людзей, якія ловяць паводле ліцэнзіі?”

(Матыльчыц: ) “Не. Гэтых ліцэнзіяў не бяруць. Яе трэба купляць, а грошай няма”.

З самых высокіх трыбунаў неаднойчы казалася, што галоўны клопат дзяржавы — людзі сталага веку. Доказы, маўляў, у тым, што ў кожным паселішчы краіны ёсьць сацыяльны работнік. Гэтым асобам дзяржава плаціць, каб яны дапамагалі нямоглым старым. Дзядулі й бабулі задаволеныя, бо дровы ім паколюць, вады нацягаюць і ў краму па хлеб сходзяць. Іншы бок справы — прыватныя адносіны паміж сацыяльным работнікам і тым, каго ён даглядае. Сацыяльная работніца распавядае:

(Спадарыня: ) “У мяне было тры чалавекі. Адна зь іх стала казаць, што ёй нешта ня так. Яна мала ў чым разьбіраецца, яна ў краму ня ходзіць. А цяпер кошты, самі ведаеце якія. “Вось я дала на хлеб, а яна сказала, што трэба болей”. А хлеб-та даражэе. Сёньня ён 500, а заўтра і пасьлязаўтра будзе болей. І я патэлефанавала ў Бярозу і сказала, што я не жадаю. І ёй выказала: “Вы цьвердзіце, што я нешта не зрабіла. Вам дадуць такога чалавека, які будзе хадзіць да вас, як і трэба — тры разы на тыдзень. Я да вас хадзіла штодня, і я вас не задавальняю, а вам дадуць чалавека, які, магчыма, у вас і жыць будзе. Шукайце сабе такую, што будзе ўсё рабіць”. А цяпер той новы чалавек ходзіць тры дні”.

(Карэспандэнт: ) “Гляджу, што ў вас нейкая крыўда засталася, пасьля таго выпадку...”

(Спадарыня: ) “Якая там крыўда? Я ёй усю крыўду выказала дый пайшла. Мы зь ёй канфлікт той утрасьлі, але непрыемнае адчуваньне засталося, бо людзі ўсё чулі. І хай гэта будзе паміж намі. Бо я ведаю, што газэтчыкі і супрацоўнікі радыё могуць нагаварыць, што захочаш. І з вамі трэба асьцярожнай быць. І каб вы гэта пасьціралі! І калі гэта будзе, я вас адшукаю!”

(Карэспандэнт: ) “І што вы мне зробіце, як знойдзеце?”

(Спадарыня: ) “Нічога не зраблю”.

Пэнсіянэрка Ніна Васілеўская яшчэ здольная самастойна ўвіхацца па гаспадарцы. Але, калі трэба ўзараць агарод, скасіць траву ці накалоць дроваў, тады яна вымушаная наймаць парабкаў. Раней ёй дапамагалі два сыны. Але яны ўжо на тым сьвеце. І цяпер бабулька са сваёй маленькай пэнсіі плаціць за працу чужым людзям.

(Васілеўская: ) “Пара работнікаў дапамогуць скасіць — 5–10 тысяч каштуе”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат такіх людзей, якія хочуць наняцца?”

(Васілеўская: ) “Шмат такіх п’яніцаў. Чалавек, які ня п’е гарэлкі, так працаваць ня пойдзе. А гэты маладняк, якія алькаголікі — пойдуць. Хапае такіх!”

(Карэспандэнт: ) “Чаго ж яны п’юць?”

(Васілеўская: ) “Любяць гарэлку, вось і п’юць! Ад гарэлкі падаюць людзі й паміраюць! А што ім? Норму сваю вып’юць і канчаюцца. І ёсьць такія выпадкі. Пару тыдняў таму жанчына памерла ад гарэлкі. Шмат такіх ёсьць, і памірае шмат маладых жанчын ад гарэлкі”.

(Карэспандэнт: ) “Менавіта жанчын?”

(Васілеўская: ) “Так”.

Праблема сяброўства жанчыны з бутэлькаю турбуе і Любоў Лютычыц. Яна хоць і на пэнсіі, але штораніцу ходзіць на фэрму выкідаць гной. Свае падпрацоўкі тлумачыць так:

(Лютычыц: ) “Рубель нікому не перашкодзіць. Я малую атрымліваю пэнсію — 72 тысячы. А трэба сьвіньням купіць паесьці, і ўнукам падарункі на дзень народзінаў. І яшчэ пакуль здужаю, буду хадзіць. Маладыя бабы ня хочуць працаваць. Для іх гэта малыя грошы. Яны два ці тры дні папрацуюць, а пасьля п’юць. А вось старыя ходзяць на працу. Жыць, увогуле, можна. Хто ня п’е, той і жыве”.

Апошнія словы Любові Лютычыц адносяцца да харчоў на вясковым стале. Бабулька хваліцца, што ў яе розныя прысмакі не пераводзяцца. Яна нават дзеліцца рацэптам страваў:

(Лютычыц: ) “На Дзяды поснае варым. Боб з квасам, кампоту”.

(Карэспандэнт: ) “А што такое боб?”

(Лютычыц: ) “Хвасоль”.

(Карэспандэнт: ) “І як яе робяць?”

(Лютычыц: ) “Можна проста наварыць ды цукрам пасыпаць, хочаш можна з малаком, хочаш падсмаж з алеем і моркваю”.

(Карэспандэнт: ) “А як квас робіце?”

(Лютычыц: ) “Квасім капусту. А пасьля ў той квас укідваем якіх грыбоў”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы туды дадаяце?”

(Лютычыц: ) “Лісту, цыбулі, часныка. Дый квас атрымліваецца. Гэта толькі на Дзяды. А так я яго не вару”.

П’янства — праблема распаўсюджаная. Зь ліку мясцовых цяжкасьцяў Спорава можна вылучыць асьвятленьне вуліцаў. У паселішчы, дзе пражывае некалькі тысяч чалавек, няма ніводнага ліхтара. Ужо знаёмая Ніна Васілеўская на гэты конт выказалася наступным чынам:

(Васілеўская: ) “Цёмна-цёмна. Раней было сьвятло, а цяпер гэтая эканомія. Ніяма ніякіх ліхтароў са сьветам”.

Я завітаў да старшыні сельскага савету Аляксандра Мартысевіча з адной толькі мэтаю — запытацца, калі на вуліцах Спорава зьявіцца сьвятло?

(Мартысевіч: ) “Наконт ліхтароў. Гэтае пытаньне ў нас стаіць у райвыканкаме. Ліхтары ў нас ёсьць, але тут праблема з улікам электраэнэргіі. Некалі было асьвятленьне, але зьнялі лічыльнікі й паздымалі фотаэлемэнты. І цяпер праблема менавіта ў грошах. І мы падалі такую заяўку, каб у асабліва бойкіх кропках — прыпынак, школа і скрыжаваньне вуліцаў — тры лямпачкі патрэбныя”.

(Карэспандэнт: ) “І ўся праблема ў трох лямпачках?”

(Мартысевіч: ) “Так. І калі за гэты месяц гэтае пытаньне ня вырашыцца, трэба будзе некуды далей зьвяртацца”.

Старшыня сельсавету і кіраўнік калектыўнай гаспадаркі — такі тандэм дзесяцігодзьдзямі кіраваў жыцьцём Спорава, ад іх тут залежала болей, чым ад каго-небудзь іншага. Але апошнім часам яны займелі канкурэнта. Маладога чалавека Аўгена Пракурата месьцічы абралі ў раённы савет дэпутатаў.

(Пракурат: ) “Прачытаў у пралукашэнкаўскай газэце “Советская Белоруссия” пра тое, што будуць ладзіцца выбары ў мясцовыя саветы, і я вырашыў балятавацца. У альтэрнатыву мне раённыя ўлады вылучылі дырэктара школы той, у якой я працую. То бок майго беспасярэдняга начальніка. Падтрымалі мяне”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля таго, як ты перамог на выбарах, як разьвіваліся вашыя стасункі з дырэктаркай школы?”

(Пракурат: ) “Спачатку яна нават са мною не віталася. Адносіны былі складаныя. А пасля яны неяк наладзіліся. Але ў новым навучальным годзе, адпрацаваўшы няпоўных два месяцы, мяне звольнілі. Мяне запрасілі міжнародным назіральнікам на рэфэрэндум у Латвію. Пры гэтым дамовіўся з настаўнікамі, што яны мяне заменяць. А дырэктарка, калі пра ўсё гэта даведалася, адразу паімчалася ў райана. І на гэтым мая праца скончылася”.

У мястэчку Спорава жывуць сапраўдныя палешукі. Яны думаюць пра адно, гавораць табе другое, а робяць трэцяе. На гэтым тле вылучаецца малады дэпутат Аўген Пракурат. Паводле папулярнасьці колішні настаўнік ужо апярэджвае старшыню сельсавету.
XS
SM
MD
LG