Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 10 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 10 чэрвеня.

10 чэрвеня 1562 году з друкарні ў Нясьвіжы выходзіць першая кніга беларускага асьветніка Сымона Буднага “Катэхізіс”. Каму даводзілася бываць на цэнтральным нясьвіскім пляцы, той абавязкова памятае разьмешчаную там статую Буднага з разгорнутай кнігай у руках. Гэта і ёсьць той “Катэхізіс”.

10 чэрвеня 1925 году пастановай Савету народных камісараў БССР Янку Купалу прысвоілі званьне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годзьдзем ягонай творчай дзейнасьці. Купала стаў першым афіцыйна прызнаным народным паэтам.

Цяпер – пра знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет у гэты дзень.

10 чэрвеня 1723 году нарадзіўся Францішак Папроцкі, выдавец, перакладчык і гісторык. Пасьля вучобы ў езуіцкіх калегіюмах у Полацку, Слуцку, Нясьвіжы і Горадні Папроцкі набыў ступень доктара філязофіі і стаў выкладаць у Віленскай езуіцкай акадэміі. Дарэчы, у Вільні ён, апроч гэтага, займаўся выданьнем “Палітычных каляндарыкаў”, якія з часам ператварыліся ў першую на тэрыторыі Літвы й Беларусі штотыднёвую газэту, якая называлася “Літоўскі кур’ер” і пачала свой выхад у 1760-м годзе. Да тыднёвіка Францішак Папроцкі штомесяц выдаваў дадатак “Літаратурныя весткі”, у якім друкаваліся, галоўным чынам, беларускія аўтары.

Сярод тых, хто сёньня адзначае свой дзень народзінаў – Вячаслаў Кебіч, першы прэм’ер-міністар незалежнай Рэспублікі Беларусі. Між іншым, паводле спэцыяльнасьці спадар Кебіч – станкабудаўнік і нават мае званьне заслужанага машынабудаўніка Беларусі. А нарадзіўся ён у 1936 годзе.

10 чэрвеня 1933 году нарадзілася Алена Ткачук, беларуская архітэктарка, якая нейкі час была галоўнай мастачкай Менску. Менчукі ведаюць яе асноўныя працы – гэта будынак Інстытуту народнай гаспадаркі, тэатар музычнай камэдыі, а таксама рэстаран “Журавінка”, які цяпер капітальна перабудаваны і ператвораны ў цэлы комплекс офісаў і рэстаранаў.

Памятная дата, зьвязаная з другой сусьветнай вайной. 10 чэрвеня 1944 году, 60 гадоў таму, фашысты зьнішчылі францускае мястэчка Арадур. Спачатку яны расстралялі ўсіх мужчын, а жанчын і дзяцей сабралі ў касьцёле, які пасьля падпалілі. Такім чынам нацысты помсьцілі Францыі, на тэрыторыі якой толькі што быў адкрыты другі фронт антыфашысцкай кааліцыі. Каб захаваць памяць пра злачынства фашыстаў, французы больш не сяліліся ў Арадуры. Падобна, як беларусы ня сталі пасьля вайны жыць у Хатыні.
XS
SM
MD
LG