Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікаў паболела – да галадоўкі пратэсту далучыліся яшчэ двое


Алесь Дашчынскі, Менск Да галадоўкі пратэсту, якую працягваюць дэпутаты Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч і шасьцёра сяброў партыяў АГП і БНФ, далучыліся Ўладзімер Цыбульскі з Наваполацку і Зьміцер Чарткоў з Жодзіна.

На кватэру генэрала Фралова прыбылі яшчэ двое грамадзянаў, якія аб’явілі пра пачатак галадоўкі. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прадпрымальнік з Наваполацку Ўладзімер Цыбульскі кажа:

(Цыбульскі: ) “Я лічу патрэбным падтрымліваць усіх сумленных людзей у нас у краіне, і калі мы гэтага ня будзем рабіць, то мы проста згубім усё: незалежнасьць і магчымасьць спакойна і добра жыць”.

Уладзімер Цыбульскі мае і асабістыя падставы для такога пратэсту. Ён дамагаецца ад уладаў неадкладнага рамонту гарадзкога Дому культуры ў Полацку, які насьпех быў падладжаны да Дажынак.

(Цыбульскі: ) “Пісаў і прэзыдэнту двойчы, адказу яснага не было. Лічу, калі гэта будзе замоўчана, могуць загінуць людзі, так сама, як у Краснапольлі й іншых месцах”.

Яшчэ адзін новы галадоўнік — старшыня Маладой грамады з Жодзіна, 24-гадовы Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “На каардынацыйнай радзе гораду Жодзіна, дзе прысутнічалі АГП, Маладая грамада, Малады Фронт, Партыя працы, прадпрымальнікі й аб’яднаньне інвалідаў, мы вырашылі, што далучаемся да галадоўкі. Было вырашана, што я прыеду сюды, і мы пачнем галадаваць, бо мы падтрымліваем патрабаваньні, якія выказалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і бачым сэнс, што зможам перамагчы. Мы падтрымалі гэта ад пачатку, і задаволеныя, што нехта рашыўся на вельмі моцны крок да пераменаў, і ўсе падтрымалі. Я думаю, я не адзін, і нас будзе шмат”.

Ахвотных далучыцца да галадоўнікаў шмат, але месца на невялікай кватэры Валерыя Фралова няма, таму Ўладзімер Цыбульскі й Зьміцер Чарткоў хутчэй за ўсё накіруюцца ў свае гарады, дзе працягнуць галадоўку пратэсту. У якім фармаце гэта будзе адбывацца — вырашыцца па часе.
XS
SM
MD
LG