Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заводзе “Цьветатрон” у Берасьці зьнішчаюць суполку незалежнага прафсаюзу


Алег Супрунюк, Берасьце Пад пагрозай закрыцьця апынулася суполка прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці на берасьцейскім заводзе “Цьветатрон”, якую пазбавілі юрыдычнага адрасу. Актывісты прафсаюзу ўпэўненыя, што ўлады скарыстаюцца магчымасьцю ліквідаваць апошнюю ў горадзе арганізацыю, якая не падпарадкаваная кіраўніцтву прамысловага прадпрыемства.

Адміністрацыя Ленінскага раёну Берасьця скасавала сваё рашэньне пра наданьне юрыдычнага адрасу суполцы прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці заводу “Цьветатрон”. Апошнім часам суполка была зарэгістраваная ў будынку абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў, бо кіраўніцтва заводу замінае дзейнасьці гэтага прафсаюзу на прадпрыемстве.

Фармальнай падставай для адмены ўласнага рашэньня раённыя ўлады назвалі неабходнасьць упарадкаваць дзейнасьць прафсаюзу ў адпаведнасьці з дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі №17. Аднак старшыня прафсаюзнай суполкі Зінаіда Міхнюк лічыць, што насамрэч мясцовая вэртыкаль ставіць за мэту зьнішчыць “непаслухмяны” прафсаюз.

(Міхнюк: ) “Зь пярвічкі “Цьветатрону” восеньню 2000 году на берасьцейскай зямлі пачалася вайна з прафсаюзам радыёэлектроннай прамысловасьці. Спачатку нас пазбавілі памяшканьня прафкаму на заводзе, потым не падцьверзілі юрыдычны адрас. Але ў тыя гады ў нас была падтрымка і салідарнасьць не на словах, а на справе. Юрыдычны адрас нам дала тагачаснае кіраўніцтва абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў. Людзі кажуць: калі з намі так ваююць, значыць мы нечага вартыя”.

Прафсаюзная суполка на “Цьветатроне”, якую ўзначальвае спадарыня Міхнюк, цяпер засталася адзінай на берасьцейскіх прамысловых прадпрыемствах, якая дзейнічае насуперак жаданьню адміністрацыі заводу. Актывісты прафсаюзу ўжо гатовыя да таго, што неўзабаве суполку ліквідуюць і робяць захады, каб захаваць незалежны прафсаюзны рух на Берасьцейшчыне. Вось што на гэты конт гаворыць Зінаіда Міхнюк:

(Міхнюк: ) “Цяпер мы ў Берасьці стварылі аб’яднаную прафсаюзную арганізацыю. Мы не чакаем, а робім усё дзеля таго, каб прафсаюз быў па-сапраўднаму незалежны, які будзе абараняць ня толькі працоўных, але і тых, каго звольнілі, а таксама пэнсіянэраў”.

Варта таксама дадаць, што праблемы зь юрыдычным адрасам напаткалі апошнім часам і суполку Свабоднага прафсаюзу выкладчыкаў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG