Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восьмы дзень галадоўкі пратэсту: улады распачалі ціск на сем’і галадоўнікаў


Валеры Каліноўскі, Менск Дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец, а таксама актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і БНФ, якія бяруць удзел у галадоўцы пратэсту, сустракаюцца з удзельнікамі акцыі ў абарону незалежнай газэты “Народная воля”. Да ўдзельнікаў галадоўкі тым часам далучаюцца новыя людзі, а прадпрымальнікі рыхтуюць сваю акцыю пратэсту ў падрымку патрабаваньняў галадоўнікаў — агульнанацыянальны страйк 17 чэрвеня.

Дзьверы ў службовай кватэры дэпутата Валерыя Фралова, што ў завулку Казарменным у Менску, дзе восьмы дзень праходзіць галадоўка пратэсту, літаральна не зачыняюцца. Памяшканьне гэтае ператварылася ў бойкі грамадзкі асяродак і цэнтар палітычнага жыцьця, дзе выпрацоўваецца стратэгія апазыцыі. Апошнія наведнікі галадоўнікаў сыходзяць а дванаццатай ці нават а першай гадзіне начы, а ў сем-восем раніцы прыходзяць новыя.

Тут можна сустрэць палітычных лідэраў, навукоўцаў, грамадзкіх дзеячоў, мастакоў і сьпевакоў. Людзі прыносяць ваду, крэслы, матрацы, ручнікі, кветкі, плякаты на замену таму, што раз ужо быў сарваны з гаўбца камунальнымі службамі. Адна жанчына прынесла нават асьвечаную ў царкве сьвечку. Вечарамі ж кватэра ператвараецца ў дыскусійны палітычны клюб. Палітычная галадоўка ўжо прынесла канкрэтны плён, — лічыць дэпутат Валеры Фралоў, бо яна спрыяе кансалідацыі апазыцыйных сілаў.

(Фралоў: ) “Гэтая галадоўка дазволіць больш шчыльна згуртаваць і скаардынаваць вельмі многія дэмакратычныя сілы Беларусі. У свой час іх разьяднанасьць была і цяпер зьяўляецца вялікім тормазам руху наперад — гэтае “ўнутрывідавае” супрацьстаяньне, няўзгодненасьць”.

Спадар Фралоў кажа, што адчувае моцную падтрымку многіх палітычных сілаў, самых розных арганізацыяў, не ў апошнюю чаргу тых, якія трапілі пад забарону ці ўціск уладаў. Рэакцыя грамадзтва, шараговых грамадзянаў на галадоўку таксама пазытыўная, — лічыць спадар Фралоў:

(Фралоў: ) “Я думаю, што мы зможам надаць такі аптымістычны зарад, што аказваецца, штосьці можна тут зьмяніць. Гэта толькі першы крок, я думаю, што ў далейшым іншыя крокі яшчэ болей натхняць людзей. І ўсё ў нас атрымаецца”.

Дэпутат Фралоў кажа, што ўдзельнікі акцыі пратэсту пакуль ня думалі пра тэрмін заканчэньня сваёй галадоўкі, паколькі няма адэкватнай рэакцыі ўлады на іх патрабаваньні, а стан здароўя пакуль дазваляе працягваць акцыю. Тым часам у адносінах да сваякоў некаторых галадоўнікаў пачаўся ціск з боку ўладных структураў. Пра гэта паведаміў лідэр Віцебскай арганізацыі АГП Генадзь Ананьеў, чыя сям’я знаходзіцца ў Воршы. У дом, дзе жывуць жонка і дачка Ананьева, увесь час прыходзяць міліцыянты і людзі ў цывільным, распытваюць пра Ананьева, тэлефануюць у кватэру, кажуць, што ёсьць заявы аб вырабе там самагону. Гаворыць Генадзь Ананьеў:

(Ананьеў: ) “Я баюся, што на той падставе, што ў кватэры нібыта ёсьць самагонны апарат, яны могуць зрабіць ператрус. Зразумела, яны самагоннага апарату ня знойдуць, але раптам атрымаецца, што яны знайшлі альбо наркотыкі альбо зброю. Таму я хачу цяпер заявіць пра тое, што ні самагоннага апарату, ні наркотыкаў, ні зброі і нічога падобнага ў мяне ў доме няма”.

Пэўны ціск чыніцца ўладамі і на родных Марыны Багдановіч.Тым ня менш, на рашучасьць удзельнікаў акцыі гэта не ўплывае. Пра гэта сьведчыць старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька:

(Процька: ) “Я гляджу, што яны паводзяць сябе вельмі мужна, іх духоўны стан палепшыўся, яны бачаць крыху па-іншаму тое, што адбываецца, і сваю ролю, тое, што трэба рабіць. Яны падыходзяць да галадоўкі дастаткова прагматычна, выконваюць усе тыя нормы, якія неабходна выконваць падчас галаданьня”.

Спадарыня Процька аптымістычна глядзіць на магчымыя наступствы акцыі:

(Процька: ) “Усё ж такі гэта будзе не бессэнсоўная акцыя, бо шмат людзей цікавяцца і адчуваюць такі ўнутраны дыскамфорт з таго, што яны жывуць нармалёвым жыцьцём, п’юць і ядуць, а недзе ёсьць людзі, якія пазбаўленыя гэтага”.

(Карэспандэнт: ) “А ці адчувае такі ж дыскамфорт улада?”

(Процька: ) “Нашая ўлада баіцца сказаць, што адчувае, самой сабе… Канечне ж, адчувае. Бо як бы мы ні хацелі казаць, усё ж такі дэпутаты — гэта частка гэтай улады. І калі левая рука ня ведае, што робіць правая, то заўсёды арганізм адчувае дыскамфорт. Таму я думаю, што калі і будзе вынік такі важкі ад гэтай галадоўкі, то гэта перш-наперш адаб’ецца на самой уладзе”, — сказала Тацяна Процька пасьля наведваньня галадоўнікаў.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч называе ўчынак галадоўнікаў мужным грамадзянскім актам:

(Багданкевіч: ) “Я бачу бадзёрыя твары, гатовасьць дамагацца сваіх мэтаў, гэта сапраўды мужчынскі ўчынак, і сярод гэтых мужчынаў ёсьць адна чароўная жанчына, Марына Багдановіч, якая разам з усімі пераносіць цяжкасьці галадоўкі… Няма скаргаў, усе разумеюць, што гэта вымушаны крок, што проста няма магчымасьці нейкіх іншых крокаў, якія паўплывалі бы на грамадзянаў Беларусі і на беларускую ўладу. Думаю, што гэты ўплыў ёсьць і будзе”.

Станіслаў Багданкевіч лічыць цалкам справядлівымі патрабаваньні галадоўнікаў, што выступаюць за дэмакратычнае заканадаўства, якое бы выключыла махлярства падчас выбараў.

* Фотаздымак (© photo.bymedia.net) – амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол размаўляе з дэпутатамі-галадоўнікамі.
XS
SM
MD
LG