Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі лічаць, што Эўразьвяз мусіць больш актыўна супрацоўнічаць зь Беларусьсю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выходзіць чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. З найбольш цікавымі публікацыямі нас пазнаёміць варшаўскі карэспандэнт.

У матэрыяле “Не зачыняць дзьвярэй” беластоцкая “Ніва” распавядае пра сэмінар, прысьвечаны памежнаму супрацоўніцтву, які адбыўся напярэдадні ў Беластоку. У часе сэмінару, загадчык аддзелу супрацоўніцтва і бясьпекі дэпартамэнту Эўразьвязу у МЗС Польшчы Марыюш Казана, сярод іншага, сказаў:

(Казана: ) “Вакол Эўразьвзу трэба будаваць зону стабільнасьці і дабрабыту. Маральны абавязак Польшчы, але і наш інтарэс – не забывацца пра Беларусь. Мы ня згодныя з палітыкай у Беларусі, але і ня можам пакінуць яе адну. Трэба, каб Эўразьвяз больш актыўна ўключаўся ў праграмы супрацоўніцтва зь Беларусьсю”.

Спадар Казана адзначыў таксама, што ў Брусэлі пытаньні супрацоўніцтва з Усходам усё яшчэ бачацца праз прызму дачыненьняў з Расеяй.

У сваю чаргу першы сакратар амбасады Францыі ў Польшчы Ксаў’е Руад заявіў, што ягоная краіна вельмі зацікаўлена ўсходнім кірункам суседзкай палітыкі Эўразьвязу.

(Руад: ) “У Беларусі, на жаль, назіраецца пагаршэньне сытуацыі што да правоў чалавека. Эўразьвяз павінен падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі”.

У матэрыяле “Варта было паехаць у Беларусь”, вучаніца Гайнаўскага беларускага ліцэю Эвэліна Пліс распавядае пра паездку групы ліцэістаў у Беларусь. Дзяўчынка піша:

(Пліс: ) “У музэі Адама Міцкевіча ў Наваградку мы заўважылі, што ўсе надпісы там зробленыя на расейскай мове, а не па-беларуску. Гэта паўтаралася амаль ва ўсіх крамах і рэстарацыях. Але мы хіба зрабілі добрае ўражаньне на тых, хто дапамагаў у арганізацыі экскурсіі – увесь час сьпявалі ў аўтобусе песьні з рэпэртуару і нашых, і беларускамоўных гуртоў зь Беларусі”.

Акрамя гэтага, у нумары традыцыйныя “запіскі кантрабандыста”, гэтым разам пра тое, якія нечаканыя рэчы выдумляюць беларусы, каб пераехаць мяжу без чаргі.
XS
SM
MD
LG