Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарнобыльскай зоне скасаваньне працоўных кантрактаў суправаджаецца высяленьнем са службовых кватэраў


Ігар Карней, Менск Пераход на кантрактную сыстэму працы, які адбываецца ад пачатку году паводле пастановы ўраду, выклікаў шмат канфліктаў. А ў чарнобыльскай зоне скасаваньне працоўных кантрактаў суправаджаецца яшчэ і прымусовым высяленьнем са службовых кватэраў. Пра такі выпадак нашаму карэспандэнту распавяла былая кіраўніца Брагінскай музычнай школы Алена Веракса.

Кантракт з дырэктаркай музычнай школы Аленай Вераксай кіраўніца аддзелу культуры Брагінскага гарвыканкаму Ліна Пятніцкая скасавала якраз у той момант, калі спадарыня Веракса зьбіралася ў дакрэтны адпачынак. Два суды, куды зьвярнулася настаўніца, плёну не далі. Яны пацьвердзілі, што жанчына ня можа быць адноўленая на працы і да 15 чэрвеня разам з мужам і двума дзецьмі павінна пакінуць службовую кватэру.

(Веракса: ) “Мне далі дванаццаць дзён, каб выселіцца. Нават нічога не далі на замену — я ўжо не кажу пра паўнавартаснае жытло, хоць бы пакой у інтэрнаце. Натуральна, я туды не пайду, у мяне маленькае дзіця, я хачу жыць больш-меньш цывілізавана дзеля сваіх дзяцей. А мне проста сказалі — пайшла вон, вызвалі памяшканьне! Прынамсі, тры законы адносна мяне парушылі: у мяне непаўнагадовыя дзеці, я пражыла ў кватэры пяць год (а на жыльлё ўжо пасьля трох маю пэўныя правы); нарэшце, калі падпісваліся кантракты, у мяне гэтая кватэра ўжо была, і жылая плошча ніякім кантрактам не прадугледжвалася”.

Алена Веракса лічыць, што прычынай такіх захадаў супраць яе стала помста спадарыні Пятніцкай за тое, што летась яна і яшчэ некалькі чалавек накіравалі ліст у абласную кантрольна-рэвізійную камісію з запытам: чаму ў забруджанай зоне адмыслоўцы ў галіне культуры атрымліваюць меншы заробак, чым па краіне? Тады рэвізоры знайшлі шмат хібаў у працы мясцовага кіраўніцтва. Паводле спадарыні Вераксы, кантрактная сыстэма дае чынавенству шырокія магчымасьці дзеля самаўладзьдзя, і самым лёгкім спосабам помсты няўгодным становіцца звальненьне з працы.

(Веракса: ) “Закон прыняты зусім не абдумана. Яшчэ да ўвядзеньня кантрактаў прафсаюзы білі трывогу: вы не ўяўляеце, што будзе! У выніку так і здарылася. Былі просьбы да прэзыдэнта, каб у кантрактах пазначылі, што дакумэнт не пашыраецца на жанчын у дакрэце, цяжарных і зь дзецьмі да трох год. Але закон быў прыняты, і адваротнага дзеяньня ня мае. Я пайшла на біржу працы, каб хоць нешта атрымаць. На паўгоду кінулі 250 тысяч рублёў — жыві, як хочаш. Калі б сыходзіла з працы, атрымала б дэкрэтныя — 1350 тысяч. Не захаваўся стаж працы. Ня ведаю, як да каго дастукацца, даклікацца. Гэтыя кантракты літаральна калечаць людзкія лёсы, даючы неабмежаваную уладу кіраўніцтву. Нават калі чалавек прагульвае працу, выпівае, яго і так можна звольніць, дастаткова аднаго загаду. І не патрэбен гэты кантракт”.

Кантрактная сыстэма ў шэрагу выпадкаў выклікае ня толькі страту працы. Так, у рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, дадаюцца жыльлёвыя праблемы. Той жа Брагінскі раён значыцца як зона адсяленьня, і новага жытла тут не будуюць даўно. Амаль усе кватэры даюцца ў службовае карыстаньне на час занятасьці на вытворчасьці ці іншай працы. Усім людзям, якіх прыехалі працаваць у чарнобыльскую зону з-за абяцаных высокіх заробкаў, давалі менавіта службовыя кватэры, — кажа Алена Веракса.

(Веракса: ) “У Брагіне ва ўсіх службовае жыльлё. У зьвязку з чарнобыльскай зонай, кватэру прыватызаваць тут нельга. Таму ў ордэры пазначаюць: кватэра службовая. Нават гарвыканкамаўскі чыноўнік, які наклаў рэзалюцыю на маё рашэньне, мае службовую кватэру. Праўда, у яго, адрозна ад мяне, яшчэ кватэра на адсяленьне ў Менску, якую ён здае. І гэтыя людзі мне кажуць — ідзі, куды хочаш! Мне ўжо сказалі, што справа будзе прайграная. Але калі прайду Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, то, прынамсі, ня буду дакараць сябе, што сядзела, склаўшы рукі. Буду ведаць, што зрабіла ўсё. Але як я буду без жыльля? Ня ведаю”.

Спадарыня Веракса кажа, што ў падобным стане яна не адна. Перадусім скасоўваюць кантракты зь людзьмі пэнсійнага ўзросту і з жанчынамі, якія зьбіраюцца нараджаць, бо плаціць дэкрэтныя грошы арганізацыям ня вельмі хочацца. І калі раней трэба было шукаць розных зачэпак, дык цяпер проста спыняюць дзеяньне кантракту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG