Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мусіў Беларускі Хэльсынскі камітэт выплачваць падаткі з грантаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прадстаўнікі розных дзяржаўных структураў разышліся ў меркаваньні адносна таго, ці мусіў Беларускі Хэльсынскі камітэт выплачваць падаткі з грантаў, атрыманых паводле праграмаў ТАСІС.

Ці мусіў Беларускі Хэльсынскі камітэт выплачваць падаткі з грашовай дапамогі паводле міжнародных праграмаў ТАСІС? Гэтае пытаньне, ад якога залежыць лёс праваабаронцаў БХК, працягваюць высьвятляць на працэсе ў Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе.

9 чэрвеня на працэсе выступілі прадстаўнікі дзьвюх дзяржаўных установаў – міністэрства эканомікі і каардынацыйнага бюро ТАСІС– і засьведчылі пазыцыі, якія істотна разыходзяцца.

Найбольшая розьніца выявілася ў стаўленьні да дакумэнту пад назвай “Агульныя правілы выкарыстаньня мэмарандуму аб фінансаваньні”, якім рэгулюецца выкананьне ў Беларусі праграмаў ТАСІС.

Кіраўнік нацыянальнага каардынацыйнага бюро ТАСІС Леанід Арлоў заявіў суду, што лічыць гэты дакумэнт абавязковым для выкананьня ў Беларусі без прыняцьця дадатковых законаў. Гэта значыць, што Беларускі Хэльсынскі камітэт, як і іншыя атрымальнікі міжнароднай дапамогі ў межах праграмаў ТАСІС, мусяць аўтаматычна вызваляцца ад падаткаў, як толькі дзяржава пагадзілася на гэтую дапамогу. Нагадаю, нацыянальнае каардынацыйнае бюро ТАСІС ёсьць дзяржаўнай арганізацыяй, створанай пры ўрадзе Беларусі для дапамогі ў рэалізацыі праграмаў ТАСІС.

Аднак прадстаўнік міністэрства эканомікі мае іншую пазыцыю. Намесьнік начальніка ўпраўленьня гэтага міністэрства Іван Бельчык лічыць, што для вызваленьня ад падаткаў атрымальнікаў дапамогі міжнароднага пагадненьня недастаткова. Іван Бельчык спасылаецца на прэзыдэнцкі ўказ нумар 460, які паводле прадстаўніка міністэрства стаўся асноўным нарматыўным актам у гэтай сфэры. Паводле гэтага ўказу БХК мусіў зарэгістраваць праграмы дапамогі ў міністэрстве эканомікі, але паколькі гэта не было зроблена, немагчыма разьлічваць і на вызваленьне ад падаткаў, лічыць Іван Бельчык.

Выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак заявіў Радыё Свабода:

(Гулак: ) “Дзяржаўныя органы не прывыклі ўсьведамляць верхавенства міжнародных дамоваў. І нашым судам цяжка выносіць рашэньні, аналізуючы міжнародныя дамовы, выкарыстоўваючы непасрэдна міжнародныя дамовы. Гэта таксама палітыка. Палітыка, якая непасрэдна зьвязаная з ізаляцыяй, у якую беларускі ўрад загнаў нашую краіну”.

Нагадаем, паводле рашэньня падаткавай інспэкцыі Маскоўскага раёна Менска Беларускі Хэльсынскі камітэт мусіць сплаціць 150 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафаў з грантаў па праграмах ТАСІС.

За няўплату гэтых падаткаў супроць кіраўнікоў БХК узбуджаная крымінальная справа, ім пагражае зьняволеньне.

Між тым Беларусь заключыла міжнародную дамову, паводле якой пагадзілася прымаць грашовую дапамогу па праграмах ТАСІС бяз выплаты падаткаў. Раней Беларусь падпісала Венскую канвэнцыю, у якой міжнародныя дамовы прызнаюцца вышэйшымі за ўнутраныя законы. Парушэньне Беларусьсю правіла неабкладаньня падаткамі замежнай дапамогі можа прывесьці да таго, што такая дапамога будзе згорнутая ўвоугле, неаднаразова папярэджвалі ўрад Беларусі прадстаўнікі аб’яднанай Эўропы.

Працэс па справе БХК працягнецца 14 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG