Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску гандляркі зь мінірынку ўжо амаль месяц змагаюцца супраць зьнішчэньня рынку


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск У Бабруйску гандляркі зь мінірынку, што на вуліцы Батава, ужо амаль месяц удзень і уначы дзяжураць на сваіх працоўных месцах. Бабруйскія улады вырашылі зьліквідаваць мінірынак дзеля ўпарадкаваньня гандлю, а жанчыны (іх каля паўсотні) спрабуюць абараніць рынак і захаваць свае працоўныя месцы.

Гэта была 27-я ноч. Жанчыны пільнуюць свой рынак круглыя суткі. Раней уначы дзяжурылі толькі маладыя жанчыны, аднак цяпер да іх далучыліся і пэнсіянэркі, якія гандлююць на рынку семкамі, радыскай і зелянінай. Нам трэба карміць сем’і – тлумачыць гандлярка Сьвятлана.

(Сьвятлана: ) “Ну што ж рабіць? Трэба ж неяк жыць. Калі б было ўсім прасьцей, можа даўно б сышлі адсюль. А так нават у 76 гадоў – усе дзяжураць як трэба. Мы іх ужо адпраўляем дадому, а яны: “Не, мы разам з вамі будзем да апошняга”.

Жанчыны распавядаюць, што на начное дзяжурства выходзіць 4-6 чалавек згодна графіку. Абавязкова трэба з сабой узяць пашпарт, таму што неаднаразова прыяжджалі міліцыянты – нібыта правяраць паведамленьні пра тое, што на рынку зьбіраюцца бамжы.

Спаць на дзяжурстве можна на паліцах пад прылаўкамі, аднак халодна. У сувязі з тым, што на начныя дзяжурствы ходзяць жанчыны не самага юнага ўзросту, у іх пачаліся праблемы з абвастрэньнем захворваньняў, аднак дзяжурствы працягваюцца.

Чыноўнікі гавораць, што яны імкнуцца да эўрапейскага роўню гандлю і лічаць несумяшчальнымі зь ім такія мінірынкі. У Бабруйскім гарвыканкаме паведамляюць, што дзеля стварэньня цывілізаваных умоў для пакупнікоў і гандляроў адчыняюцца вялікія і сучасныя рынкі.

Аднак гандляркі катэгарычна адмаўляюцца перасяліцца на такі новы рынак у сваім мікрараёне, які пабудавала прыватныя фірма зь Менску, і матывуюць гэта тым, што ён разьмешчаны ў баку ад прыпынкаў грамадзкага транспарту і асноўных вуліцаў мікрараёну, пакупнікоў там мала, а кошты высокія. Таму жанчыны, якія ў большасьці самі вырошчваюць садавіну-гародніну, якой гандлююць, сумняваюцца, што там яны заробяць на жыцьцё. Бабруйчанкі зусім не супраць цывілізаванага гандлю, аднак яны хочуць, каб ён быў таксама зручным і прыбытковым.

Жанчыны скардзяцца, што нягледзячы на звароты ў мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, бабруйская прэса іх нібыта не заўважае. Што датычыцца высокіх інстанцыяў, то яны зьвярталіся нават да Аляксандра Лукашэнкі – адказу няма.

Аднак бабруйскія ўлады ўсё ж ня могуць не заўважаць начныя дзяжурствы на працягу месяца, як і абяцаньні жанчынаў пачаць галадоўку ў выпадку зьнішчэньня мінірынку, і якраз сёньня кіраўніцтва гораду зьбіраецца абмяркоўваць зноў, што рабіць з мінірынкам. Таму гандляркі нагадваюць уладам пра свае патрабваньні.

(Спадарыня: ) “Мы хочам, каб наш рынак пакінулі на гэтым месцы, альбо далі месца недзе паблізу, аднак каб толькі не ўбіралі мінірынак”.

(Іншая спадарыня: ) “А калі гэта будзе немагчыма, то мы будзем сядзець на каробках на гэтым жа месцы”.

(Спадарыня: ) “Бо як толькі рынак зьліквідуюць, то адразу застанёмся без працоўных месцаў”.

(Іншая спадарыня: ) “Каб нам далі працаваць – вось чаго мы дамагаемся!”
XS
SM
MD
LG