Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН ухваліла рэзалюцыю, якая прадугледжвае перадачу ўлады ў Іраку часоваму ўраду


Юры Дракахруст, Прага Учора Рада бясьпекі ААН адзінагалосна ўхваліла рэзалюцыю, якая прадугледжвае перадачу ўлады ў Іраку часоваму ўраду. Рэзалюцыя ўпаўнаважвае кіраваныя Злучанымі Штатамі шматнацыянальныя сілы заставацца ў Іраку, каб падтрымліваць бясьпеку. Пры гэтым кааліцыя павінная каардынаваць свае дзеяньні з новымі ірацкімі ўладамі.

Рада бясьпекі ўхваліла рашэньне, якое надае міжнародную законнасьць аднаўленьню ірацкага сувэрэнітэту, якое мае адбыцца праз тры тыдні. Станоўча выказаліся ўсе 15 сябраў Рады.

Джон Нэграпонтэ, прадстаўнік ЗША ў ААН, які ў хуткім часе стане амэрыканскім амбасадарам у Багдадзе, заявіў, што часовы ірацкі ўрад атрымае поўны сувэрэнітэт:

(Нэграпонтэ: ) “Гэтае рашэньне дае ясна зразумець, што сувэрэнітэт Іраку будзе неаспрэчным і што ўрад Іраку будзе мець вярхоўную ўладу, каб зьвяртацца па дапамогу і адмаўляцца ад яе, прынамсі ў сфэры бясьпекі. За ўрадам Іраку будзе заставацца апошняе слова ў пытаньні прысутнасьці шматнацыянальных сілаў”.

У параўнаньні зь першапачатковым праектам рэзалюцыі, прапанаваным Злучанымі Штатамі і Вялікай Брытаніяй, былі ўнесеныя пэўныя зьмены. Быў дададзены пункт пра тэрмін вываду шматнацыянальных сілаў – гэта студзень 2006 году. У рэзалюцыі таксама гаворыцца, што ірацкія сілы будуць знаходзіцца пад кіраўніцтвам ірацкіх уладаў.

Вызначана, што выбары ў Іраку адбудуцца ў студзені 2005 году.

Францускі амбасадар у ААН Жан-Марк Дэ ля Сабліе адзначыў, што рашэньне, прынятае Радай бясьпекі, будзе надзвычай важнае для іракцаў.

(Дэ ля Сабліе: ) “Асабліва важна і істотна ў гэтай перадачы сувэрэнітэту тое, што іракцы мусяць, я падкрэсьліваю, мусяць успрыняць гэты ўрад як іх уласны ўрад. Іракцы мусяць адчуць, што акупацыя скончылася”.

Падчас дыскусіяў наконт праекту рэзалюцыі Злучаныя Штаты адхілілі прапанову Францыі, каб новыя ўлады Іраку атрымалі права вэта на баявыя дзеяньні сілаў кааліцыі пасьля 30 чэрвеня. Аднак, як адзначыў міністар замежных справаў Іраку Хахшыяро Зэбары, дакумэнт прадугледжвае шчыльнае супрацоўніцтва кааліцыі й ірацкага ўраду. Ірацкі міністар ацаніў значэньне дакумэнту наступным чынам:

(Зэбары: ) “Галоўнае значэньне гэтага рашэньня для нас, іракцаў, палягае ў тым, што яна касуе самы прынцып акупацыі, які, мне падаецца, быў галоўнай прычынай тых цяжкасьцяў, якія нам давялося пераадолець пасьля вызваленьня 9 красавіка”.

Падчас саміту “Вялікай васьмёркі”, які праходзіць цяпер у Злучаных Штатах, амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш вітаў рэзалюцыю ААН як перамогу ірацкага народу.

(Буш: ) “Сёньняшняе галасаваньне ў Радзе бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў было вялікай перамогай ірацкага народу. Міжнародная супольнасьць паказала, што яна разам з іракцамі. Рада бясьпекі падтрымлівае часовы ўрад, падтрымлівае свабодныя выбары, падтрымлівае шматнацыянальныя сілы”.

Ірацкія курды выказалі сваё абурэньне тым, што ў праекце рэзалюцыі не было згадкі пра часовую канстытуцыю Іраку, якая ўпершыню дэкляравала правы курдзкага народу. Курдзкія лідэры пагражаюць адклікаць сваіх прадстаўнікоў са складу часовага ўраду і байкатаваць будучыя выбары. Згадка пра часовую канстытуцыю была выдаленая з праекту рэзалюцыі пад уціскам лідэра ірацкіх шыітаў аяталы Алі Сыстані. Шыіцкія лідэры лічаць, што канстытуцыя дае занадта шмат правоў курдам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG