Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Гайкен наведаў дэпутатаў-галадоўнікаў і перадаў ім словы падтрымкі Саламона Пасі


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля адлёту дзейнага старшыні АБСЭ, міністра замежных справаў Баўгарыі Саламона Пасі ў Сафію галадоўнікаў па ягоным даручэньні наведаў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен. Праўда, апошняму прыйшлося каля паўгадзіны чакаць дэпутатаў і іншых галадоўнікаў, пакуль тыя сустракаліся з прадстаўнікамі грамадзкасьці, палітычных партыяў, моладзьдзю – увечары каля сотні чалавек прыйшлі да дому па Казарменным завулку ў Менску, каб прывітаць галадоўнікаў і выказаць ім падтрымку.

Размова Эбэргада Гайкена з галадоўнікамі доўжылася каля гадзіны.

Ён перш за ўсё пераказаў ім словы Саламона Пасі, які прасіў паведаміць, што пад час свайго візыту ў Менск той ня здолеў зь імі сустрэцца “з-за браку часу і іншых акалічнасьцяў”. Амбасадар Гайкен распавёў спадару Пасі ўсе падрабязнасьці палітычнай галадоўкі, у тым ліку пра патрабаваньні й рашучасьць яе ўдзельнікаў.

Спадар Пасі пераказаў праз амбасадара Гайкена сваю салідарнасьць і сымптатыю да галадоўнікаў, зазначыў, што адразу па прыедзе ў Менск ён абмяркоўваў тэму галадоўкі дэпутатаў зь міністрам замежных справаў Беларусі Мартынавым і апошні перадаў усе падрабязнасьці гэтай размовы А. Лукашэнку, зь якім Пасі сустракаўся сёньня раніцай. Якая была рэакцыя на гэта Аляксандра Лукашэнкі, спадар Гайкен паінфармаваны ня быў.

Дэпутат Валеры Фралоў і іншыя галадоўнікі выказалі зьдзіўленьне інфармацыяй ў прэсавым рэлізе па выніках візыту Саламона Пасі аб тым, што ў Беларусі нібыта ёсьць пэўныя пазытыўныя зьмены.

Галадоўнікі нагадалі пра палітычныя зьнікненьні, уціск уладаў на апазыцыю і незалежныя СМІ, стан беларускіх турмаў. Спадар Гайкен выказаў разуменьне гэтых праблемаў і паведаміў, што пэўныя крокі АБСЭ тут будзе рабіць, у прыватнасьці, на наступным тыдні ў Менску зьявяцца экспэрты Бюро ў справах дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ з мэтай арганізацыі сталага перадвыбарчага назіраньня ў Беларусі.

Эбэргард Гайкен ад свайго імя выказаў павагу да такой формы грамадзянскага пратэсту як палітычная галадоўка і пажадаў яе ўдзельнікам зьберагчы сваё здароўе і дасягнуць сваіх мэтаў.
XS
SM
MD
LG