Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская рэакцыя на падпісаньне газавай дамовы: “Газпром” даў Лукашэнку трэці тэрмін


Сяргей Навумчык, Прага Учорашняе падпісаньне дамовы аб пастаўках расейскага газу і ягоным транзыце праз Беларусь шырока асьвятляюцца ў сёньняшнім расейскім друку.

Газэта “Время новостей” цытуе адказ першага віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Сямашкі на пытаньне, ці не на шкоду інтарэсам Беларусі дамоўленасьць аб кошце транзыту за 75 цэнтаў за тысячу кубамэтраў на сто кіламэтраў – пры той умове, што спачатку Менск патрабаваў даляр.

Уладзімер Сямашка ня лічыць гэта стратай, бо, як ён сказаў, пасьля ўводу ў дзеяньне трубаправоду Ямал-Эўропа аб''ёмы пампаваньня газу паўз сыстэму “Белтрансгазу” будуць зьмяншацца. Такім чынам у пэрспэктыве нам важны ня кошт транзыту, а базавы кошт на пастаўку газу, сказаў Сямашка.

Расейскі інтэрнэт-рэсурс “Газэта.ру” зазначае, што “Белтрансгаз” адыгрывае стратэгічную ролю для Лукашэнкі. Па сутнасьці, гэта – ягоная скарбонка, піша журналіст. Толькі з дапамогай манаполіі й высокіх коштаў на газ, абсалютнай непразрыстасьці фінансаў кампаніі й льготаў для асобных катэгорыяў насельніцтва, якія беларуская апазыцыя вызначае як “электарат Лукашэнкі”, беларускі прэзыдэнт забясьпечвае сабе бяспройгрышную выбарчую кампанію на трэці тэрмін. Менавіта гэты тэрмін і даў Лукашэнку “Газпром”, піша выданьне.

Аляксандар Бекер у маскоўскіх “Ведамасьцях” дамоўленасьць паміж Масквой і Менскам у газавым пытаньні вызначае як “кампраміс” і нагадвае, што Расея зьнізіла кошт на газ, а Беларусь – цану на транзыт. Газэта “Время новостей” адзначае, што “беларусы змагаліся за кожны цэнт”. А “Независимая газета” заўважае, што расейскі “рубель у якасьці адзінага плацёжнага сродка аказаўся фактычна пахаваны”.
XS
SM
MD
LG