Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усталяваньне помніка Янку Купалу ў Маскве ізноў затрымліваецца на нявызначаны тэрмін


Галіна Абакунчык, Менск Урад Масквы не выконвае тэрмінаў усталяваньня помніка Янку Купалу, які мусіў зьявіцца на Кутузаўскім праспэкце расейскай сталіцы. Паводле афіцыйнага Менску, праблему стварае тое, што расейскі бок ня хоча зацьвярджаць праекту. У Маскве ж заяўляюць, што прапанаваны беларусамі варыянт помніка іх не задавальняе. Некаторыя адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што гэтая праблема зьявілася пасьля таго, як з пасады галоўнага архітэктара Менску быў зьняты Аляксандар Чадовіч, які ёсьць адным з суаўтараў манумэнту.

Паводле міждзяржаўных пагадненьняў, помнік Янку Купалу ў Маскве мусіў зьявіцца яшчэ да 120-гадовага юбілею паэта. Але цягам двух гадоў урад Масквы вызначаў месца для скульптурнай кампазыцыі, за гэты час быў зьменены і аўтар работы. Два месяцы таму рада манумэнтальнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі зацьвердзіла апошні варынт праекту помніка, які падрыхтавалі скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія. Цяпер ён мусіць быць прыняты адмысловай камісіяй Масквы, але калі яна прыедзе ў Менск — невядома, — кажа кіраўнік управы Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч.

(Казловіч: ) “З нашага боку ён прыняты, а цяпер павінны прайсьці прыёмку на ўзроўні ўраду Масквы”.

Зь першым намесьнікам галоўнага архітэктара Масквы Юрыем Грыгор’евым, які ёсьць адным з суаўтараў помніка, зьвязацца не ўдалося. Але вось што паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода дарадца па культуры беларускай амбасады ў Маскве Тамара Гуцава:

(Гуцава: ) “Пытаньне стаіць пра тое, што прапаноўвае скульптар — гэта валун, які закрывае палову фігуры. Масквічы выказалі пажаданьне, каб яны гэты валун прыбралі. Таму з маскоўскага боку пытаньняў няма. А чаму помнік сёньня не стаіць? А таму, што на самай першай радзе, калі ўсё гэта зацьвярджалася, гэты варыянт не прымаўся. Таму, куды палезьлі амбіцыі скульптара — гэтага я ўжо ня ведаю”.

Пра нязгоду з апошнім варынтам помніка заявіў таксама сябра праўрадавай суполкі маскоўскіх беларусаў Юры Ваўчок. Вось як гэтыя заявы пракамэнтаваў старшыня рады манумэнтальнага мастацтва Мінкультуры Беларусі, якая зацьвярджала праект помніка, Іван Місько:

(Місько: ) “Бацька і сын Гумілеўскія — яны двойчы вазілі свой праект на зацьверджаньне. Але ў Маскве на сёньня ніводнага афіцыйнага пратаколу аб гэтым не існуе. Хоць, калі яны прывозілі помнік Пушкіну ў Менск — яны ў нас ніхто не спытаўся, падабаецца нам альбо не, нам ніхто яго не паказваў. Чаму ж яны цяпер такія разборы наладавалі? Гэта нейкая палітычная падшэўка”.

Адзін з аўтараў помніка, архітэктар Сяргей Гумілеўскі перакананы, што праблема палягае ў асобе яшчэ аднаго суаўтара помніка, былога галоўнага архітэктара Менску Аляксандра Чадовіча. Гаворыць Сяргей Гумілеўскі:

(Гумілеўскі: ) “Яны ведалі, што мы робім гэты помнік у памеры, што здалі гэты варыянт нашай мастацкай радзе, паказвалі яго ў Маскве. Але, калі зьнялі Чадовіча, пачалі ўзьнікаць гэтыя пытаньні: зацьвярджаюць, потым адмаўляюцца ад гэтага. Мы чакаем ужо два месяцы, нашая праца ў гліне, і я ня ведаю, колькі яшчэ можна чакаць”.

У параўнаньні з помнікам Янку Купалу ў Маскве, больш шчасьлівым стаўся лёс помніка Францішку Скарыну ў Калінінградзе. Усталяваць яго вырашылі год таму паводле ініцыятывы і фундацыі беларускага зямляцтва. Як заявіў кіраўнік аддзяленьня беларускай амбасады ў Калінінградзе Ўладзімер Заламай, трохмэтровая скульптура Скарыны будзе ўсталяваная каля Калінінградзкага ўнівэрсытэту, які месьціцца на адной з галоўных вуліцаў гораду, пры канцы чэрвеня.
XS
SM
MD
LG