Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч наведаў галадоўнікаў


Алесь Дашчынскі, Менск Сярод тых, хто прыйшоў маральна падтрымаць дэпутатаў і шасьцёх актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ, якія трымаюць галадоўку, — былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч.

(Вайтовіч: ) “Па-першае, я таксама сябра парлямэнту гэтага скліканьня, хаця і былы сябра. Я ведаю ўсіх парламэнтароў як у Савеце рэспублікі, так і ў Палаце прадстаўнікоў. Добра ведаў Уладзімера Парфяновіча, а потым пазнаёміўся добра зь Сяргеем Скрабцом і Валерым Фраловым. Гэта мае калегі, і так прынята, калі калега ў такім стане цяжкім, то яго трэба адведаць — такая беларуская традыцыя”.

(Карэспандэнт: ) “А ці азначае гэта, што вы падзяляеце патрабаваньні, якія вылучылі галадоўнікі — вашыя калегі?”

(Вайтовіч: ) “Я, магчыма, ведаю ня ўсе патрабаваньні, якія яны вылучылі, таму што ў нашых сродках масавай інфармацыі, асабліва па радыё і тэлебачаньні, амаль усё замоўчваецца. Але добра ведаю іх працу, якая была накіравана на тое, каб удасканаліць наша выбарчае заканадаўства. Я поўнасьцю падтрымліваю гэтыя іхныя намаганьні, якія яны прыкладалі, таму што ёсьць у нас шмат пунктаў у гэтым заканадаўстве, якія павінны быць удакладненыя”.

(Карэспандэнт: ) “А вось да самой галадоўкі як да сродку палітычнай барацьбы як вы ставіцеся?”

(Вайтовіч: ) “Яны вырашылі, што трэба так паводзіць сябе, гэта іх права, і я паважаю рашэньне гэтых людзей”.

Тым часам у двары дома, дзе жыве Валеры Фралоў, з галадоўнікамі працягваюць дзяжурыць міліцыянты ў цывільным. Пра тое, як міліцыя выпусьціла Валерыя Фралова з-пад увагі, распавёў адвакат Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) “Калі мы размаўлялі з намесьнікам начальніка міліцыі Ленінскага раёну, нехта патэлефанаваў яму на мабільнік, і ён кажа: “Як згубілі? Ды вы што?” Пачаў тэлефанаваць у іншае месца і кажа: “Вось, яны Фралова згубілі”. “Дык вы што, ня ведаеце, у кватэры ён ці не?” Там яго абклалі матам. Ён кажа: а як высьветліць, і ў мяне пытае: “А Фралоў у кватэры?” А я кажу: што вы ў мяне пытаеце. Потым яму зноў тэлефанаваньне на мабільнік. А вось, ён на балкон выйшаў. Ён адразу адзваніўся і сказаў, Фралоў на месцы, у палату не паедзе, ён там на балконе. Пры мне такая размова адбылася. Спачатку яны яго згубілі, нехта, хто сачыў за кватэрай, адлучыўся, а потым знайшлі Фралова і зноў супакоіліся”.

Дагэтуль у судзе няма пратаколаў на галадоўнікаў Марыну Багдановіч і Генадзя Ананьева, якіх міліцыянты вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў за спробу разгарнуць намёты ў двары дому. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла намесьніца старшыні суду Ленінскага раёну Людзьміла Грачова.
XS
SM
MD
LG