Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейны старшыня АБСЭ менскіх галадоўнікаў не наведаў, але сустрэўся з Лукашэнкам


Юры Сьвірко, Менск Міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі на выніковай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што чакаў прадстаўнікоў апазыцыі, у тым ліку і дэпутатаў-галадоўнікаў, у гатэлі “Менск”, а таксама казаў пра пазытыўныя тэндэнцыі ў Беларусі.

Другі дзень візыту Саламона Пасі ў Менск распачаўся сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам, які сказаў дзейнаму старшыню АБСЭ, што лічыць ненармальнай сытуацыю, калі Беларусь — сябра АБСЭ — нехта з такіх самых сябраў спрабуе павучаць.

(Лукашэнка: ) “Да парадаў мы будзем прыслухоўвацца, мы людзі разумныя, спакойныя, такія, як баўгары, але мы ніколі не дазволім, каб намі неяк панукалі, можа быць, сілай спрабавалі прымусіць дзейнічаць так, як камусьці хочацца”.

“Тое, што пра нас часам пішуць і кажуць — гэта камусьці так хочацца, камусьці так трэба”, — сказаў спадар Лукашэнка госьцю з Сафіі й дадаў:

(Лукашэнка: ) “Мы хацелі б як сувэрэнная незалежная дзяржава самі вызначаць палітыку з улікам пэўных міжнародных стандартаў”.

Аляксандар Лукашэнка адразу падкрэсьліў, што сытуацыя ў Беларусі зусім ня горшая, чым у іншых эўрапейскіх краінах.

Пасьля кіраўніка дзяржавы Саламон Пасі наведаў сьпікера Савету Рэспублікі Генадзя Навіцкага, а потым міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, зь якім даў супольную прэсавую канфэрэнцыю. Баўгарскі міністар заявіў журналістам, што галоўнай мэтай ягонага візыту было забясьпечыць працяг супрацоўніцтва паміж АБСЭ ды ўрадам Беларусі, і з гэтага гледзішча ён быў вельмі задаволены вынікамі візыту. Нагадаўшы, што ў АБСЭ ўваходзяць 55 дзяржаваў, якія гатовыя дапамагаць адна адной, Саламон Пасі сказаў:

(Пасі: ) “Вось чаму мы б хацелі прапанаваць дапамогу АБСЭ краінам сябрам, у прыватнасьці, Беларусі. Мы прапаноўваем нашу дапамогу, але не навязваем нашай дапамогі”.

Далей дзейны старшыня АБСЭ адзначыў прагрэс у Беларусі паводле двух пытаньняў — наконт ужываньня сьмяротнай кары і абыходжаньня з прафэсарам Бандажэўскім.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці прыняў ён рашэньне скасаваць вядомыя чатыры крытэры АБСЭ, якія арганізацыя заўсёды вылучала афіцыйнаму Менску ды якія Менск заўсёды ігнараваў, Саламон Пасі заявіў:

(Пасі: ) “Найперш, мы заўсёды падрэсьлівалі чатыры крытэры, якія былі прынятыя ў Стамбуле. І магу запэўніць вас, што ў нашых дыскусіях мы пайшлі значна далей”.

Спадар Пасі нагадаў, што напярэдадні сустрэўся з апазыцыяй у гатэлі “Менск”, і заявіў:

(Пасі: ) “Я быў у распараджэньні кожнага, хто хацеў убачыць мяне, у гэтым гатэлі. Мы таксама запрасілі прадстаўнікоў… сябраў парлямэнту, якія абвесьцілі галадоўку”.

Саламон Пасі не ўдакладніў, запрасіў ён саміх галадоўнікаў або іх прадстаўнікоў. Замест гэтага ён сказаў, што сам быў 17 гадоў у апазыцыі — з 1984 году, — і не баіцца размаўляць з апазыцыяй, а, наадварот, ахвотна робіць гэта, абменьваецца досьведам з апазыцыяй. А досьвед Баўгарыі, паводле спадара Пасі, станоўчы, таму што ягоная краіна — гэта “гісторыя посьпеху”. Мажліва, калісьці тое самае можна будзе сказаць пра Беларусь, дадаў дзейны старшыня АБСЭ:

(Пасі: ) “І я ўпэўнены, што калі-небудзь — калі-небудзь, я не прадбачу часавых лімітаў, ваша краіна будзе кандыдатам на далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу”.

Але на пытаньне пра парушэньне правоў журналістаў, акрэдытаваных у Палаце прадстаўнікоў і не дапушчаных да будынку, Саламон Пасі адказаў гэтак:

(Пасі: ) “Я ня ведаю дакладна, што адбылося ў гэтым выпадку. Я ведаю, што існуюць правілы ў маім парлямэнце для акрэдытацыі журналістаў. Я маю правілы ў маім уласным міністэрстве, каб акрэдытоўваць журналістаў”.

Дзейны старшыня АБСЭ дадаў, што гэта ня значыць, што ён не закранаў пытаньняў свабоды слова, свабоды СМІ, свабодных і справядлівых выбараў у размовах з кіраўніцтвам Беларусі.
XS
SM
MD
LG