Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандра Лукашэнку галадоўкай не расчуліш”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з галоўных падзеяў апошняга тыдня — галадоўка дэпутатаў Нацыянальнага сходу Валерыя Фралова, Уладзімера Парфяновіча і Сяргея Скрабца. Якімі могуць быць наступствы гэтай акцыі пратэсту? Які розгалас набыла яна ў беларускім грамадстве? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні ў сваім электронным лісьце на Свабоду Алег Мачульскі з Горадні. Слухач піша:

“Апошнія дні Радыё Свабода шмат паведамляе пра дэпутатаў-галадоўнікаў. Але чаго могуць дамагчыся тры чалавекі, калі супраць іх дзейнічае разгалінаваная адладжаная сыстэма? Успомніце, як Лукашэнка расквітаўся з дэпутатамі-галадоўнікамі ў 1995 годзе. А тады ж Вярхоўны Савет у Беларусі быў зусім не такі, як цяперашняя Палата прадстаўнікоў. У яго была рэальная ўлада, ды і Лукашэнка тады яшчэ ня быў такім усемагутным, якім стаў пасьля гвалту над Канстытуцыяй у 1996 годзе. Наіўна спадзявацца, што ўлада можа прыслухацца да галадоўнікаў: у Беларусі такога пры Лукашэнку ніколі не было і ня будзе. Гэтая ўлада ўспрымае толькі сілу. А якраз сілы ў апазыцыі і няма”.

Дэпутаты, якія аб’явілі галадоўку, ставілі на мэце найперш прыцягнуць грамадзкую ўвагу да праблемаў у дзяржаве, спадар Мачульскі. Нават калі ўлада не задаволіць іхных патрабаваньняў (хоць часткова патрабаваньні ўлічаныя — пытаньне пра Выбарчы кодэкс урэшце ўнесенае ў парадак дня) — сваёй мэты дэпутаты ў многім ужо дамагліся. І тое, як жорстка чыноўнікі кантралююць, каб нават найменшая інфармацыя пра галадоўку не трапіла ў дзяржаўныя мэдыі, сьведчыць пра тое, як у сапраўднасьці ставіцца ўлада да гэтай праблемы.

Апошнімі днямі ў нашай пошце сталі зьяўляцца лісты, аўтары якіх спрабуюць падсумаваць вынікі дзесяцігадовага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

“Дзесяць год мы тапталіся на адным месцы, — піша нам Алена Швяйко зь Менску. — Якая самая буйная ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі за ўвесь час ягонага кіраваньня? Спроба аднавіць саюз. І што з гэтай задумы атрымалася? Поўны правал. Людзі сьмяюцца, калі чуюць, як улада хваліцца так званымі “дасягненьнямі” ў стварэньні “саюзнай дзяржавы”. Ніякага саюзу няма, як няма адзінай валюты, адзіных коштаў на энэрганосьбіты і свабоднага перамяшчэньня тавараў і працоўнай сілы. Маскоўскія міліцыянты затрымліваюць і штрафуюць беларусаў, нібыта за нелегальнае пражываньне ў расейскай сталіцы — гэтак жа, як і ўсіх іншых замежных грамадзянаў. І паспрабуйце ім патлумачыць што-небудзь пра саюзную дзяржаву і роўныя правы расейцаў і беларусаў.

Дзесяць год праляцелі, як адно імгненьне. Жыцьцё большасьці беларусаў за гэтае дзесяцігодзьдзе ня стала лепшым. І калі Аляксандар Рыгоравіч сумленна паглядзіць на рэчы, аб’ектыўна ацэніць вынікі сваёй шматгадовай палітыкі, то ён ня будзе чапляцца за ўладу. Мужна скажа: “Дванаццаць год я кіраваў дзяржавай, як умеў і як мог. Пасьля такой катаржнай працы можна і адпачыць”. І паедзе катацца на лыжах куды-небудзь у Альпы ці Гімалаі”.

Такая магчымасьць, спадарыня Швяйко, пакуль застаецца. Але верагоднасьць таго, што беларусаў у хуткім часе чакае новы рэфэрэндум аб чарговым прэзыдэнцкім тэрміне для Лукашэнкі, на маю думку, усё ж большая. Калі на працягу мінулых дзесяці гадоў паўставалі пытаньні пра асабістую ўладу, Аляксандар Лукашэнка ніколі не ішоў на саступкі.

Ліст ад Дзьмітрыя Верзуна зь Нясьвіжу. Слухач піша:

“Гляджу Беларускае тэлебачаньне — і ня ведаю, дзе я знаходжуся: ці ў Беларусі, ці недзе ў Разанскай губэрні. Дзіву даесься: чаму БТ называюць нацыянальным? А паглядзіце, якія рэпартажы робіць гэтае тэлебачаньне пра Саюз Беларусі і Расеі. Сёньня адзін аглядальнік даказвае, што трэба аб’яднацца, што мы братэрскія народы і нам гісторыяй наканавана быць разам. А назаўтра ўжо другі журналіст пераконвае, як добра жывецца ў Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі і як цяжка жыць расейцам, дзе ўладу захапілі алігархі, дзе пануюць карупцыя і злачыннасьць. Я такое аб’яднаньне параўноўваю са сватаньнем, пры якім жаніх на ўсю вёску ганіць і зьневажае сваю нявесту, але хоча зь ёй ажаніцца, бо яны суседзі. Ну, ці ж не абсурд?

Напэўна, уся справа ў тым, што БТ баіцца памыліцца з выбарам пазыцыі ды імкнецца дагадзіць прэзыдэнту. А той увесь час мяняе палітыку адносна саюзнай дзяржавы. А як БТ хваліцца нейкімі мітычнымі дасягненьнямі ў эканоміцы ды сацыяльнай сфэры! Асабліва вызначаецца тут спадар Шынкар са сваім “асаблівым меркаваньнем”. Ён увесь час заяўляе пра тое, якіх высокіх эканамічных паказчыкаў мы дасягнулі і які нізкі ў нас узровень беспрацоўя. Каб трохі апусьціць хвалька на грэшную зямлю, высылаю выразку з нашай мясцовай газэты. Такое беспрацоўе, як у Нясьвіскім раёне, існуе, мабыць, толькі ў якой-небудзь афрыканскай краіне. Лічу, што такіх раёнаў, як наш, у Беларусі шмат. Хутчэй за ўсё, спадар Шынкар глядзіць на эканамічнае жыцьцё ў Беларусі з акна свайго офісу, гартаючы дзяржаўныя СМІ і чытаючы даклады розных дзяржаўных установаў”.

У дасланай слухачом заметцы зь нясьвіскай газэты падаецца афіцыйная статыстыка аб беспрацоўі у рэгіёне. Паводле зьвестак на 1 траўня, сталай працы ў раёне ня меў 31% насельніцтва. Для параўнаньня: па Беларусі гэты паказчык, калі верыць дзяржаўнаму тэлебачаньню, не перавышае 2%. Дарэчы, пра перадачу “Асаблівае меркаваньне” дзяржаўнага тэлебачаньня ў нашай пошце нямала лістоў. Людзі зьвяртаюць увагу галоўным чынам на тое, што асноўная адметнасьць гэтага так званага “асаблівага” меркаваньня ў тым, што яно цалкам супадае зь меркаваньнем першай асобы, ні ў чым не пярэчыць яму і толькі ўсяляк дагаджае і падтаквае.

Галіна Вахт з эстонскага мястэчка Торва ў сваім новым лісьце разважае пра наступствы вайны ў Іраку. Яна піша:

“Не разумею, за што вы крытыкуеце Лукашэнку. Няўжо ён няправільна робіць, не пускаючы ваяваць беларускіх салдатаў на чужую зямлю? Вось Эстонія паддалася Бушу, паслала сваіх сыноў у Ірак. І ўжо сустрэла цынкавую труну з зусім юным салдацікам — яму быў 21 год. Паехаў хлопец у Ірак па грошы, хацеў дапамагчы бедным бацькам, а знайшоў сьмерць у чужым доме. Так і хочацца крычаць на цэлы сьвет: апамятайцеся, людзі! Наладжвайце парадак у сябе дома, не ганіцеся за чужым золатам! Адпусьціце Хусэйна: ён бацька свайго народу, і няхай гэты народ сам яго судзіць”.

Ня памятаю выпадку, спадарыня Вахт, каб на нашых хвалях гучала крытыка Аляксандра Лукашэнкі з тае нагоды, што беларускае заканадаўства забараняе службу беларускіх вайскоўцаў па-за беларускімі межамі. Іншая рэч — палітыка, скіраваная на аб’яднаньне з Расеяй, якая у сярэдзіне і напрыканцы 1990-х гадоў рэальна пагражала стратай беларускай незалежнасьці. А ў такім разе беларускім вайскоўцам непазьбежна давялося б удзельнічаць ва ўсіх шматлікіх узброеных канфліктах, якія вяла, вядзе і, хутчэй за ўсё, будзе весьці Расея на сваёй і на чужой тэрыторыі.

Ліст з Расеі, зь сяла Пятроўскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці, ад Андрэвуша Шчуры. У сваёй сядзібе спадар Шчура заснаваў прыватны музэй літоўскага панцэрнага баярства і памежнай літоўскай варты Рэчы Паспалітай. Краязнаўца пільна сочыць за тым, што адбываецца на радзіме продкаў, у тым ліку ўважліва слухае Свабоду. У сваім лісьце ён сярод іншага піша:

“Вельмі прыемна, што ў эфіры Свабоды больш амаль не чуваць жмудзкай назвы Вільні — “Вільнюс”. Але нядаўна слухаў “Беларускую Атлянтыду” з удзелам Алега Трусава, і ўжо ня першы раз пачуў, як цалкам няслушна вымаўляецца назоў літоўска-крывіцкага мястэчка — Веліж замест Вяліж. Я маю ліставаньне зь Вяліскім краязнаўчым музэем, з дырэктаркай Лінай Качулінай. У адным са сваіх лістоў яна пісала мне: “Вельмі цікава, што вы пішаце менавіта Вяліж, з націскам на другім складзе. Сапраўды, яшчэ да вайны ўсё мясцовае насельніцтва менавіта так вымаўляла назву гораду”.

Безумоўна, спадар Шчура, мы павінны шанаваць сваю гістарычную спадчыну, у тым ліку дбаць пра нацыянальныя тапонімы. Асабліва ў часе размовы пра мінулае, калі сёньняшняя літоўская сталіца Вільнюс, сапраўды, быў Вільняй, а раённы цэнтар расейскай Смаленскай вобласьці Веліж быў беларускім мястэчкам Вяліж. Але новыя геапалітычныя рэаліі таксама немагчыма не ўлічваць. І таму наўрад ці можна лічыць вялікай памылкай тое, калі гарады і мястэчкі мы называем так, як іх называюць жыхары сёньня, а не ў сярэднявеччы.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Анатоль Жэрдзеў з Гомеля, Віктар Кеда зь вёскі Навасёлкі Ашмянскага раёну, Мікалай Слуцкі зь Менску, Вера Грынявецкая са Слуцку і Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG