Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынак у прыбалтыйскіх краінах робіцца надзвычай дарагім. Куды сёлета паедуць адпачываць беларусы?


Ігар Карней, Менск Беларускія турысты трапілі гэтым летам у складанае становішча. Туры зь Менску надзвычай дарагія, ляцець за мяжу праз Маскву адважваецца ня кожны, а звыклы адпачынак у прыбалтыйскіх краінах робіцца надзвычай дарагім: турфірмы, якія спэцыялізуюцца на гэтым кірунку, кажуць пра падвышаны попыт на Юрмалу і Палангу з боку эўрапейскіх турыстаў.

У сёлетнім турыстычным сэзоне канкураваць з расейскімі прапановамі беларускім турфірмам усё цяжэй: кошты на адпачынак у адзін і той жа гатэль Турэччыны ці Эгіпту розьняцца ледзьве не ўдвая. Тэндэнцыя на вылет праз Маскву, якая пачалася два гады таму, толькі ўзмацнілася. Як камэнтуюць прадстаўнікі беларускіх турфірмаў, прычына пераарыентацыі на Расею — высокія кошты на авіяпералёты, якія ў Беларусі фармуе адзіны манапаліст — кампанія “Белавія”. Як паведамілі ў турыстычнай кампаніі “Мэрлін-тур”, цяпер зь Менску самалёты лётаюць у Турэччыну, Гішпанію і Эгіпэт. Кожны рэйс — раз на дзесяць дзён. У той жа Маскве ў бок Турэччыны, Тунісу ці Эгіпту ў пік сэзону робіцца 7–8 рэйсаў штодня.

Але ці не найбольшая адметнасьць гэтага сэзону — рэвізія досыць папулярнага прыбалтыйскага кірунку. Як распавяла кіраўніца турыстычнай кампаніі “Latinserviss” Эльвіра Кім, Літву, Латвію і Эстонію літаральна акупавалі замежныя турысты. А разам зь імі вырасьлі і кошты на адпачынак.

(Кім: ) “Літва стала даражэйшая ўся, выраўналася ў коштах з Латвіяй. У Латвіі практычна немагчыма знайсьці месца, ліпень ужо ўвесь “забіты”. Пра Юрмалу наогул можна забыцца. Стала даражэй, але людзей едзе нашмат болей. У новыя краіны Эўразьвязу валам павалілі грэкі, італьянцы, фіны. Замежнікаў вельмі шмат, і менавіта пад іх фармуюцца новыя кошты. Беларускаму, расейскаму рынкам ідуць суцэльныя адмовы. Прычынай гэтаму ёсьць і больш прывабныя кошты, якія плацяць замежнікі, і сам адпачынак, бо гэта толькі нашыя могуць сёньня вырашыць, а заўтра паехаць. Але сталых прыхільнікаў адпачынку на Балтыцы яшчэ хапае. Юрмала — гэта адно, Крым — зусім іншае. Не параўнаць ні з Турэччынай, ні з чым астатнім”.

Дарэчы, згаданы Эльвірай Кім адпачынак у Крыме па-ранейшаму застаецца адным з самых даступных для беларусаў. Едуць, яшчэ па старой савецкай звычцы, на ўласных аўто, імкнучыся пасяліцца ў прыватным сэктары, у катушках, зьлепленых прадпрымальнымі жыхарамі.

У той час, як беларусы едуць да мора, хтосьці імкнецца, наадварот, у Беларусь. Раз-пораз у цэнтры Менску альбо вакол замкаў у Міры ці Нясьвіжы можна ўбачыць аўтобусы з замежнымі турыстамі. Аднак, паводле кіраўніка кампаніі “Зьнешінтурыст” Уладзімера Макоўскага, захады дзяржавы на дадатковае падаткаабкладаньне замежнікаў могуць паставіць на ўнутраным турызме крыж.

(Макоўскі: ) “Нас вельмі турбуюць стаўкі на прыём замежных турыстаў. З днаго боку, рыхтуецца дэкрэт прэзыдэнта пра льготы на ўязны турызм, і тут жа кажуць пра новы падатковы прэс. Зараз 60–70% ад агульнага аб’ёму замежных турыстаў — гэта транзытныя групы, якія едуць з Эўропы ў Расею. Купляюць на Беларусь адзін турадзень (трохразавае харчаваньне, экскурсія і начлег) і зьяжджаюць. Кошт пакета на чалавека — 30 даляраў. Але пры гэтым кажуць пра неабходнасьць падатку ў памеры 10 эўра! Тады ўсе турысты пойдуць праз Прыбалтыку, праз Літву, у прыватнасьці. Мы страцім тры даляры, але дзяржава страціць 30! Вось што мы спрабуем патлумачыць фіскальным органам”.

Лічбы беларускіх турыстаў і тых, хто жадае ўбачыць Беларусь, несувымерныя. Калі за сэзон выяжджае прыкладна 1,5 мільёну беларусаў, то транзытам празь Беларусь едзе 50–60 тысяч замежнікаў.
XS
SM
MD
LG