Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаньне ва ўмовах расколу – Асацыяцыя дэмакратычных беларускіх таварыстваў Балтыі створаная ў Вільні


Ганна Сурмач, Вільня Удзельнікі: Хведар Нюнька (Літва), Юры Гіль (Літва), Зінаіда Клыга (Эстонія), Вячка Целеш (Латвія)

Напрыканцы траўня ў Вільні была закладзена новая арганізацыя – Асацыяцыя дэмакратычных беларускіх культурных таварыстваў краін Балтыі.

Ідэя арганізацыйнага аб’яднаньня беларусаў балтыйскага рэгіёну выказвалася ўжо даўно. З 1994 году сталі традыцыйнымі сустрэчы беларусаў краінаў Балтыі. Аднак сёньня гэтая справа набыла іншы сэнс, і ажыцьцяўленьне ідэі цяпер скіравана не столькі на аб’яднаньне, колькі на замацаваньне існуючага цяпер падзелу паміж беларускімі суполкамі ў гэтым рэгіёне.

Да ўдзелу ў нашай перадачы мы запрасілі ініцыятараў стварэньня Асацыяцыі дэмакратычных беларускіх культурных таварыстваў краінаў Балтыі. Кіраўніком арганізацыі быў абраны спадар Хведар Нюнька – старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве. Да яго маё першае пытаньне.

(Сурмач: ) “Спадар Хведар, беларусы краінаў балтыйскага рэгіёну пачалі цесна супрацоўнічаць яшчэ з 1994 году. Тады ў Вільні адбылася першая сустрэча беларусаў краін Балтыі. Ужо тады гаварылася пра стварэньне нейкай агульнай структуры. У першых сустрэчах удзельнічалі бадай што ўсе беларускія суполкі з гэтых краінаў. Ваша новая Асацыяцыя аб’ядноўвае толькі частку зь іх, можа нават меншую частку. Чаму так сталася і што адбылося за гэты час?”

(Нюнька: ) “Пачалося з таго, што існуючы ў Беларусі рэжым, каб падпарадкавць сабе беларускую дыяспару, каб раскалоць беларусаў у замежжы на "чэсных" і "нячэсных", выкарыстаў тыя мэтады, якія раней выкарыстоўваў КГБ. З гэтаю мэтаю спачатку ў Літве, а потым у Латвіі й Эстоніі былі створаныя згуртаваньні беларускіх арганізацыяў, якія сталі падпарадкаванымі непасрэдна амбасадам Рэспублікі Беларусь”.

У Літве гэтае створанае з падтрымкаю беларускіх уладаў аб’яднаньне называецца Згуртаваньне беларускіх арганізацый Літвы, ім кіруе прэзыдэнт Лявон Мурашка.

(Сурмач: ) “Спадар Хведар, ці ўсе беларускія суполкі далучыліся да згуртаваньня, чым іх туды прывабліваюць?”

(Нюнька: ) “Не, ня ўсе, але бальшыня ўвайшла, бо там ёсьць пэўная зацікаўленасьць. Яны маюць магчымасьць афармляць візы для паездкі ў Беларусь, гэта дае ім магчымасьць браць дадатковую плату, якая ідзе на дзейнасьць гэтай суполкі. Ёсьць матэрыяльная і маральная падтрымка на ўсіх узроўнях для тых арганізацый, якія далучыліся да згуртаваньня”.

(Сурмач: ) “Толькі вашае таварыства не ўваходзіць?”

(Нюнька: ) “Ня толькі нашае, не ўваходзіць недзе пяць суполак. У дзейнасьці Згуртаваньня беларускіх арганізацыяў Літвы, якое падпарадкаванае амбасадзе, ніколі не прагучала ніводнага слова крытыкі супраць антыбеларускай палітыкі, якую праводзіць беларускі рэжым, супраць элемэнтарных парушэньняў правоў чалавека. Дарэчы, прэзыдэнту Згуртаваньня беларускія ўлады далі вялікія правы. Ні адно пытаньне, напрыклад, візы, ці паступленьне ў навучальныя ўстановы Беларусі і ўсё іншае, што зьвязана зь Беларусьсю, не вырашаецца бяз згоды прэзыдэнта згуртаваньня”.

Пра тое, што гэты новы парадак адносінаў з бацькаўшчынай сёньня цьвёрда дзейнічае для ўсіх літоўскіх беларусаў, сьведчыць вопыт Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віленскага краю. Вось што паведаміў нам ягоны старшыня спадар Юры Гіль.

(Гіль: ) “Наша арганізацыя існуе ўжо 10 гадоў. Наша арганізацыя не ўваходзіць у згуртаваньне, хаця заяву мы падавалі на ўваход, калі стваралася згуртаваньне. Але Мурашка нашу арганізацыю не прыняў таму, што мы падтрымліваем дэмакратычны курс, стаім за незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. А ён зьвязаны з амбасадай беларускаю і выконвае іхныя ўказаньні.

(Сурмач: ) “Што робіць вашая арганізацыя?”

(Гіль: ) “Хачу трохі расказаць пра Сьвіраны, гэта радзіма Францішка Багушэвіча. Мы праводзім там ушанаваньне памяці Багушэвіча. Там вельмі шмат што зроблена, але патрэбна яшчэ зрабіць. Цяпер ужо ўстаноўлена тры мэмарыяльныя дошкі, а таксама Крыж паўстанцам 1863 году, удзельнікам якога быў Багушэвіч.

Наша наступнае дзеяньне – стварыць у Сьвіранах дзіцячы мастацка-літаратурны гурток "Сьвіранскія жавараначкі". Патрэбныя касьцюмы – сцэнічныя строі. Мы зьвярнуліся ў міністэрства культуры Беларусі. Адтуль прыйшоў ліст, што нас паставяць на ўлік і будуць старацца даць нам касьцюмы, але патрэбна заява ад Лявона Мурашкі. Ад Камітэта па справах нацменшасьцяў Беларусі было раней пісьмо, што яны вядуць усе справы толькі праз Мурашку. Я зьвярнуўся двойчы пісьмова да Мурашкі і ён адказаў, што не трэба пісаць, бо нічога не дадуць і нічога не зрабіў.

Мы таксама зьвярталіся ў Дэпартамэнт па нацыянальных справах Літвы, каб аказалі нам фінансавую дапамогу на ўпарадкаваньне. Тут у дэпартамэнце Мурашка таксама займае асноўную пазыцыю, уваходзіць у Раду і там пры разьмеркаваньні грошай да яго прыслухоўваюцца. Я зьвяртаўся да дырэктара Дэпартамэнта, ён адказаў, што грошы выдзеленыя на ўсіх беларусаў і зьвяртайцеся да Мурашкі. Я зьвярнуўся да Мурашкі, а ён адказаў, што нам не паложана, адмовіў. На Мурашку ўсё замыкаецца нават тут у Вільні”.

(Сурмач: ) “Спадар Нюнька напачатку сказаў, што нешта падобнае адбываецца і ў суседніх балтыйскіх краінах. Мы зьвязаліся з кіраўніком адной са старэйшых беларускіх суполак у Латвіі –“Сьвітанак”, якой споўнілася 15 гадоў. Спадар Вячка Целеш распавядае пра сытуацыю ў гэтай краіне”.

(Целеш: ) “У Латвіі існуе 5 таварыстваў – "Сьвітанак", "Прамень", суполкі ў Вэнтспілсе, у Даўгаўпілсе і ў Ліепаі.

Створаны ў мінулым годзе так званы Саюз грамадзкіх аб’яднаньняў беларусаў Латвіі, Валянціна Піскунова ўзначальвае, яна бізнэсмэнка, зь Беларусі тавары атрымлівае. У склад увайшлі чатыры гэтыя арганізацыі, акрамя "Сьвітанку". Гэта саюз саўковых беларусаў, якія і ў Латвіі, і ў Эстоніі і ў Літве ёсьць. Яны не ідуць разам з гэтымі дзяржавамі ў Эўропу, а наадварот, яны супраць Эўропы.

Яны пастаянна працуюць зь беларускай амбасадаю, амбасада дапамагае ім ва ўсіх мерапрыемствах. Яны езьдзяць у Беларусь. І тут іх добра падтрымліваюць. Гэтыя суполкі не сьвяткуюць Дзень Волі, не захоўваюць нашыя беларускія нацыянальныя сымбалі, не сьвяткуюць іншыя нашыя сьвяты. Толькі патанчыць на Купальле ды на Каляды – вось і ўся іхная беларуская культура”.

Пра сытуацыю ў Эстоніі мы папрасілі расказаць спадар Зінаіду Клыгу з Йыхвэ, яна – намесьнік старшыні Беларуска-эстонскага згуртаванья, ці коратка – БЭЗ, якое таксама існуе ўжо 15 гадоў.

(Клыга: ) “Тут у нас, у Эстоніі, ёсьць некалькі беларускіх аб''яднаньняў – у Таліне два ці тры, два ў Нарве, адно ў Йыхвэ, у Марду – адно і ў Пярну.

Існуе ў нас Асацыяцыя беларусаў Эстоніі, але яна нейкая такая штучная. Гэта ў Таліне Ніна Савінава ўзяла на сябе такую місію, што быццам бы яна гуртуе ўсіх беларусаў Эстоніі. Гэтак яна, здаецца, падае і ў Беларусі. Але, гэта не зусім так таму, што, напрыклад, БЭЗ адмовіўся ад гэтага супрацоўніцтва, мы ім не падпарадкоўваемся гэтай арганізацыі, бо ня бачым у ёй патрэбы.

Мы ўсе неяк шукаем дапамогі ці нейкага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але я не магу сказаць, што гэта атрымліваецца так, як было ў першыя гады, калі мы пачыналі працаваць. Таксама ёсьць так, што нехта для Беларусі больш любімы, нехта менш.

Сёньня мы маем нейкую падтрымку ад іх, але апошнім часам адтуль ужо ніхто да нас не прыяжджае. Мы цяпер робім усё такім чынам, каб самім знайсьці больш шчыльныя адносіны з асобнымі гарадамі ў Беларусі, ці калектывамі ў Беларусі. Напрыклад, мы з Паставамі працуем, яны далёка ад сталіцы, але, жыцьцё там ідзе добрае, цікавае, людзі добрыя”.

Такім чынам, відавочна, што за апошнія гады не без уплыву зь Беларусі адбыўся раскол між беларускімі суполкамі ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Частка арганізацыяў супрацоўнічае зь беларускімі ўладамі й карыстаецца іхнай дапамогай, другая частка – захоўвае сваю самастойнасьць і крытычна ставіцца да палітыкі сучасных уладаў Беларусі.

Тое ж самае, між іншым, можна сказаць сёньня і пра беларусаў ва Ўкраіне, Расеі, а таксама ў Малдове, дзе нядаўні зьезд тамтэйшых беларусаў вітаў Аляксандр Лукашэнка.

Наступным этапам гэткай актыўнай дзейнасьці пралукашэнкаўскіх сілаў у беларускім замежжы, магчыма, стане аб’яднаньне іх ужо на рэгіянальным узроўні. Найперш, у рэгіёне Балтыі. Створаныя там згуртаваньні, пра якія мы тут гаварылі, ужо выконваюць гэтую стратэгічную задачу.

(Нюнька: ) “Гэтыя прапрэзыдэнцкія згуртаваньні аб''ядноўваюцца цяпер ў асацыяцыю і хочуць прадстаўляць усіх беларусаў перад грамадзкасьцю.

Таму ў беларускіх дэмакратычных, як мы лічым, культурных арганізацыяў, якія маюць іншы погляд на задачу сваёй арганізацыі ў цяперашняй сытуацыі, узьнікла неабходнасьць стварэньня альтэрнатыўнай асацыяцыі.

З боку латвійскіх беларусаў паступіла прапанова зрабіць такую асацыяцыю дэмакратычных культурных арганізацый. І мы тады гэта падтрымалі”.

Гэтую прапанову выказаў Вячка Целеш на Трэцяй сустрэчы беларусаў краінаў Балтыі ў 2002 годзе. З таго часу вялася арганізацыйная падрыхтоўка да стварэньня арганізацыі.

(Клыга: ) “На працягу нейкага часу ішла гэтая праца, мы ліставаліся, рабілі гэты статут і вось цяпер у Вільні гэтая Асацыяцыя стварылася і яна будзе працаваць”.

Зінаіда Клыга была абраная намесьнікам старшыні новай асацыяцыі. Яна лічыць, што аб’яднанье трэба было ствараць абавязкова.

(Клыга: ) “Я думаю, што нам трэба таксама гуртавацца. Нам трэба трымацца адно аднаго, каб мець уласную падтрымку. Усе зьезды беларусаў Балтыі, якія ладзіліся, БЭЗ заўсёды прымаў удзел. Так і павінна было быць, што мы ўвойдзем у гэтую Асацыяцыю, бо мы вельмі разумеем адзін аднаго

Беларускія ўлады хочуць браць пад кантроль гэтую дзейнасьць, вось калі б яны хацелі толькі дапамагаць, але дапамагаць пад кантролем, гэта нешта іншае”.

Вячка Целеш мяркуе, што дзейнасьць асацыяцыі павінна, найперш, быць скіраваная на падтрымку беларускага нацыянальнага жыцьця ў балтыйскіх краінах.

(Целеш: ) “Галоўныя мэты – гэта захаваць сваю беларускую ідэнтычнасьць, і галоўнае – мову, каб беларусы былі беларусамі. Агульнымі намаганьнямі мы разам можам ладзіць розныя форумы, сустрэчы”.

Старшыня асацыяцыі Хведар Нюнька гаворыць, што асацыяцыя павінна дапамагаць і бацькаўшчыне, каб жыцьцё там зьмянілася да лепшага.

(Нюнька: ) “Мы стаім на пазыцыі моцнай крытыкі ўсяго таго антыбеларускага, што творыцца сёньня ў Беларусі. Гэта як бы ўжо выглядае не толькі культурным пытаньнем. Але, у гэты час мы не можам абмінуць, мы ня можам правесьці мяжу паміж тым, дзе канчаецца культура і пачынаецца палітыка, сёньня ўсё адно з другім зьвязана. Мы стаім на пазыцыі незалежнай, свабоднай, дэмакратычнай Беларусі. Мы робім усё магчымае дзеля гэтага.

Да гэтых нашых трох таварыстваў зь Літвы, Латвіі й Эстоніі выказалі жаданьне далучыцца беларускія арганізацыі з Польшчы і Калінінграду. Цяпер ідзе працэс рэгістрацыі, дакумэнты ўжо здадзеныя, куды належыць”.

Арганізатары новага аб’яднаньня плянуюць далей пашырыць кола сяброў.

(Целеш: ) “Наступная сустрэча павінна быць у Эстоніі ў наступным годзе. Трэба будзе спрабаваць падключыць беларусаў зь Фінляндыі й Швэцыі. Мы ня супраць, каб да нас і беларусы Пецярбургу далучыліся”.

На ўстаноўчым сходзе асацыяцыі ў якасьці гасьцей прысутнічалі і беларусы з Чэхіі. Магчыма, што гэты працэс кансалідацыі нацыянальна сьведамай беларускай грамадзкасьці ў замежжы пашырыцца на ўсю Эўропу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG