Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 9 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 9 чэрвеня.

“Наша ніва”, 1914 год:

“Шчасьлівы край гэта наша бацькоўшчына Беларусь! Які час гістарычны ня возьмем, з якога боку цяперашчыны не глянем, ад усюль, як у Піліпаўку сьнег, сыпаліся і сыплюцца на яе апекуны. І кожны з гэтых няпрошаных апекуноў цягнець душу беларускую на свой млын. Палякі гвалтуюць свой “stan posiadania” і за сваё быўшае ўладарство “od morza do morza” і канечна — беларусы ня хто іншы, як “galez” — польскаго племені. Расейцы? ешчэбы! Белорусь — это “исконорусский” край, а беларусы это “истинные” расейцы. І вось між гэтымі двума “культурнымі” народамі ідзе ганебны торг, паскудная камедыя над няшчасным абняволенным беларусам”.

“Чырвоная змена”, 1954 год:

“Калгас імя Орджанікідзе — адзін з многіх у Плешчаніцкім раёне, дзе ў грамадскай гаспадарцы вялікае месца займае вытворчасць канапель. Пасля ўкаранення гэтай каштоўнай тэхнічнай культуры ўзраслі прыбыткі калгаса, павялічылася аплата працадня калгаснікаў. Сёлета плошча пасеваў канапель у параўнанні з мінулым годам узрасла амаль у чатыры разы і складае 40 гектараў. Комсамольская арганізацыя калгаса выступіла актыўным памочнікам праўлення сельгасарцелі ў асваенні новых плошчаў тарфянікаў пад пасевы канапель, пастаянна клапоціцца аб павышэнні ўраджайнасці”.

“Свободные новости”, 1994 год:

Аляксандар Лукашэнка адказвае на пытаньне карэспандэнта Галіны Айзэнштадт “Калі выбары будуць сарваныя ці сфальсыфікаваныя, ці не давядзецца Лукашэнку адляцець з рэспублікі?”: “Лукашэнка з рэспублікі не адляціць. Яму эміграваць няма куды. У яго зямля адна. Я грамадзянін гэтай рэспублікі, я нарадзіўся тут і вырас, тут усе мае сваякі. Маці мая нарадзілася і вырасла… Я знайду сабе месца тут… Мне яшчэ вось будзе сорак, у мяне наперадзе — працяглае жыцьцё. Але шкада будзе Рэспубліку Беларусь, якая надоўга-надоўга паглыбіцца ў цемру і вырваць яе з гэтых абдымкаў будзе куды складаней, чым цяпер”.
XS
SM
MD
LG