Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі прыляцеў у Менск, плянуе сустрэцца з галадоўнікамі


Юры Сьвірко, Менск Міністар замежных справаў Баўгарыі, якая сёлета старшынюе ў АБСЭ, у аўторак сустрэўся са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым і сьпікерам палаты прадстаўнікоў Вадзімам Паповым. Хаця ад раніцы ў гэтую палату не пускалі акрэдытаваных там журналістаў, і Саламон Пасі быў пра гэта паінфармаваны яшчэ ў аэрапорце, на сустрэчы са спадаром Паповым ён гэтую тэму не закранаў.

Дзейны старшыня АБСЭ сказаў кіраўніцтву палаты прадстаўнікоў, што ягоная арганізацыя гатовая аказаць Беларусі такую падтрымку, якую краіна пажадае. Тое самае Саламон Пасі сказаў у інтэрвію Радыё Свабода адразу пасьля прылёту ў аэрпорце “Менск-1”

(Пасі: ) “Найперш я б хацеў падкрэсьліць, што гэта мой першы візыт у Беларусь. Гэта першы візыт міністра замежных справаў Баўгарыі ў Беларусі за шмат гадоў і першы візыт дзейнага старшыні АБСЭ за вельмі шмат гадоў. Мы прыехалі сюды, каб выказаць падтрымку людзям Беларусі на іх шляху да дэмакратызацыі. Гэта роля АБСЭ – дапамагаць і падтрымліваць сябраў-краінаў арганізацыі.”

Я таксама задаў спадару Пасі пытаньне, як АБСЭ ставіцца да праблемы Выбарчага кодэксу Беларусі й прапанаваных паправак да яго. І вось які адказ атрымаў:

(Пасі: ) “Выбарчы кодэкс магчыма палепшыць. І мы будзем рады дапамагчы”.

Спадар Пасі паведаміў таксама, што будзе рады сустрэцца з трыма дэпутатамі палаты прадстаўнікоў, якія ладзяць галадоўку пратэсту супраць не разгляду паправак да Выбарчага кодэксу. Але ў першы дзень ягонага візыту ў Менск сустрэчы з галадоўнікамі не было.

Саламон Пасі прыняў у гатэлі “Менск” лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў і кіраўнікоў няўрадавых арганізацыяў. На першай сустрэчы былі лідэры Народнай кааліцыі “5+“ Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, а таксама прадстаўнік Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Мікола Статкевіч, кіраўнікі жаночай партыі “Надзея” Валянціна Матусевіч і Лібэральна-дэмакратычнай Сяргей Гайдукевіч. Апошні пасьля сустрэчы зь дзейным старшынём АБСЭ сказаў Радыё Свабода:

(Гайдукевіч: ) “Я пажадаў яму, каб ён як мага часьцей прыяжджаў у Беларусь, бо нас нельга зачыняць, грамадзтва будзе больш адкрытым, межы ня трэба зачыняць, бо дэмакратыя так ня прыйдзе, а проста каляпсуе. Я зьвярнуў увагу, што партыя будзе выстаўляць кандыдатаў ува ўсіх акругах і будуць назіральнікі, папрасіў, каб хутчэй прыслалі прадстаўнікоў БДІПЧ”.

А Станіслаў Шушкевіч распавёў, што ўсе ўдзельнікі сустрэчы апісалі сытуацыю ў Беларусі й не дзялілі сябе на кааліцыі, выступіўшы фактычна з кансалідаванай пазыцыяй – акрамя спадара Гайдукевіча, які казаў пра сваю любоў да баўгарскага народу. “А што сказаў вам дзейны старшыня АБСЭ?” – спытаўся я ў спадара Шушкевіча.

(Шушкевіч: ) “Спадар міністар сказаў, што геапалітычная сытуацыя ў Беларусі катэгарычна мяняецца, бо мы выйшлі на мяжу з Эўразьвязам, і што яны, калі перажывалі такі пэрыяд у Баўгарыі, адчулі гэтыя зьмены й нават разглядалі Вугоршчыну як ўжо сябра Эўразьвязу. Ён сказаў, што яны нас разумеюць і будуць падтрымліваць”.

(Карэспандэнт: ) “Тэму галадоўкі й Выбарчага кодэксу закраналі?”

(Шушкевіч: ) “Мы закранулі, але не рабілі на гэтым акцэнты, таму што была іншая праграма, але гэта было нагаданае як фрагмэнт – што змаганьне за Выбарчы кодэкс набыло вось такія, я б сказаў, нечалавечыя формы з прычыны нечалавечых паводзін нашага рэжыму. Трэба ўлічыць, што – вы ж ведаеце – адбыліся зьмены, фактычна галадоўка дала ўжо вынікі, уключанае гэтае пытаньне. Аднак я расцэньваю гэта як тое, каб узлагодніць неяк візыт спадара Пасі сюды да нас”.

Пасьля лідэраў палітычных партыяў Саламон Пасі прыняў прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна паведаміла мне, што перадала дзейнаму старшыню АБСЭ заяву БАЖ з пратэстам супраць незаконных дзеяньняў Лукашэнкавай аховы ў Доме ўраду.

“Мы патрабуем адмены неабгрунтаваных забаронаў на прафэсійную дзейнасьць журналістаў і заклікаем усіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў кіравацца ў сваёй дзейнасьці палажэньнямі Канстытуцыі, заканадаўства аб СМІ і рэглямэнтам палаты прастаўнікоў”, – зазначаецца ў заяве БАЖ, якую атрымаў старшыня АБСЭ Саламон Пасі.
XS
SM
MD
LG