Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Беларусі найвялікшы патрыёт?


Сяргей Дубавец, Вільня

За мінулыя 10 гадоў многія простыя паняткі сталі ў нашым грамадзтве заблытанымі або і ўвогуле страцілі сваё значэньне. Першы такі панятак – патрыятызм. Кіраўнік дзяржавы паўтарае, што патрыятызм – аснова ягонае ідэалёгіі, але пры найменшай расшыфроўцы патрыятызму высьвятляецца, што гэта зусім не любоў да Радзімы-Беларусі, як тое мусіла б быць, і не атаесамленьне сябе зь беларускім народам, а нешта зусім іншае, амаль інфэрнальнае: пашанотнае стаўленьне да Радзімы-СССР і атаесамленьне сябе з савецкім народам, гэта значыць з тым, чаго няма ў рэчаіснасьці. Да ўсяго іншага патрыятызм у Лукашэнкавым разуменьні асацыюецца найперш зь вялікай айчыннай вайной. Інакш кажучы, з тым, што надзейна адышло ў гісторыю і страціла актуальнасьць. Вось жа дзесяці гадоў такой прапаганды хапіла, каб мінак на менскай вуліцы на пытаньне: хто ў Беларусі найбольшыя патрыёты? – бязь ценю сумневу адказаў: таксісты. А большасьць іншых мінакоў увогуле адмовілася адказваць, спаслаўшыся на тое, што ніколі пра гэта ня думалі. Такое мы на сёньня маем наступства ідэалёгіі і такое ўяўленьне пра патрыятызм.

Праўда, ёсьць у нашым дасьледаваньні і пазытыўныя вынікі, але яны хутчэй супярэчаць афіцыйнай прапагандзе, бо сама гэтая прапаганда супярэчыць нацыянальнай традыцыі. Гэтаксама як сумнае памяці Беларускі патрыятычны саюз моладзі супярэчыў сваёй уласнай назьве, бо быў насамрэч савецкім патрыятычным саюзам або, яшчэ больш дакладна, расейскім патрыятычным – у Беларусі. Што да традыцыйных беларускіх уяўленьняў, мы да іх вернемся ў канцы перадачы, а цяпер – уласна нашае дасьледаваньне на тэму: хто ў Беларусі найвялікшы патрыёт. Сюжэт падрыхтаваў Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) “Хто ў нашай краіне самы большы патрыёт? Назавеце чалавека або прафэсію. З такім вось простым, амаль дзіцячым пытаньнем я выйшаў да людзей на праспэкт Скарыны.

Патрыёт – гэта той, хто любіць Радзіму. Напэўна, няма людзей, якія адкрыта скажуць, што гэта іх не датычыць. Але любіць Радзіму можна па-рознаму. Можна працаваць камбайнэрам у далёкай вёсцы і любіць тую вёску больш за ўсе заморскія краі разам узятыя. А можна быць міністрам, і даказваць любоў да Радзімы, падпісваючы загад на закрыцьцё беларускага Ліцэю. Можна быць капітанам далёкага плаваньня, і ўвесь час марыць пра вяртаньне дадому. А можна быць апазыцыйным палітыкам-выгнаньнікам, і любіць Радзіму ва ўспамінах і снах. Можна быць мужным міліцыянтам, махаць дубінаю на мітынгах, зьбіваць падлеткаў зь беларускімі сьцягамі, і пры гэтым лічыць сябе патрыётам. А можна быць пісьменьнікам, які, нягледзячы на малыя наклады і сьмешныя ганарары, піша кнігі на роднай мове…

Задаючы мінакам на вуліцы сваё дзіцячае пытаньне, я быў упэўнены, што перавагу яны аддадуць пісьменьніку. Бо Радзіма – гэта перш за ўсё мова. Тая мова, якую мы чуем у роднай вёсцы, якую шукаем на радыёхвалях і якую бароняць ды захоўваюць сваімі творамі літаратары. Давайце паслухаем адказы”.

– Патрыётамі? Ня ведаю. Па ўласным досьведзе магу сказаць, што сярод студэнцтва многа такіх людзей. Нават школьнікі, магчыма, усялякія. Маё асабістае меркаваньне, што яны няправільна ўсё разумеюць. Ім галаву дураць і ўсё.

– А што такое патрыятызм, па-Вашаму?

– Патрыятызм, гэта калі гатовы пайсьці на ўсё дзеля чагосьці. Дзеля чаго варта жыць. А ў нашай краіне такіх мэтаў асабліва не заўважна.

– Патрыёты? Можа, настаўнікі гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. Можа быць яшчэ юрысты. Нейкая іх частка. Палітычная.

– Прадстаўнікі Рэспубліканскага саюзу моладзі. Гэта саюз, ён не дарэмна раней патрыятычным называўся. А цяпер рэспубліканскі. – І што там патрыятычнага. – За прэзыдэнта, за радзіму выступаюць.

(Бартосік: ) Усе людзі, да якіх я зьвяртаўся, у бальшыні сваёй маё простае пытаньне сустракалі ўсьмешкамі. Як і гэтая маладая ды прыгожая прыхільніца БРСМ. Якая са сваім “за родзіну, за прэзідзента” ў нечым мае рацыю. Бо патрыятызм бывае розны. Аўтар вядомае песьні пра простыя словы і простыя рэчы, паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў ласкава пагадзіўся пагутарыць пра такую няпростую рэч, як наш патрыятызм”.

(Анемпадыстаў: ) “Трэба спачатку высьветліць, што такое патрыятызм. Як людзі разумеюць патрыятызм. Патрыятызм да чаго? Да якой радзімы? У гэтым сэнсе ў людзей вялікая блытаніна ў галовах. Бо наклалася тая інфармацыя, досьвед, які яны атрымалі ў Савецкім Саюзе. Гэта адно разуменьне Радзімы. Другое разуменьне Радзімы – гэта больш новае, незалежная Беларусь. Таксама я думаю, што шмат для каго патрыятызм – павага да дзяржавы і патрыятызм – любоў да Радзімы, блытаюцца ў галаве. Гэтыя паняцьці. Шмат для каго радзіма – гэта дзяржава. І ў гэтым сэнсе прадстаўнікі ўлады, ці тыя людзі, якія гэтую ўладу падтрымлвіаюць, ахоўваюць і рэалізуюць яе дырэктывы, загады і накірункі дзейнасьці, яны аўтаматычна робяцца патрыётамі. У вачах часткі грамадзтва”.

– Пажарныя. Яны ўвесь час абараняюць. Сьцерагуць маёмасьць грамадзян.

– Я лічу, людзі зь нейкімі інтэлектуальнымі здольнасьцямі. Настаўнікі. Юрысты. Эканамісты. Тэхнічная частка таксама. Інжынэры. Гісторыкі.

– Міліцыянеры. Таму, што яны павінны абараняць нас. Вось яны і патрыёты. Вайскоўцы.

(Бартосік: ) “У цябе ёсьць якія-небудзь цёплыя ўспаміны, зьвязаныя з міліцыяй?”

(Анемпадыстаў: ) “Дзякуй Богу, няма. Я, у прынцыпе, за мяжой зьвяртаюся да міліцыянтаў. Ва ўсім сьвеце так лічыцца, што адна з задачаў паліцэйскіх – дапамагаць знайсьці чалавеку дарогу, параіць, як зарыентавацца ў незнаёмым горадзе. У сябе дома я гэтага не раблю. Бо лепш за міліцыянтаў ведаю, куды трэба ісьці. Міліцыянт – гэта такая прафэсія, як лекар, да якіх лепш не зьвяртацца. Калі мы не зьвяртаемся да лекараў і да міліцыі, у нас усё добра”.

– Выкладчыкі гуманітарных спэцыяльнасьцяў. Ня ведаю. Мне так здаецца.

– Можа, настаўнікі. Хутчэй за ўсё, гуманітарыі.

– Патрыётамі? Я думаю, што пэнсіянэры. У мяне мама сама ўдзельнік Вялікай Айчынай вайны, удзельнік працоўнага фронту. Яна перажыла столькі часу пасьля таго, як скончылася вайна. І да гэтае пары, як надыходзіць 9 траўня, дык яна са сьлязамі на вачах узгадвае тыя дні, калі ўсё гэта адбывалася.

– Па-мойму прафэсія – гэта не паказальнік патрыятызму.

– Зараз таксісты ў асноўным. Самая распаўсюджаная прафэсія.

– А яны патрыёты?

– Канечне.

(Бартосік: ) “Чым даўжэй я стаяў на праспэкце, тым болей мяне зьдзіўляла адсутнасьць адказаў пра пісьменьніка. Абаронцу мовы. Міхал Анемпадыстаў нічога дзіўнага тут ня бачыць”.

(Анемпадыстаў: ) “Таму не называлі, што пісьменьнік зьяўляецца носьбітам мовы паводле сваёй прафэсіі. Вось ягоная праца заключаецца ў тым, што ён носьбіт мовы, ён яе ахоўвае, ён на ёй піша. Ён за гэта атрымлівае грошы. Можа быць, таму ён ня можа быць патрыётам. Таму, што гэта аплочваецца. Міліцыянт, у сваю чаргу, за гэта грошы не атрымлівае. Увогуле, на маю думку, павага да пісьменьнікаў нізкая ў грамадзтве. Павага да інтэлігенцыі на даволі нізкім узроўні. Гэта таксама вялікая праблема для грамадзтва”.

– Я лічу, што самыя вялікія патрыёты – гэта, мабыць, настаўнікі. Яны ў сваёй працы нясуць дабро, думку нацыянальнай годнасьці, асьвету для сваіх вучняў. Напэўна, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

– Спартоўцы. Такія дасягненьні выдатныя. Яшчэ проста людзі, хутчэй за ўсё. Проста людзі, якія жывуць на Зямлі. Нашы людзі. Яны добрыя, адкрытыя. У большай сваёй частцы. Зь якімі прыемна мець зносіны.

– У любой прафэсіі ёсьць патрыёты. Гледзячы як чалавек да гэтага ставіцца. Я ведаю, што шмат артыстаў, якія атрымліваюць вельмі маленькія заробкі. Усё роўна верныя сваёй радзіме. Будуць сьпяваць у нас.

– Інтэлігенцыя ў асноўным. Гуманітарная.

– Напэўна, настаўнікі беларускай мовы.

– Тэатар. Музыка. Вось гэта патрыёты. Калі ўзяць беларускі наш тэатар. Там такія патрыятычныя п’есы ставяцца. Калі ўзяць нашую музыку, філярмонію. Ці другія якія віды мастацтва, дык гэта ж музыка, якая людзей на добрыя справы натхняе. Дык хіба гэта не патрыятызм.

– Настаўнікі. Таму, што яны выхоўваюць пакаленьне маладое. І ў адказе за яго.

– Настаўнікі. Таму, што яны пагаджаюцца працаваць за мізэрную аплату зь дзецьмі. Нэрвы пастаянныя. Калі ў школе нэрвы трэплюць, пасьля прыбягаеш дахаты. А часьцей настаўнікі ў нас хто? Жанчыны. Там хатнія абавязкі. Грошай не хапае.

– Напэўна, выкладчыкі беларускай мовы і беларускай літаратуры. Людзі якія любяць сваю краіну. Размаўляюць на мове сваёй краіны.

(Анемпадыстаў: ) “Вобраз настаўніка нагадвае вобраз пакутніка. Таксама трэба заўважыць, што палітычныя дзеячы, якія атрымліваюць штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, часам патрапляюць на Акрэсьціна, атрымліваюць гэтыя “суткі”, яны не зьяўляюцца пакутнікамі ў вачах грамадзтва. У той жа час настаўнік, які мае, хаця зараз гэта не зусім так, нізкія заробкі. Настаўнік, сапраўды, гэта пакутнік у вачах грамадзтва беларускага. Так гэта ўсё цяжка і праз нэрвы.

Зь іншага боку, настаўнікі не эмігруюць за межы бацькаўшчыны. Таксама міліцыянты вельмі рэдка эмігруюць. Лесьнікі таксама не эмігруюць. А што тычыцца палітыкаў і пісьменьнікаў, дык яны даволі часта звальваюць за межы радзімы. Можа таксама гэта паўплывала на такія адказы”.

– Напэўна, лесаводы. Яны аб прыродзе клапоцяцца ўсё ж такі. Стараюцца, каб для нас было лепей. Каб было прыгожа.

– Гэта рабочыя. Рабочыя і сяляне.

– Усе беларусы аднолькава патрыёты сваёй радзімы.

– Незалежна ад таго, чым яны займаюцца?

– Незалежна ад гэтага.

– Эканамісты. Таму, што я эканаміст.

– Пісьменьнікі напэўна. Я маю на ўвазе ня тых пісьменьнікаў, якія друкуюцца ў прэсе, найбольш рэйтынгавай. А пісьменьнікі, якія друкуюцца ў забароненых газэтах. Усе тыя, хто друкуецца ў часопісе “Архэ”. Вы самі іх ведаеце.

– МЧС. Людзі, якія штодня рызыкуюць жыцьцём дзеля іншых.

– На заводзе хто працуе. Тыя патрыёты сапраўды. За капейкі працуюць.

(Бартосік: ) “Асабіста мне больш за ўсё спадабаўся адказ пра лесавода. Бо ўсіх тых лесьнікоў, якіх я ведаю асабіста, можна без усялякіх нацяжак і саступак назваць сапраўднымі беларускімі патрыётамі. У чым тут справа? Ці то сапраўдны беларус падсьвядома абірае лес, як найлепшы і гарманічны асяродак для сябе? Ці то сам беларускі лес робіць з чалавека беларускага патрыёта?”

(Анемпадыстаў: ) “Тыя лесьнікі, якіх я ведаю, яны ўсе, у добрым сэнсе, беларускія патрыёты. Хаця яны займаюцца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю. Можа быць, над лесьніком няма вялікай колькасьці начальства. Ён зьяўляецца такім пасярэднікам паміж вышэйшым начальствам і лесам. Ён мае дачыненьне не зь людзкім матэрыялам, а з абсалютна іншай матэрыяй. І ён ня робіць маральных саступак. Бо дрэвам ня трэба хлусіць. Ён даволі чысты чалавек. У яго чыстая праца, вось так можна сказаць. Лясьнік, сапраўды, ён такая сакральная фігура. Чалавек жыве ў лесе, мае зносіны зь лесам. У 39-м годзе гэта была адна зь першых сацыяльных групаў, якіх арыштоўвалі і высылалі ў Сыбір. У Заходняй Беларусі. Так што тут, сапраўды, можа такая завядзёнка з часоў “Новай зямлі”. Можа быць, яшчэ раней… Я тут пагаджаюся, што лесьнікі – гэта патрыёты Беларусі”.

(Бартосік: ) “Ва ўсіх гэтых адказах я заўважыў адну цікавую заканамернасьць. Ніхто зь людзей не назваў ні бізнэсоўцаў, ні чыноўнікаў. Патрыятызм зьвязваўся ў большасьці з працаю за грашы. Я ўпэўнены, сваім сынам і дочкам мае рэспандэнты ад усёй душы жадаюць імклівай кар’еры ды багатага жаніха. Усяго таго, што з патрыятызмам у мінакоў не асацыюецца. Ці ня кажа гэта пра тое, што патрыятызм у нашых людзей зьвязваецца выключна зь дзяцінствам. Як мара стаць пажарным ці капітанам далёкага плаваньня? Таму і пытаньне маё яны ўспрымалі з усьмешкай – як пытаньне дзіцяці”.

(Дубавец: ) У сваіх адказах людзі называлі не пісьменьнікаў, а герояў іхных твораў. Ня дзіўна, што найчасьцей згадваўся настаўнік роднае мовы, вядомы нам яшчэ ад раману Якуба Коласа “На ростанях”, а пасьля шматкроць апеты ў творах іншых аўтараў. Гэта вельмі станоўчы вынік нашага дасьледаваньня хоць бы ўжо таму, што такі самы адказ мы атрымалі б у любой іншай эўрапейскай краіне. Што да лесьніка, дык гэта ў большай ступені наш беларускі патрыёт – ад “Новай зямлі” Коласа і яшчэ раней – з твораў Янкі Лучыны, і яшчэ – з асяродку філяматаў і філарэтаў.

Міліцыянт – гэта, хутчэй за ўсё, савецкі пэрсанаж, бо сёньняшняя беларуская міліцыя – зусім адрозная ад той, якую савецкі паэт Міхалкоў уславіў у сваёй кніжцы пра дзядзю Сьцёпу. Беларускі савецкі міліцыянт у параўнаньні зь сёньняшнім не разганяў мітынгаў, ня браў хабару з кіроўцаў, не сваволіў з праверкамі пашпартнага рэжыму і ніколі публічна не мацярыўся, што рабіла ягоны вобраз у вачох грамадзтва больш-менш сьветлым.

Вельмі пашыраны і пэрспэктыўны ў Беларусі вобраз патрыёта – гэта спартовец. Спартовыя перамогі заўсёды абуджаюць патрыятычныя пачуцьці і гонар за сваю краіну. Аднак і тут адбываецца раздваеньне. Бо ключавы знак спартовага патрыятызму – гэта сымболіка, пад якой дасягаюцца перамогі. Цяперашняя сымболіка савецкай рэспублікі прыніжае статус краіны на міжнародных спаборніцтвах, сярод іншых – незалежных і самадастатковых дзяржаваў. А калі яшчэ на трыбунах побач з прэзыдэнцкімі зьяўляюцца нацыянальныя сьцягі, усё заблытваецца канчаткова.

І яшчэ адна дэталь. Афіцыйная прапаганда зьвязвае патрыятызм з вайною – вялікай айчыннай, другой сусьветнай. Гэта значыць, па ідэі, што людзі мусілі б часьцяком называць беларускімі патрыётамі вайскоўцаў. Але не называюць. Магчыма таму, што сам вобраз беларускага вайскоўца яшчэ ня вырабіўся, не стварыўся. На загад зьверху рэальныя беларускія вайскоўцы ўсяляк імітуюць вайскоўцаў савецкіх, гэта значыць, тых, якіх даўно няма.

Інакш кажучы, прэзыдэнцкая ідэалёгія не стварае ніякіх новых уяўленьняў пра вобраз беларускага патрыёта, але разбурае ўяўленьні традыцыйныя, нацыянальныя. Толькі гэтым можна патлумачыць, што найбольшымі патрыётамі мінакі на менскай вуліцы называюць таксіста і пэнсіянэра або ўхіляюцца ад адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG