Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць гамельчукі пра галадоўку дэпутатаў групы “Рэспубліка”?


Казімер Яноўскі, Гомель Жыхары Гомеля адказваюць на пытаньне тыдня Радыё Свабода: чым можа завяршыцца бестэрміновая галадоўка дэпутатаў Нацыянальнага сходу?

(Хлопец: ) “ Ня ведаю пра галадоўку”.

(Хлопец: ) “А што, галадоўка пачыналася? Мы ў палітыцы ня вельмі дасьведчаныя”.

(Хлопец: ) “Толькі зараз пачуў пра галадоўку”.

(Мужчына: ) “Акцыя Фралова і яго сяброў з фракцыі “Рэспубліка”, на жаль, пазытыўных зьменаў у дзеяньнях рэжыму ня выкліча. Звычайна акцыі апазыцыі застаюцца невядомымі для шырокай грамадзкасьці. Любая акцыя, якую праводзіць апазыцыя ці нейкія незалежныя актывісты, не асьвятляецца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, ці дэзінфармацыі, як дакладней пра іх казаць”.

(Хлопец: ) “Я ня ведаю, па тэлебачаньні не аб`яўляюць”.

(Дзяўчына: ) “Дзяржаўнае тэлебачаньне не паказвае такія рэчы”.

(Хлопец: ) “Я гляджу беларускае тэлебачаньне і нічога пра гэта ня чуў”.

(Пэнсіянэр: ) “А што, яны галадуюць? Ну і няхай галадуюць!”

(Хлопец: ) “Для мяне навіна тое, што вы сказалі”.

(Карэспандэнт: ) “Чым можа завяршыцца бестэрміновая галадоўка дэпутатаў Нацыянальнага сходу”?

(Жанчына: ) “Я думаю, што Лукашэнка пазбавіць іх дэпутацкіх пасадаў у палаце прадстаўнікоў”.

(Хлопец: ) “Ня ведаю нічога пра гэтую галадоўку”.

(Хлопец: ) “Думаю, што яны чагосьці даб`юцца гэтай галадоўкай. Можа, зьмены нейкіх законаў”.

(Хлопец: ) “Бестэрміновая галадоўка можа завяршыцца зьменай заканадаўства так, як патрабуюць дэпутаты, якія цяпер галадаюць”.

(Мужчына: ) “Я зарабляю, каб не галадаць. А калі яны галадаюць, то ім трэба зьвярнуцца да ўрачоў”.

(Мужчына: ) “Я чалавек як быццам бы пісьменны. Але я ня чуў інфармацыі пра тое, што ідзе галадоўка. Для мяне гэта навіна. Калі іх падтрымаюць іншыя дэпутаты, магчыма, зьмены будуць. Але іх вельмі мала. Аўтарытарная дзяржава! Усё вырашае адзін чалавек”.

(Жанчына: ) “Мы займаліся адпраўкай дзяцей ў летні лягер, таму нічога ня ведаем”.

(Мужчына: ) “Нічым галадоўка ня скончыцца. Пасядзяць тыдзень-другі – і спыняць. У нас іншага не атрымліваецца. Вы ня ведаеце, дзе жывяце?”

(Хлопец: ) “Нічога не дамогуцца”.

(Хлопец: ) “Я пра гэта наогул ня думаю: мне да лямпачкі”.

(Хлопец: ) “Нічым добрым ня скончыцца. Будуць далей давіць”.

(Дзяўчына: ) “ Што заканадаўства зьменіцца, я так ня думаю”.

(Жанчына: ) “Паб`юць і выкінуць”.

(Дзяўчына: ) “Галадоўка можа скончыцца тым, што дэпутаты страцяць сваё здароўе. Калі яны і даб`юцца якіх-небудзь вынікаў, то не вялікіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG