Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі прэм’ер Міхаіл Фрадкоў у Менску правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ён сустрэўся таксама са сваім калегам Сяргеем Сідорскім і старшыняваў на паседжаньні савету міністраў саюзнай дзяржавы. Паводле крыніцаў у беларускім урадзе, Міхаіла Фрадкова найперш цікавілі кошты за расейскі газ і за транзыт газу празь Беларусь, праблемы ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі, а таксама пацьверджаньне правоў Расеі на магістральныя нафтаправоды праз тэрыторыю Беларусі.

Свой першы візыт у Беларусь у якасьці прэм’ера расейскага ўраду Міхаіл Фрадкоў пачаў з аптымістычных заяваў у менскім аэрапорце. Ён, у прыватнасьці, сказаў, што “абодва бакі прыкладаюць максымум намаганьняў, каб у найбліжэйшы час знайсьці прымальнае рашэньне па праблемах, якія ёсьць у газавай сфэры”.

Беларусь разьлічвае купляць расейскі газ на 7 даляраў за тысячу кубамэтраў таньней, чым хочуць атрымаць у расейскай дзяржаўнай кампаніі “Газпром”. Кіраўнік кампаніі Аляксей Мілер, дарэчы, прыляцеў у Менск разам зь Міхаілам Фрадковым. Расейцы пагаджаюцца на кошты беларусаў толькі пры ўмове амаль ўдвая таньнейшага транзыту, але з гэтым ужо нязгодны беларускі бок. Перамовы па газавай праблеме дагэтуль працягваюцца.

У першай палове дня Міхаіла Фрадкова прыняў Аляксандар Лукашэнка, а пасьля гэтага з расейскім прэм’ерам сустракаўся ягоны беларускі калега Сяргей Сідорскі. Пра сустрэчу Фрадкова з Лукашэнкам прэсавая служба паведаміла, што іх размова ў асноўным прысьвячалася беларуска-расейскай інтэграцыі. Аляксандар Лукашэнка сказаў расейскаму прэм’еру, што дамовіўся з Уладзімерам Пуціным займацца толькі тымі пытаньнямі, якія ўваходзяць ў кампэтэнцыю прэзыдэнтаў, іншае пакінуць падначаленым.

(Лукашэнка: ) “Мы дамовіліся, што ў гэтыя пытаньні ўлазіць ня будзем. Гэта канцэптуальная рэч”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Засталося, аднак, невядома, ці ўваходзяць кошты на газ у пералік пытаньняў, у якія ня будуць “улазіць” прэзыдэнты.

Міхаіл Фрадкоў даў Аляксандру Лукашэнку наступнае абяцаньне:

(Фрадкоў: ) “У атмасфэры сяброўства і пабудовы саюзнай дзяржавы мы, на ўзроўні ўрадаў, закліканыя прагматычна ставіцца да пытаньняў і сапраўды знаходзіць іх рашэньні. У гэтым сэнсе мы сёньняшняе паседжаньне будзем спрабаваць разгарнуць на… з такім вось падыходам”.

У якое ж рэчышча ўдалося Міхаілу Фрадкову павярнуць паседжаньне саўміну саюзу Беларусі й Расеі? Паводле афіцыйных крыніцаў, бакі абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў нафтагазавай сфэры, увядзеньне адзінай рублёвай зоны і лёс расейскай маёмасьці на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасьці, расейскі бок імкнецца падпісаць дамову аб пацьверджаньні ўласнасьці Расеі на магістральныя нафтаправоды, якія ідуць празь Беларусь.

Між тым, да 16-й гадзіны дня паведамленьня пра заключэньне дамовы з “Газпромам” не паступала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG